Ад захаплення да прафесіі

- 12:09Актуально, Апошнія запісы, Рознае

НДЦ “Зубраня” трэці раз сабраў навучэнцаў школ, для якіх гульня “ў школу” перарасла ў сапраўднае захапленне. Галоўная задача педагагічнай змены — каб гэтае захапленне праз некалькі гадоў перарасло ў прафесію. 280 старшакласнікаў з усёй краіны сабраліся разам, каб далучыцца да галоўнага свята настаўнікаў і яшчэ бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй.

Каб трапіць на гэтую змену, хлопцам і дзяўчатам недастаткова было толькі жадання. У першую чаргу ў “Зубраня” запрасілі тых, хто паказаў добрыя вынікі ў Рэспубліканскім конкурсе эсэ пра педагагічную прафесію, а таксама навучэнцаў педагагічных класаў гімназіі № 20 Мінска, лідараў школьнага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў, якія збіраюцца сваё жыццё звязаць менавіта з педагагічнай справай.
— У змене рэалізоўваецца адукацыйная праграма “Мадэль кампетэнтнасці: педагагічныя здольнасці”, — гаворыць Алег Уладзіміравіч Юшкевіч, метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы НДЦ “Зубраня”. — Галоўная яе задача — пазнаёміць дзяцей з тымі правіламі і патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да педагагічнай прафесіі. І мы імкнёмся не проста расказаць, што, каб стаць добрым спецыялістам, трэба мець арганізатарскія, творчыя, чалавечыя, камунікатыўныя, аналітычныя і іншыя якасці, а ў кожным дзіцяці іх раскрыць. Праводзім сярод удзельнікаў змены і тэматычныя творчыя конкурсы — педагагічных планаў, педагагічных эсэ. Праходзяць і спартыўныя конкурсы, спаборніцтвы, інтэлектуальныя гульнявыя методыкі, творчыя трэнінгі, інтэрактыўныя прагулкі, экскурсійныя праграмы.
На гэтым тыдні для ўдзельнікаў змены прайшлі галоўныя падзеі. Серада была Днём Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Далучыліся да ўдзельнікаў па 20 старшакласнікаў з Мядзельскага, Вілейскага, Маладзечанскага, Валожынскага раёнаў, таксама арыентаваных на педагагічныя спецыяльнасці. За святочны настрой адказвала група студэнтаў: 40 чалавек падрыхтавалі насычаную творчую праграму. Усе пытанні, якія турбуюць старшакласнікаў, яны задалі рэктару ўніверсітэта Аляксандру Іванавічу Жуку і прарэктару Святлане Іванаўне Копцевай падчас круглага стала. Пытанні тычыліся асаблівасцей правядзення экзаменаў, праблем і перспектыў галіны, цікавіліся школьнікі і асабістым шляхам Аляксандра Іванавіча ў прафесію. Вынікам гэтай сустрэчы стала падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве НДЦ “Зубраня” і БДПУ імя Максіма Танка ў прафарыентацыі абітурыентаў, прадастаўленні месцаў педагагічнай практыкі з боку “Зубраняці” і падрыхтоўцы працоўных кадраў для “Зубраняці” ва ўніверсітэце.
зубр 2Учора прайшло вялікае педагагічнае свята “Сэрца аддаю дзецям”. У ім прынялі ўдзел лепшыя педагогі краіны, прадстаўнікі педагагічных дынастый і ўсіх педагагічных навучальных устаноў краіны, а таксама старшакласнікі з Ашмяншчыны, Смаргоншчыны, Астравеччыны. Падчас медыякірмашу — прэзентацый УВА — навучэнцы змаглі бліжэй пазнаёміцца з выбранымі для паступлення ўстановамі і задаць пытанні іх выкладчыкам. Круглы стол “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця” з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь дапамог яго ўдзельнікам яшчэ раз пераканацца ў важнасці прафесіі, з якой многія з іх ужо вызначыліся.
— Прыемна адзначыць, што дзеці з кожным годам прыязджаюць да нас на змену ўсё больш матываваныя на паступленне менавіта ў педагагічныя навучальныя ўстановы, — гаворыць дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. — Асабліва гэта адчуваецца сёлета, калі ўпершыню да нас прыехалі навучэнцы педагагічных класаў гімназіі. Але практыка іх стварэння толькі-толькі набірае абароты. І я спадзяюся, што ў далейшым мы будзем і сярод навучэнцаў педагагічных класаў праводзіць конкурс, па выніках якога яны будуць удзельнікамі нашых тэматычных змен.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.