Асабісты прыклад ва ўсім. Менавіта гэта лічыць асновай паспяховага навучання настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння Сласцёнаўскай сярэдняй школы Чавускага раёна Сяргей Аршаўскі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Біяграфія Сяргея Аршаўскага непарыўна звязана са Сласцёнаўскай школай ужо амаль тры з паловай дзесяцігоддзі. У яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс.
— Маладым спецыялістам прыехаў настаўнічаць у родны раён. Школа ў Сласцёнах толькі нядаўна адкрылася, туды і накіраваўся па размеркаванні. За выкладанне ўзяўся заўзята і не заўважыў, як затрымаўся ў гэтым маляўнічым куточку чавускай зямлі, — падзяліўся Сяргей Іванавіч.
За гады плённай педагагічнай дзейнасці Сяргей Аршаўскі выпрацаваў уласную методыку далучэння вучняў да працы. На яго думку, ключавыя складнікі эфектыўнага ўрока — дысцыпліна, парадак і асоба настаўніка.
— На занятках заўсёды вяду дзяцей за сабой. Перад тым як даць заданне, наглядна выконваю яго сам. Імкнуся ўсебакова захапіць навучэнцаў прадметам. Пераконваю хлопчыкаў у тым, што ўрокі працы не менш патрэбныя, чым матэматыка ці хімія, бо атрыманыя ў майстэрні ўменні не раз спатрэбяцца ім у далейшым, — паведаміў Сяргей Іванавіч.
У структуры ўрока Сяргей Аршаўскі камбінуе разнастайныя адукацыйныя методыкі. На яго занятках шмат гульняў і творчасці. Шырока выкарыстоўвае настаўнік таксама інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і праектны метад.
— Упор раблю менавіта на праектнае навучанне. Гэтая методыка выдатна развівае самастойнасць, крэатыўнасць, ініцыятыўнасць вучняў. Праз стварэнне праектаў вучням цікава вывучаць нават самыя складаныя вучэбныя тэмы, — расказаў Сяргей Іванавіч.
Адметнасцю ўрокаў Сяргея Аршаўскага з’яўляецца выразная практыкаарыентаванасць. Ён упэўнены: дзеці павінны ўсведамляць, дзе набытыя веды ім спатрэбяцца.
— Удзяляю ўвагу і ўзаемаразуменню з навучэнцамі, стараюся быць неабыякавым да іх лёсу. Да кожнага вучня шукаю свой падыход, кожнаму даю магчымасць праявіць сябе, — адзначыў Сяргей Іванавіч.
Сярод педагагічных прыярытэтаў Сяргея Аршаўскага — раскрыццё здольнасцей навучэнцаў. Сістэма работы накіравана на прыцягненне хлопцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. У працэсе падрыхтоўкі Сяргей Іванавіч рэгулярна сустракаецца з дзецьмі на індывідуальных занятках, дапамагае ім разабрацца ў тэорыі і адтачыць практычныя навыкі, не забывае аб маральнай падтрымцы і матывацыі. Вынікі адпаведныя: вучні пастаянна становяцца пераможцамі розных, у тым ліку і заключнага, этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.
— Усяго падрыхтаваў 99 алімпіяднікаў. Асаблівая мая гордасць — сёлетні выпускнік Дзяніс Кавалёў. Гэты вучань узяў пераможны дыплом заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, неаднойчы быў лепшым на ўзроўні вобласці, узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама. Акрамя працоўнага навучання, па сумяшчальніцтве выкладаю яшчэ фізічную культуру і геаграфію. Па гэтых прадметах навучэнцы таксама выходзяць у лідары разнастайных конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, — расказаў Сяргей Іванавіч.
Якасць навучання для Сяргея Аршаўскага — першачарговае. Але не менш важным настаўнік лічыць выхаванне дзяцей.
— Мне сапраўды неабыякава тое, якімі людзьмі мае вучні выйдуць у дарослае жыццё, таму штодзень сваімі паводзінамі і ўчынкамі вучу хлопцаў справядлівасці, сумленнасці, грамадзянскасці і патрыятызму. Акцэнт, вядома, раблю на фарміраванні працавітасці. Разам з дзецьмі мы добраўпарадкоўваем школьную тэрыторыю, даглядаем воінскія пахаванні і памятныя мемарыялы Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаем ветэранам і пенсіянерам, — патлумачыў Сяргей Іванавіч.
У прафесійнай скарбонцы Сяргея Аршаўскага шмат розных узнагарод. Але сваё галоўнае дасягненне педагог бачыць не ў граматах і званнях.
— Самае значнае для мяне — вучні. Заўсёды бязмерна радуюся любым поспехам сённяшніх і былых навучэнцаў. Бо гэта яскрава гаворыць пра тое, што мае словы і парады пакінулі след у іх сэрцах, — падкрэсліў настаўнік.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА