Адкрыты ўрок аб арміі

- 11:56Навіны рэгіёнаў

Навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна Захар Васілевіч узнагароджаны граматай ваеннага камісарыята Гродна і Гродзенскага раёна за актыўны ўдзел у даследчай рабоце ваеннай тэматыкі па выніках 2017 года — Года навукі ў Беларусі.

Грамату Захар атрымаў падчас адкрытага ўрока, прысвечанага 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Удзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў школы. Аб гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, сённяшнім дні беларускай арміі вучням расказалі начальнік мабілізацыйнага аддзела ваеннага камісарыята Гродна і Гродзенскага раёна падпалкоўнік Дзяніс Міхайлаў, старшыня савета Гродзенскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік запасу Аляксандр Радзівонаў. Удзел у сустрэчы прынялі і курсанты ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

— Наша школа носіць імя ўраджэнца Гродна генарала арміі Аляксея Інакенцьевіча Антонава, — гаворыць дырэктар школы Марына Кароза. — 3 ліпеня 1984 года, да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў адкрыты музей воінскай славы. Памяць аб гераічным мінулым захоўваем праз патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. У 2013 годзе ў школе створаны класы ваенна-патрыятычнага кірунку, вучоба ў якіх дапамагае хлопцам у выбары ваеннай прафесіі. Штогод праходзіць канферэнцыя, прысвечаная памяці генерала А.І.Антонава. Але не толькі хлопцы выбіраюць для сябе прафесію абаронцаў Радзімы. У гэты ж дзень вучні сустрэліся з выпускніцай школы, а зараз курсантам Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Лізаветай Зелянковай.

Захар Васілевіч таксама рыхтуецца стаць ваенным. Аб будучай прафесіі даведваецца і праз удзел у навуковых канферэнцыях, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У мінулым годзе прыняў удзел у двух такіх мерапрыемствах. Актыўна займаецца спортам, удзельнічае ў спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, з’яўляецца камандзірам класа. Загадам дырэктара школы яму прысвоена званне віцэ-сяржанта.

Як паведамілі ў ваенным камісарыяце Гродна і Гродзенскага раёна, у мінулым годзе 35 выпускнікоў гродзенскіх школ паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавых ведамстваў Беларусі і Расіі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.