Інавацыі ад тэхнапарка прадставілі яго выпускнікі. Секцыя “Маладзёжная навука”, якая працавала ў межах Рэспубліканскага конкурсу біёлага-экалагічных праектаў навучэнцаў, здзівіла журы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сябры-пераможцы Мацвей Ціханаў і Аляксей Зацарэнка
Як развіваць прамысловасць без шкоды для прыроды? У чым перавагі нанатэхналогій? На гэтыя і сотню іншых пытанняў знайшлі адказы падчас сваіх даследаванняў юныя эколагі.
Рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ і праектаў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 35-ы раз прыадкрыў маладым эколагам свет навукі.
— Гэта адзін з самых знакавых праектаў нашай установы, — падкрэсліла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч. — Мне вельмі прыемна кожны год адзначаць, наколькі цікавыя даследаванні робяць нашы навучэнцы, як умела курыруюць іх работу педагогі, як журы знаходзіць сілы сярод лепшых работ вызначаць найлепшыя. Усё гэта і ёсць клопат пра будучыню Беларусі, бо канкурсанты робяць усё, каб развіваць нашу краіну і спрыяць яе росквіту.
Старшакласнікі з усіх рэгіёнаў прадставілі на суд журы ўласныя навуковыя распрацоўкі і даследаванні. Тэматыка работ закранала актуальныя праблемы сучаснай біялогіі і экалогіі.
За час правядзення конкурсу работы многіх канкурсантаў знайшлі практычнае прымяненне і актыўна ўкараняюцца пры распрацоўцы новых і перспектыўных напрамкаў навукі.
Сёлета ў фінал конкурсу было адабрана 112 праектаў у 10 секцыях. Напрыклад, Андрэй Казлоўскі, навучэнец Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, вывучаў бактэрыі ў ёгуртах і тое, як іх віды ўплываюць на захаванне прадукту. Некалькі праектаў было ад юных пчаляроў. Гэта і выкарыстанне прадуктаў на аснове праполісу для барацьбы з хваробамі таматаў і захавання іх пладоў, і выдзяленне карысных бактэрый з мёду.
А Кірыл Альховік з сярэдняй школы № 3 Асіповіч перамог у сваёй намінацыі, прадставіўшы даследаванне пра ўплыў канструкцыі рагатых вуллёў Палівады на прадукцыйнасць меданоснасці пчаліных сем’яў розных парод. Сярод лепшых і праект Камілы Пажытак, навучэнкі Ліцэя БДУ і РЦЭіК. У цэнтры яе ўвагі быў практычна не вывучаны яшчэ аб’ект біятэхналогій — адмысловая воцатнакіслая бактэрыя, здольная да стварэння нанацэлюлозы.
Не перастае здзіўляць журы Віцебская вобласць. Вераніка Пішчэліна, загадчыца сектара экалагічнага аддзела Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, кожны год прывозіць на конкурс каманду навучэнцаў ад вобласці і кожны раз збірае рэкордную колькасць дыпломаў. На гэты раз з 11 прадстаўленых імі даследаванняў у лік прызёраў трапілі 10. А сакрэт, прызнаецца Вераніка Уладзіміраўна, не ў колькасці конкурсных работ, а ў іх якасці:
— Мы ніколі не прадстаўляем многа работ — у нас іх заўсёды разумная колькасць, але кожная з іх адточана да дробязей. Адабраць іх на рэспубліканскі этап — палова поспеху. Над гэтым мы працуем сумесна з калегамі, улічваючы і актуальнасць тэмы, і ўзровень работы, і тое, наколькі дзіця здольна годна яе прадставіць перад экспертамі. Кожны ўдзельнік марыць пра ўзнагароду, а для гэтага трэба вытрымаць вельмі скрупулёзны адбор.
Адразу некалькі дыпломаў адправіліся ў гімназію № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава. Дыпломы найвышэйшай вартасці ў дзвюх розных намінацыях атрымалі сябры-гімназісты Мацвей Ціханаў і Аляксей Зацарэнка.
Мацвей расказаў:
— Разам са сваім кіраўніком выкладчыкам з ВДУ імя П.М.Машэрава Яўгеніем Аляксандравічам Дзяржынскім мы цэлы сезон вывучалі масавы лёт падзёнак у раёне ракі Заходняя Дзвіна, іх біялогію, асаблівасці, і высвятлялі, чым іх прываблівае наша рака. За год гэтыя насякомыя масава вылятаюць толькі ў ліпені і толькі пару разоў. Гэтае ўнікальнае відовішча падобна на снегапад. Акрамя нашай мясцовасці, ва ўсёй Беларусі вядомы толькі тры месцы, дзе можна ўбачыць гэтую з’яву: рэкі Вілія, Нёман і Бярэзіна.
Аляксей Зацарэнка таксама вядзе даследаванні каля вады, але іншага плана:
— Я ўжо некалькі гадоў вывучаю экалагічны стан розных водных аб’ектаў Віцебскай вобласці. Гэтым разам я прадставіў ацэнку ўплыву цеплавога ўздзеяння Лукомльскай ДРЭС на экалагічны стан вадаёма-ахалоджвальніка. Справа ў тым, што калі Лукомльская ДРЭС — самая буйная ў нашай краіне цеплавая электрастанцыя — выпрацоўвае электраэнергію, то выдзяляе велізарную колькасць цяпла, якое негатыўна ўплывае на экалагічны стан возера. Гэта можна разглядаць як мадэль глабальнага пацяплення, у выніку якога сярэдняя тэмпература сусветнага акіяна кожны год павышаецца на некалькі градусаў. Мы ж высвятлялі, як мы можам папярэдзіць такія негатыўныя наступствы і якія прапанаваць варыянты далейшых дзеянняў у кантэксце ўстойлівага развіцця. Напрыклад, ёсць варыянт выправіць тэхнічную канструкцыю ДРЭС па прыкладзе сучасных АЭС і старых станцый пасля іх рэканструкцыі, дзе будуюць градзірні. Гэтая канструкцыя скідвае ваду з вышыні і ахалоджвае яе ў палёце. Можна пайсці і іншым шляхам: у цеплавы контур такіх электрастанцый укараніць цэнтральную сістэму электразабеспячэння найбліжэйшых населеных пунктаў ці размясціць парагенератарную ўстаноўку, якая нагрэтую ваду будзе даводзіць да кіпення і не шкодзіць так моцна вадаёмам.
Традыцыйна ў лідарах і навучэнцы Алесі Шавялёвай, старшага выкладчыка біялагічнага факультэта БДУ і кіраўніка навуковага таварыства навучэнцаў “Батаніка. Прыкладная мікалогія” РЦЭіК. Сёлета абаранялі свае праекты трое з іх. Марыя Лагвіновіч вывучала ўзаемаадносіны фітапатагенных грыбоў і грыбоў роду трыхадэрма, Ілья Новік прадстаўляў сваю распрацоўку — біяраскладальныя кубачкі на аснове адходаў апілак і міцэліяльных грыбоў, а Цімафей Краўцоў — біяпрэпараты з трутавых грыбоў, якія ахоўваюць расліны ад захворванняў. У выніку Марыя і Ілья атрымалі дыпломы найвышэйшай вартасці, а Цімафей — ІІ ступені. Але для Цімафея конкурсныя спаборніцтвы не завяршыліся — цяпер ён будзе прадстаўляць свой праект на міжнародным узроўні.
— Я ганаруся сваімі канкурсантамі, — сказала Алеся Аляксандраўна. — Яны правялі за год вельмі сур’ёзную работу, і гэта дало свае вынікі. Не скажу, што мне было проста, але калі ты бачыш аддачу, імпэт у дзіцячых вачах, гэта натхняе, стымулюе рухацца наперад, прыдумваць новыя тэмы. Амаль 15 гадоў я курырую даследчыя праекты школьнікаў, з імі мы працуем у лабараторыі біяфака БДУ. Без гэтага ўжо не ўяўляю свайго жыцця.
Інавацыі ад тэхнапарка
У секцыі “Маладзёжная навука”, у якой навучэнцы прадстаўлялі свае праекты, створаныя імі на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, лепшымі журы назвала дзве работы па выдзяленні глебавых бактэрый, якія здольны стымуляваць рост сельскагаспадарчых раслін і ахоўваць іх ад захворванняў.
Іх аўтары — Дар’я Сумрач, навучэнка сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна, і Ганна Тарасенка, навучэнка Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна.
— Хімічныя сродкі ў няўмелых руках гаспадароў прысядзібных участкаў — гэта пагроза і для глеб, для раслін, і, як вынік, для саміх гаспадароў, якія будуць спажываць вырашчаны ўраджай. Таму лепш ім паглядзець у бок прыродных стымулятараў для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, — адзначыла Дар’я Сумрач.
— На аснове выдзеленых бактэрый можна будзе ствараць біяпрэпараты. Пакуль што ў Беларусі гэты кірунак толькі пачынае развівацца, падобных прэпаратаў мала, таму мы хочам гэта выправіць, зрабіўшы свой уклад у гэтую справу, — дадала Ганна Тарасенка.
Марыя Груммо з сярэдняй школы № 26 Мінска імя З.Р.Калабанава прапанавала сваё рашэнне па прадухіленні харчовай праблемы ва ўмовах глабальнага пацяплення. Так, пры вырошчванні раслін без дадатковага паліву яна прапаноўвае скарыстаць нанатэхналогіі. Дзяўчына даказала, што для пшаніцы, вырашчанай з насення, апрацаванага перад пасевам растворамі з наначасціцамі селену, крэмнію, кальцыю і вугляроду, засуха не перашкода.
Кацярына Пятруцкая, намеснік міністра адукацыі: Кожны вучань пачынаецца з педагога, з таго ўкладу, які мы робім у сваіх вучняў. Бо калі б не было настаўніка, не было б і вучня.
Старшыня журы і кіраўнік названай секцыі Аляксандр Аляксандравіч Карпічэнка, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм БДУ, сказаў:
— Мне прыемна адзначыць, што сёлета мы ўбачылі не проста перспектыўныя распрацоўкі, а ўжо нават гатовыя прадукты. Напрыклад, гэта вытворчасць касметычных сродкаў для розных тыпаў скуры з дабаўленнем расліннай сыравіны, прапанаваная Ганнай Левай, навучэнкай з гімназіі № 1 Барысава. Гэты праект ужо сёння можна смела прадстаўляць як стартап-праект і наладжваць вытворчасць такіх прадуктаў.
Па словах А.А.Карпічэнкі, лёс не толькі вынаходстваў, але і іх аўтараў, якія стаяць перад выбарам прафесіі, будзе прадказальна паспяховым:
— Гадоў пяць назад у нашай секцыі на гэтым конкурсе прэзентавала сваю работу навучэнка з Жодзіна Аляксандра Саўко. Цяпер яна студэнтка-трэцякурсніца БДУ і пад маім кіраўніцтвам піша курсавую работу, працягваючы распачатыя даследаванні. Я ўпэўнены, што практычна ўсе сённяшнія канкурсанты таксама стануць студэнтамі выбраных універсітэтаў, а пасля і дактарамі навук, а можа, нават і акадэмікамі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара