Урачыстае адкрыццё чацвёртага дзіцячага дома сямейнага тыпу, другога блока ясляў-сада — пачатковай школы і адноўленага корпуса пачатковай школы — адразу тры значныя і радасныя для дарослых і дзяцей падзеі адбыліся на Віцебшчыне.
У Оршы наваселле адзначылі Алена Мікалаеўна, Мікалай Сяргеевіч Марозавы і шасцёра іх дзяцей. Утульны і прыгожы двухпавярховы катэдж агульнай плошчай 191 квадратны метр з добраўпарадкаваным зямельным участкам — падарунак Беларускага дзіцячага фонду, а спонсарскую дапамогу па наладжванні побыту і набыцці мэблі ўзялі на сябе Мінскі завод пеністых він і Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру.
— Для бацькоў-выхавальнікаў вопыт работы з непаўналетнімі, якія засталіся без апекі бацькоў, не новы: сям’я Марозавых на працягу 7 гадоў з’яўлялася прыёмнай, — паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. — Такім чынам на сёння ў раёне цяпер ужо ў чатырох дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваюцца 29 непаўналетніх, з іх 27 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
У Наваполацку адкрыўся другі блок ясляў-сада — пачатковай школы. Новая ўстанова адукацыі некалькі гадоў была, без перабольшання, самым важным будаўнічым аб’ектам у горадзе. На этапе праектавання і правядзення работ спецыялістамі былі ўлічаны інавацыйныя падыходы да стварэння камфортных і бяспечных умоў знаходжання дзяцей, якія будаўнікі пастараліся ўвасобіць у жыццё. Арыенціровачны кошт комплексу, разлічанага больш чым на 500 чалавек, склаў каля 11 млн 792 тысяч дэнамінаваных рублёў — гэта сродкі мясцовага і абласнога бюджэтаў. Будаўніцтва вялося з 2008, а першая чарга аб’екта — яслі-сад і агульнашкольны цэнтр — былі адкрыты ў красавіку 2015 года. У новым будынку пачатковай школы размясціўся філіял гімназіі № 1 Наваполацка. Падарунак навучэнцам, іх бацькам і педагогам зроблены шыкоўны: 12 класаў, гульнявыя і спальныя зоны, бібліятэка, залы для заняткаў харэаграфіяй і спевамі, кабінеты працы, рытмікі, замежнай мовы і выяўленчага мастацтва, 2 камп’ютарныя класы, сталовая і кафэ, рэсурсны цэнтр для захоўвання дыдактычнага і метадычнага матэрыялу, спецыяльныя зоны для работы дэфектолага, сацыяльнага педагога і псіхолага, спартыўныя залы і басейн, выдатна абсталяваныя гаспадарча-бытавы, медыцынскі блокі, гульнявая пляцоўка. А галоўнае, юныя новапалачане атрымалі ўнікальную магчымасць без стрэсаў і хваляванняў ісці па прыступках яслі-сад — пачатковая школа. Аналагаў падобнага комплексу ў краіне няма.
— Стварэнне аптымальнага асяроддзя для пражывання, выхавання, фізічнага і духоўнага развіцця падрастаючага пакалення з’яўляецца адным з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай вобласці, дзе на цяперашні час пражывае 220 тысяч маладых людзей ва ўзросце да 18 гадоў, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Нас радуе, што ў рэгіёне з кожным годам павялічваецца нараджальнасць, і ў ліку лідараў тут Наваполацк: толькі сёлета ў горадзе нарадзілася больш за тысячу хлопчыкаў і дзяўчынак. Несумненна, новая ўстанова адукацыі будзе напоўнена шчырай любоўю і клопатам пра вучняў і выхаванцаў, атмасферай дабрыні і ўдзелу ў станаўленні асобы дзіцяці. Будзе зроблена ўсё для таго, каб дзеці адчувалі сябе тут як дома.
У Віцебску ў мінулую пятніцу таксама святкавалі наваселле: у сучасным абліччы гаспадароў і гасцей прыняў стары корпус сярэдняй школы № 17. Будынак з амаль 90-гадовай гісторыяй фактычна атрымаў другое нараджэнне: былі заменены дах, вокны, камунікацыйныя сеткі, уваходная група, праведзены капітальны рамонт сцен і падлогі, зроблена падсветка. У выніку 422 вучні і 26 педагогаў атрымалі новае месца для вучобы і работы.
— Школа — не проста будынак, дзе атрымліваюць веды дзеці, працуюць педагогі і ажыццяўляецца адукацыйны працэс. Гэта вялікая сям’я, дзе кожны пражывае свае дзіцячыя і юнацкія гады і з якой звязаны на працягу ўсяго жыцця, — падкрэсліў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін. — Жыццё сучаснай школы цячэ ў імклівым тэмпе, і ўсё, што адбываецца ў грамадстве, знаходзіць у ёй адлюстраванне. Дзеці — наша будучыня. Мы верым, што адноўленая школа стане дастойным адлюстраваннем заўтрашняга дня нашай краіны.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.