Аддаюць сябе дзецям

- 12:15Навіны рэгіёнаў

Актыўныя, мэтанакіраваныя, творчыя — менавіта такія педагогі дадатковай адукацыі працуюць у Магілёўскім абласным цэнтры творчасці. У гэтым пераконвалі ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства, які кіраўніцтва цэнтра арганізавала сярод сваіх супрацоўнікаў.

Гэтыя спаборніцтвы ладзяцца з мэтай распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту, пошуку новых ідэй па абнаўленні зместу адукацыйнага працэсу і, вядома, для выяўлення таленавітых педагогаў. Традыцыйна ўдзел у конкурсе прымаюць прадстаўнікі кожнага з аддзелаў Цэнтра творчасці. Сёлета за званне лепшага ў сваёй справе спаборнічалі сем канкурсантаў.

Для ўдзельнікаў быў прадугледжаны шэраг няпростых заданняў. Журы прапанавала ім правесці адкрытыя заняткі са сваімі і незнаёмымі навучэнцамі, прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, прадэманстраваць майстар-клас па іх кірунку дзейнасці, а таксама прадставіць уласны адукацыйна-метадычны комплекс.

Лідараў вызначыла апошняе заданне — самапрэзентацыя “Знаёмцеся — гэта я!”. На сцэне канкурсанты прадстаўлялі свае педагагічныя ідэі, раскрывалі жыццёвыя прынцыпы, адносіны да прафесіі. Выступленні былі абсалютна рознымі, аднак іх аб’ядноўвала агульная адметнасць. Усе педагогі апантаны працай, у літаральным сэнсе аддаюць сябе, свае сэрцы дзецям, імкнуцца да выяўлення і раскрыцця іх талентаў.

— Праца педагогаў дадатковай адукацыі вельмі значная і няпростая. Кожны канкурсант са сваёй галоўнай задачай — раскрыццём здольнасцей дзяцей — спраўляецца цудоўна, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка.

Судзейскай камісіі давялося ладна параіцца, вызначаючы пераможцу. У выніку з невялікім адрывам ад астатніх педагогам года абласнога Цэнтра творчасці была названа выкладчык матэматычных уяўленняў школы развіцця “Ступенькі” Святлана Букачова. Узнагароды атрымалі таксама педагогі, якія сталі лаўрэатамі конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.