Адкрыты новы дзіцячы сад

- 15:57Навіны рэгіёнаў
У апошнія гады намецілася станоўчая тэндэнцыя павышэння нараджальнасці. Аднак у сувязі з недахопам дашкольных устаноў уладкаванне малога ў дзіцячы сад часам становіцца праблемай. Таму нядзіўна, што адкрыццё новых дашкольных устаноў ператвараецца ў сапраўднае свята для ўсяго горада. Менавіта такое свята, прымеркаванае да ўрачыстага адкрыцця новага дзіцячага сада, адбылося нядаўна ў Бабруйску.

Дашкольная ўстанова № 82, пабудаваная на вуліцы Гогаля мікрараёна Заходні, разлічана на 13 груп, 5 з якіх будуць ясельнымі і 1 — санаторнай. Наведваць іх змогуць 240 хлопчыкаў і дзяўчынак, што дазволіць вырашыць пытанне недахопу месцаў у дзіцячых садках гэтай гарадской зоны.
Ва ўстанове маюцца ўсе ўмовы для паўнавартаснага і ўсебаковага развіцця малышоў.
— Наш дзіцячы сад мае прасторныя спартыўныя і музычныя залы, кабінет псіхолага, усім неабходным стандартам адпавядае медыцынскі кабінет, — адзначае загадчыца ўстановы Рэгіна Харанека. — Ёсць у нас і сенсорны пакой, а таксама аформлены музей беларускай цацкі. Неабходным і самым сучасным гульнявым інвентаром абсталявана дзіцячая пляцоўка, дзе маецца і пляцоўка ПДР, што важна для навучання дзяцей бяспечным паводзінам на дарозе.
Дзіцячы сад № 82 Бабруйска ўжо пачаў сваю работу, прыняўшы першых маленькіх навасельцаў. Варта сказаць і пра тое, што ў верасні акрамя асноўных груп тут адкрыецца група кароткачасовага знаходжання для малых з мамамі, што дасць магчымасць дзеткам, якія не дасягнулі садаўскага ўзросту, хутчэй адаптавацца да дашкольнай установы.
У дзень урачыстага адкрыцця павіншаваць малых з наваселлем прыйшлі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік упраўлення адукацыі Уладзімір Рыжкоў і старшыня Бабруйскага гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў.
— Дзякуючы будаўніцтву дзіцячых дашкольных устаноў мы мэтанакіравана рухаемся да задавальнення тых сацыяльных патрэб, якія існуюць у вобласці, — адзначыў у сваім выступленні намеснік губернатара рэгіёна Валерый Малашка. — Узвядзенне новых устаноў адукацыі ў гэтым кірунку першачарговае, і, напэўна, самае прыемнае выкарыстанне інвестыцый, бо яны ідуць на развіццё падрастаючага пакалення. І, як бачна на прыкладзе дзіцячага садка № 82, гэтыя ўкладанні цалкам апраўдваюць сябе, і можна не сумнявацца, што ў такіх установах нашы дзеці стануць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Трэба адзначыць, што ганаровыя госці прыйшлі не з пустымі рукамі: у якасці падарункаў яны прывезлі бытавую тэхніку для харчаблока і сучасны ноўтбук.
Свята адкрыцця новага дзіцячага садка адзначылася шматлікімі віншаваннямі, песнямі, танцамі і гульнямі, што дазволіла яму стаць сапраўды радаснай падзеяй як для дзяцей, так і для бацькоў, педагогаў. Добрай навіной для насельніцтва стала і абвяшчэнне таго, што насупраць дзіцячага садка пачалося будаўніцтва сучаснай школы на 1200 навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.