На Міншчыне канферэнцыя педагагічных работнікаў праходзіла на працягу двух дзён і ўмоўна складалася з “рабочай” і “святочнай” частак. Тэма галоўнага педагагічнага форуму года — “Адукацыя і развіццё: ад вынікаў да сацыяльных эфектаў”. Як падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак, тэма сфармулявана менавіта так, бо неабходна не толькі ўбачыць, што адбываецца ўнутры сістэмы адукацыі, але і ацаніць, як яна рэагуе на патрабаванні грамадства і якіх сацыяльных эфектаў удалося дасягнуць, вырашаючы задачы ўнутры сістэмы. У мерапрыемствах прынялі ўдзел кіраўнік Мінскай вобласці Сямён Барысавіч Шапіра, а таксама першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Богуш.
Мерапрыемствы першага дня праходзілі ў два этапы. Спачатку на базе 6 абласных рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій дзейнічалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе ў рэжыме вэбінараў і вочных сустрэч працавалі прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці: кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі, спецыялісты аддзелаў адукацыі і вучэбна-метадычных кабінетаў. Па матэрыялах даклада начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, які быў загадзя накіраваны ў раёны для вывучэння, на інтэрактыўных пляцоўках правялі аналіз вынікаў работы ўстаноў адукацыі за мінулы навучальны год, вызначылі задачы на год наступны з улікам спецыфікі раёнаў, а таксама падзяліліся вопытам работы па актуальных кірунках. Так, у рэсурсным цэнтры “Прысталічча”, які аб’яднаў педагогаў Дзяржынскага, Мінскага і Пухавіцкага раёнаў, абмеркавалі актуальныя мэты і задачы падчас дыскусіі і работы адкрытага мікрафона, пасля чаго абмяняліся вопытам работы за круглым сталом, у педагагічнай гасцёўні і “сусветным” кафэ.
Другім этапам работы ў першы дзень стала правядзенне абласнога педагагічнага савета, які прайшоў у рэжыме відэаканферэнцыі. На відэасувязь з галоўнай студыяй, што размясцілася ў зале пасяджэнняў Мінаблвыканкама, выйшлі ўсе раёны вобласці. Каля 1100 спецыялістаў узялі ўдзел у прафесійным дыялогу. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіла Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, якая звярнула ўвагу на ключавыя моманты даклада і паставіла шэраг задач, якія педагагічным работнікам вобласці неабходна будзе вырашаць у новым навучальным годзе. З выступленнямі да ўдзельнікаў відэаканферэнцыі звярнуліся Святлана Васіль-еўна Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мікалай Сцяпанавіч Фяськоў, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, Валянціна Васільеўна Гінчук, намеснік дырэктара НІА па навукова-метадычнай рабоце, Аляксандра Мікалаеўна Пятрова, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА. У спецыялістаў, якія працавалі ў раённых студыях, была магчымасць задаць пытанні ўдзельнікам канферэнцыі падчас работы адкрытага мікрафона.
Калі першы дзень работы канферэнцыі быў прысвечаны вырашэнню надзённых пытанняў, пастаноўцы задач на новы навучальны год, то задачай другога дня было пада-рыць педагогам натхненне і добры настрой на работу. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ў Слуцку. На плошчы ля гарадскога Дома культуры адбылася інтэрактыўная прэзентацыя дасягненняў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці за мінулы навучальны год.
На пляцоўцы “Мой прафесійный выбар” навучэнцы і супрацоўнікі лепшых устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзілі майстар-класы, частавалі ўласнаручна прыгатаванымі прысмакамі, расказвалі пра творчыя і даследчыя праекты. Рэцэпты летніх напіткаў прэзентаваў Капыльскі дзяржаўны каледж, смачныя бліны прапаноўвалі навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Майстры з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа вучылі ствараць вытанчаныя кветкі з цукровай масцікі, а іх калегі з Барысава арганізавалі нават міні-палігон па валцы лесу. Інтэрактыўная пляцоўка “Лета на Міншчыне” нагадала пра самыя яркія падзеі, што адбыліся ў летніх лагерах. Навучэнскія бізнес-кампаніі дэманстравалі свае дасягненні падчас выставы-продажу. Многія з іх падрыхтаваліся спецыяльна да пачатку новага навучальнага года, напрыклад, вырабілі сувенірныя пернікі, прысвечаныя гэтай падзеі. Інтэрактыўная пляцоўка “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” прэзентавала навучанне асновам робататэхнікі і праграмавання з дапамогай абсталявання LEGO, выкарыстанне дыстанцыйных форм навучання ў дадатковай адукацыі дарослых. На пляцоўцы “Крокі да вяршыні” можна было пазнаёміцца з работамі пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а таксама з інтэрактыўным адукацыйным праектам “Літаратурны турызм: з кнігай па краінах і кантынентах”. А тых, хто стаміўся ад вандроўкі па пляцоўках, запрашала літаратурнае кафэ “Чытаем па-беларуску”, дзе можна было адпачыць і атрымаць інтэлектуальную асалоду.
Пазнаёміцца з дасягненнямі і прафесійнымі вынаходкамі педагогаў маглі шматлікія ганаровыя госці, якія прыехалі ў Слуцк.
Працягам канферэнцыі стала ўрачыстая цырымонія, што адбылася ў актавай зале гарадскога Дома культуры. Госці свята паглядзелі відэафільм аб сістэме адукацыі Мінскай вобласці. Самымі шчырымі словамі педагогаў віталі С.Б.Шапіра, В.А.Богуш, Г.М.Казак. Вадзім Анатольевіч выказаў словы падзякі педагагічным калектывам і пажадаў калегам творчых поспехаў. “Мы разумеем, што не проста рыхтуем прафесіяналаў сваёй справы, але і грамадзян, патрыётаў сваёй краіны. Мы не толькі даём веды, але і выхоўваем. І ў гэтым вопыт беларускай школы вялікі і варты павагі, — звярнуўся да прысутных першы намеснік міністра адукацыі і дадаў: — Я хачу сказаць дзякуй усім работнікам сістэмы адукацыі. Без вашага ўкладу ў агульную справу ў нас не было б дастойных вынікаў. І толькі разам з вамі мы можам забяспечыць рух наперад”.
У педагагічную сям’ю ўрачыста прынялі новых яе членаў — маладых спецыялістаў. Не забыліся і пра тых, хто ў гэтай сям’і даўно, — ушанаванне ветэранаў педагагічнай працы стала важнай часткай мерапрыемства. Кранальным момантам было знаёмства з педагагічнымі сем’ямі, якія працуюць у Мінскай вобласці: на сцэну выйшлі сямейныя пары педагогаў, якія ідуць поруч па жыцці. Некаторыя з іх разам ужо некалькі дзесяцігоддзяў, а некаторыя — некалькі дзён. Калегі таксама парадаваліся за педагогаў, якія на сцэне атрымалі заслужаныя ўзнагароды за сваю плённую працу, а завяршыў свята канцэрт — сваімі выступленнямі педагогаў віталі іх юныя выхаванцы. Педагогі пакідалі Слуцк з радаснымі ўсмешкамі і добрым настроем, і менавіта з такім настроем яны збіраюцца ўвайсці ў класы 1 верасня.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.