Адкрыццё малой радзімы

- 11:05Навіны рэгіёнаў

Другі год запар на базе Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна, якая з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, праводзіўся фестываль інавацыйных педагагічных ідэй “Адкрыццё”.

Сёлета ён сабраў больш за 100 удзельнікаў са школ Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў. Фэст накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва ў педагагічным асяроддзі, выяўленне і падтрымку таленавітых, актыўных педагогаў і навучэнцаў. Ён праводзіцца з мэтай абагульнення, прадстаўлення і трансляцыі інавацыйнага прафесійнага вопыту.

За 2 фестывальныя дні прадстаўнікі ўстаноў адукацыі абаранілі свае праекты, у творчай форме падзяліўшыся вопытам працы, прадэманстравалі на выставе разнастайныя прадукты інавацыйнай дзейнасці, правялі майстар-класы.

У Крынічанскай школе ў гэтым годзе завяршаецца работа над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі дзіцяча-дарослай агульнасці як механізма фарміравання новых сацыяльных практык у адукацыйнай прасторы рэгіёна”. Якая ж дзейнасць хаваецца за складанай назвай? Навучэнцы расказалі, што над стварэннем прадстаўленых прадуктаў інавацыйнай дзейнасці 3 гады працавалі і яны самі, і іх бацькі, і педагогі ўстановы. Пачыналася работа з вывучэння легенд і гісторыі роднага пасёлка. Былі адабраны, апрацаваны і ілюстраваны самыя цікавыя з іх. Затым старанна вывучылі флору і фаўну сваёй мясцовасці. Вынікам гэтага стала стварэнне Чырвонай кнігі расліннага і жывёльнага свету пасёлка Крынічны. Хлопчыкі і дзяўчынкі, успамінаючы, як вялася работа, з усмешкай адзначылі, што бліжэй пазнаёміліся і з задавальненнем пагутарылі са многімі жыхарамі пасёлка. Далей пасёлак вывучаўся літаральна ўздоўж і ўпоперак. Знаёмячыся бліжэй з работай “Рэкорды Крынічнага”, можна даведацца аб самай доўгай і самай кароткай вуліцы, найбольш заселенай ці самай важнай, а таксама самай зялёнай. Акрамя таго, шмат сабрана цікавай інфармацыі і пра людзей пасёлка: хто быў першым яго жыхаром, хто найстарэйшы, а хто — самы маленькі. Таксама ўдзельнікі праекта падрабязна вывучылі гісторыю сваёй школы з часу яе адкрыцця, падлічылі, колькі медалістаў выйшла з яе сцен, пазнаёміліся з усімі кіраўнікамі і выдатнымі педагогамі, якія працавалі ў школе, і даведаліся яшчэ нямала цікавых фактаў. Напрыклад, бя-розавая алея, якая прывычна цешыць погляд мясцовых жыхароў і прыгажосць якой абавязкова адзначаюць усе госці пры ўездзе ў пасёлак, была пасаджана першымі выпускнікамі школы 1975/1976 навучальнага года.

Быў распрацаваны цыкл класных гадзін, мэта якіх — пашырэнне і паглыбленне ведаў пра гісторыю, культуру і інфраструктуру роднага краю, гісторыю і традыцыі школы, знаёмства з людзьмі, якія ўславілі пасёлак Крынічны. У рамках работы над праектам створаны віртуальны музей вядомага навукоўца-генетыка акадэміка П.Ф.Ракіцкага. Апошні год вялася работа над міні-праектамі “Крынічны — куток Мазыршчыны”, “Вядомыя людзі пасёлка Крынічны” і “Педагагічныя дынастыі”. Быў распрацаваны экскурсійны тур “Крынічны — наша малая радзіма”, з дапамогай якога можна здзейсніць завочную экскурсію па самых прыгожых мясцінах пасёлка, пазнаёміцца з помнікамі прыроды, размешчанымі на яго тэрыторыі, акунуцца ў гісторыю мясцовых прадпрыемстваў.

Бацькі разам са сваімі дзецьмі прадстаўлялі прадпрыемствы, на якіх працуюць ужо шмат гадоў, расказалі аб асноўных напрамках работы, прадукцыі і перспектывах атрымання працоўных месцаў для будучых выпускнікоў.

Як бачым, інавацыйны праект — даволі цікавая работа. Такая дзейнасць цалкам адпавядае палітыцы дзяржавы ў Год малой радзімы, выхоўвае чалавека духоўна багатага, які з павагай ставіцца да навакольных, гісторыі і прыроды роднага краю, сваёй нацыянальнай культуры.

Фестываль набывае ўсё больш сяброў, колькасць удзельнікаў, якія трансліруюць інавацыйны вопыт, павялічваецца з кожным годам. Пастаяннымі гасцямі яго з’яўляюцца навуковыя кансультанты інавацыйных праектаў. Як адзначыў намеснік дырэктара філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Рэсурсны цэнтр “ЭкаТэхнаПарк — Волма” член экспертнага савета фестывалю Аляксей Воранаў, інавацыйная дзейнасць дазваляе фарміраваць функцыянальную дасведчанасць навучэнцаў, спрыяе іх паспяховай сацыяльнай адаптацыі.

Таццяна ГОЛУБ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.