Адкрыць новую старонку не толькі дружалюбных сувязей, але і гандлёва-эканамічных адносін паміж рэгіёнамі

- 11:31Інфармацыйная гадзіна

Развіццё міжрэгіянальных сувязей умацуе адносіны Беларусі і Францыі. Такое меркаванне выказаў у Брэсце старшыня групы дружбы “Беларусь — Францыя” Нацыянальнага сходу Францыі Крыстоф Лежон.

Паводле слоў парламентарыя, бакі маюць перспектывы супрацоўніцтва ў розных сферах, у тым ліку высокіх тэхналогіях, турызме, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы. “Нам трэба развіваць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. Восенню ў Мінску плануецца арганізаваць эканамічны форум. Важна, што там прадпрыемствы свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, прадпрымальнікі з Брэсцкай вобласці змогуць пазнаёміцца з французскімі бізнесменамі. Будзем садзейнічаць, каб іх як мага больш удзельнічала ў мерапрыемстве. Устанаўленне міжрэгіянальных кантактаў паспрыяе развіццю двухбаковых адносін Беларусі і Францыі”, — лічыць Крыстоф Лежон.

Прадстаўнікі французскай дэлегацыі правялі сустрэчу ў Брэсцкім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, дзе абмяркоўваліся планы больш кропкавага ўзаемадзеяння. Генеральны дырэктар рэгіянальнага аддзялення БелГПП Валерый Лабун выказаў зацікаўленасць ва ўстанаўленні сувязей з падраздзяленнямі гандлёва-прамысловай палаты Францыі. “Гэта можа быць Брэст, Ліён, Страсбург. Знаёмства дасць магчымасць адкрыць новую старонку не толькі дружалюбных сувязей, але і гандлёва-эканамічных адносін паміж рэгіёнамі”, — выказаў упэўненасць ён.