Ад Зэльвы да Зэльвы праз Беларусь

- 12:07Навіны рэгіёнаў

Штогод летам установы адукацыі запрашаюць на аздараўленчыя пляцоўкі. Выдатнай формай адпачынку ў сярэдняй школе № 2 Зэльвы стаў турыстычна-краязнаўчы лагер “Беларусічы”, члены якога вандравалі па роднай краіне на цягніку, праехаўшы больш за 1500 кіламетраў. За некалькі дзён юнакі і дзяўчаты наведалі Полацк, Віцебск, Оршу, Магілёў. І не проста наведалі, а паспелі падрабязна пазнаёміцца з гістарычнай і культурнай спадчынай Віцебшчыны і Магілёўшчыны, помнікамі архітэктуры, этнаграфічнымі і прыроднымі аб’ектамі.

Для таго, каб падарожжа атрымалася ўдалым і прынесла шмат прыемных хвілін, патрэбна вялікая падрыхтоўчая работа, якая і была праведзена. Маршрут “Зэльва — Полацк — Віцебск — Орша — Магілёў — Асіповічы — Зэльва” “вымаляваўся” сам сабой, як толькі мы звярнуліся да карты Беларусі. Юнакі і дзяўчаты атрымалі заданне знайсці інфармацыю пра гарады, у якіх планавалася пабываць, вызначыць аб’екты, якія неабходна абавязкова наведаць. Хацелася, каб падарожжа не звялося толькі да агляду помнікаў архітэктуры. Быў створаны экскурсійны савет, размеркаваны абавязкі па падрыхтоўцы падарожных даведак і інфармацыі па месцах вандроўкі.

Падарожжа пачалося з чыгуначнай станцыі Зэльвы, адкуль на цягніку “Гродна — Санкт-Пецярбург” мы накіраваліся да Віцебска. Віцебскі ранак сустрэў добрым надвор’ем. Але ў гэтым горадзе мы не затрымаліся, а рушылі далей, у Полацк. Менавіта там планавалі спыніцца на першы начлег у Доме турыста. І вось, пераадолеўшы яшчэ каля сотні кіламетраў, мы аказаліся ў славутым старажытным Полацку. Да Дома турыста, размешчанага на ўскрайку горада, дабраліся хвілін за пятнаццаць. Ветлівыя і гасцінныя жыхары Полацка на ўсе пытанні давалі вычарпальныя адказы і нават гатовы былі правесці ў патрэбным кірунку.

Заблукаць у Полацку складана: усе цэнтральныя вуліцы размешчаны паралельна і перпендыкулярна, і большасць з іх вядзе да набярэжнай Заходняй Дзвіны. Першым аб’ектам агляду стаў Богаяўленскі сабор — праваслаўная царква на правым беразе Заходняй Дзвіны, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Сёння гэта дзеючы кафедральны сабор Полацкай і Глыбоцкай епархіі. Насупраць, літаральна дзверы ў дзверы, знаходзяцца ў адным будынку Музей беларускага кнігадрукавання і Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, дзе нас ужо чакалі з экскурсіяй. Музеі размешчаны ў будынку былой Брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра і адкрыты 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Экспазіцыя размяшчаецца ў 15 залах, на двух паверхах дэманструецца 2500 экспанатаў, самую вялікую частку якіх складаюць кнігі. У музеі ўзноўлена майстэрня па перапісванні кніг (скрыпторый) і паказаны працэс кнігадрукавання ў розныя часы. Удзячныя экскурсанты пакінулі свае пажаданні ў кнізе водгукаў.

Далей наш шлях ляжаў да Сафійскага сабора. Сёння ў саборы працуе Музей гісторыі архітэктуры храма і праводзяцца арганныя канцэрты. На жаль, нам не давялося пачуць чароўныя гукі велічнага інструмента. На тэрыторыі ля храма ляжыць Барысаў камень — манументальны помнік эпіграфікі XII стагоддзя. Каля сабора размешчана карта, на якой адлюстраваны ўсе знакавыя месцы Полацка. Вывучыўшы яе, мы адправіліся на праспект Францыска Скарыны, які працягнуўся амаль на кіламетр паралельна Дзвіне. Спыніліся ля помніка літары Ў, памятнага знака “Геаграфічны цэнтр Еўропы”, дайшлі да помніка Францыску Скарыну і завіталі ў сквер, дзе размешчаны помнік Сімяону Полацкаму. Адпачыўшы ля фантана, вярнуліся на цэнтральную плошчу горада, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра абаронцаў Полацка ля аднайменнага мемарыяла. Канечне ж, падышлі да помніка Ефрасінні Полацкай. Ён знаходзіцца ў цэнтры на скрыжаванні вуліц, адна з якіх вядзе да Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, дзе захоўваюцца мошчы Прападобнай. Манастыр стаў апошнім пунктам нашага падарожжа па старажытным горадзе. Так скончыўся першы дзень. Стомленыя, але акрыленыя ўбачаным, мы вярнуліся ў Дом турыста, каб з раніцы з новымі сіламі адправіцца далей.

Новы дзень прынёс пахмурнае надвор’е і дожджык, які, аднак, не стаў для нас перашкодай і не сапсаваў настрой. Падсілкаваўшыся і развітаўшыся з гаспадарамі Дома турыста, мы рушылі да новых адкрыццяў: наперадзе чакаў Віцебск. Дзве гадзіны праляцелі хутка — і вось перад намі вакзальная плошча горада, які сустрэў яркімі промнямі. Як заўважыла выхавальнік лагера Караліна Аляксандраўна Багдановіч, Полацк развітваўся з намі, таму “плакаў”, а Віцебск рады нашаму прыезду, таму і сонейка нам усміхаецца.

Гістарычны цэнтр уразіў велічнасцю храмаў і прыгажосцю пейзажаў. Калі падышлі да Кіраўскага маста праз Дзвіну, з якога цэнтральная частка Віцебска як на далоні, то заўважылі, што нечым ён нагадвае Гродна: амаль такія ж узгорачкі. Праз Пушкінскі мост рушылі да гарадской Ратушы. Гэты пешаходны мост цераз Віцьбу пабудаваны ў 1961 годзе. Першы мост на гэтым месцы (толькі на 30—40 метраў бліжэй да вусця Віцьбы) з’явіўся яшчэ ў 1860—1870-х гадах. У будынку Ратушы сёння знаходзіцца Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Яго мы наведалі бясплатна: аказалася, што 15-га чысла кожнага месяца музей прымае наведвальнікаў, не патрабуючы за гэта грошай. У фондах музея — матэрыялы археалагічных раскопак, калекцыі нумізматыкі, зброі, старадрукаваныя кнігі, прылады працы і прадметы побыту XVIII—XX стагоддзяў, матэрыялы аб дзейнасці палітычных партый на Віцебшчыне, падзеях рэвалюцый. Уражвае раздзел экспазіцыі аб Вялікай Айчыннай вайне. Дзяўчатам вельмі спадабалася выстава “Мода з камода”, дзе былі прадстаўлены прадметы адзення, касметыкі, біжутэрыі мінулага. А раздзел “Прырода Віцебшчыны” зацікавіў усіх членаў лагера.

Падчас пешай экскурсіі па горадзе мы даведаліся многа цікавага пра мастака Марка Шагала і яго настаўніка Юдаля Пэна. Спыніліся ля Успенскага сабора, Узнясенскай царквы і Храма Дабравешчання — самага старажытнага ў горадзе. Помнік майстру-шаўцу — таксама знакавы для Віцебска: менавіта ў гэтым горадзе выпускаецца знаёмы ўсім беларусам абутак “Марка”. Развітаўшыся з экскурсаводам, мы рушылі да Дома-музея М.Шагала, экспазіцыі якога прысвечаны жыццю і творчасці вядомага мастака. І, канечне ж, сфатаграфаваліся ля помніка гэтаму знакамітаму віцябляніну.

Зноў нядоўгі пераезд — і вось мы ўжо ў Оршы. Каб не губляць часу, зноў пакідаем рэчы ў камеры захоўвання. Орша — радзіма Уладзіміра Караткевіча, таму наша наведванне горада звязана найперш з гэтым беларускім пісьменнікам. Едзем да вуліцы Леніна, дзе рашэннем Аршанскага выканаўчага камітэта 26 лістапада 2000 года ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча быў адкрыты музей. Размяшчаецца ён у доме — помніку архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Аповед пра пісьменніка вяла загадчыца музея Ліна Гатоўская, чалавек апантаны сваёй працай, які ведае пра Караткевіча “ўсё і болей!” і можа гаварыць пра яго гадзінамі. У гэтым мы змаглі пераканацца ў час экскурсіі. Эмацыянальныя словы экскурсавода знайшлі водгук у сэрцах наведвальнікаў. У экспазіцыі вылучаны тэматычныя раздзелы, у якіх выразна прадстаўлены творчы і асабісты лёс пісьменніка. Тут экспануюцца асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, аўтабіяграфія У.Караткевіча, арыгінальныя рукапісы, сяброўскія шаржы, малюнкі пісьменніка, кнігі з дароўнымі подпісамі, выказванні і лісты сучаснікаў. Даведаўшыся, што мы з Гродзеншчыны, загадчыца музея была ўражана тым, як далёка мы забраліся ад дома, і дзякавала, што цікавімся спадчынай Караткевіча. Паўтары гадзіны праляцелі імгненна. Нам засталося толькі наведаць дзіцячы парк, дзе ўстаноўлены помнік Уладзіміру Караткевічу, што мы і зрабілі.

Дзень на зыходзе, і мы вяртаемся на вакзал па рэчы, каб накіравацца ў Аршанскі раённы цэнтр фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, дзе нас чакаюць мяккія ложкі. Не забываем пра вячэру! Як жа без яе! Надвор’е, якое радавала нас на працягу дня, імкліва мяняецца. За вокнамі бліскавіцы, раскаты грому разрываюць неба, суцэльнай сцяной лье дождж. Што прынясе нам наступны дзень — невядома. Але мы настроены на пазітыў, дзелімся ўражаннямі і “гатовы пакараць новыя вяршыні”.

…Дэжавю. Аршанскі ранак, як дзве кроплі вады, падобны да полацкага: такое ж пахмурнае неба і гэтаксама накрапвае дожджык. Гэта ўсяляе аптымізм. Хай і гэты дзень будзе плённым на адкрыцці, як і ўчарашні. Да адыходу цягніка яшчэ ёсць час, таму гуляем па прывакзальнай плошчы. Спыняемся ля помніка Канстанціну Заслонаву — камандзіру партызанскага атрада і брыгады, які з кастрычніка 1942 года стаў камандуючым усімі партызанскімі сіламі аршанскай зоны. А ў 1941 годзе пад Оршай адбылося адно з першых прымяненняў у баі знакамітай “Кацюшы”. Помнік першаму залпу гэтай устаноўкі знаходзіцца на вуліцы Камсамольскай. Цікава ведаць таксама, што Орша — буйны чыгуначны і аўтамабільны вузел не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.

З Оршай мы развітваемся, каб прывітаць Магілёў. І тут нам зноў шчасціць: неба яснае, ні хмурынкі! Наведванне самога горада ў нашы планы не ўваходзіць. Мы едзем у вёску Буйнічы, што побач з Магілёвам, дзе і правядзём гэты дзень. Дарога на маршрутцы займае дзесьці трыццаць хвілін. Мы выходзім на прыпынку ля мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”, у гэтым месцы ў Вялікую Айчынную вайну адбываліся жорсткія баі. Падчас бітвы 13—14 ліпеня на полі знаходзіўся карэспандэнт газеты “Известия” пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Героі Магілёўскай абароны паслужылі прататыпамі герояў яго трылогіі “Жывыя і мёртвыя”. Паводле завяшчання Сіманава, яго прах развеяны над Буйніцкім полем. Аб гэтым сведчыць памятны знак, устаноўлены на тэрыторыі мемарыяла. У склад Мемарыяльнага комплексу таксама ўваходзяць капліца, мармуровы знак, прысвечаны воінам і народным апалчэнцам, абеліск на брацкай магіле і ўзоры баявой тэхнікі. У гэтым месцы не трэба лішніх слоў: кожны думае пра сваё і ўшаноўвае маўчаннем памяць пра змагароў Вялікай Перамогі.

Далей нас чакае Магілёўскі заасад, што размясціўся злева ўздоўж Дняпра на плошчы 124 га. Па перыметры заасада абсталяваны пешаходны маршрут, маюцца назіральныя пляцоўкі. Прыемна ўражвае першы жыхар заасада: буры мядзведзь Федзя быццам сышоў з казачнай старонкі — такі ж ладны, прыгожы, сапраўдны акцёр. Асноўную частку заасада займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў. Акрамя таго, у заасадзе пасяліліся ўсурыйскі тыгр, высакародны алень, рысь, вярблюд, страусы… Усіх і не злічыць! Фішка гэтага месца — чыгунка, якая пачала функцыянаваць вясной 2009 года. Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/гадз. на дарозе працягласцю 2 кіламетры. Падарожжа дазваляе бліжэй пазнаёміцца з насельнікамі заасада: белавежскімі зубрамі, еўрапейскімі ланямі і плямістымі аленямі, якія жывуць там цэлымі статкамі. Асабліва мілымі былі маленькія зубраняты, якія разам са сваімі матулямі прагульваліся ўздоўж чыгункі. Побач з заасадам размясціўся стылізаваны комплекс “Этнаграфічная беларуская вёска” — музей пад адкрытым небам. Ужо даўно час падсілкавацца! Хтосьці заказвае аладкі з варэннем, іншыя аддаюць перавагу дранікам са смятанай. Смаката!

Мы развітваемся з гасцінным Магілёвам. Час адпраўляцца дадому. Нас чакае перасадка ў Асіповічах. І вось ужо цягнік “Гомель — Гродна” вязе нас у родныя мясціны. На пытанне настаўнікаў, які горад спадабаўся найбольш, усе аднагалосна адказалі — Віцебск. Відаць, таму, што нагадвае Гродна! Але ж і іншыя гарады ўразілі сваёй непаўторнасцю і гасціннасцю. Праходзіць ноч, і мы зноў на тым жа пероне, з якога пачыналася наша падарожжа. Мы не развітваемся, а гаворым “да пабачэння”, каб у наступным годзе адправіцца ў новую вандроўку.

Наталля СТУПЧЫК,
дырэктар турыстычна-краязнаўчага лагера “Беларусічы” сярэдняй школы № 2 Зэльвы.
Фота аўтара.