Адпачынак з карысцю для здароўя

- 9:58Спартыўныя падзеі

Фізкультурна-спартыўнае свята “Мінская лыжня — 2017” прайшло ў мінулую суботу на лыжаролернай трасе ў сталічным мікрараёне Вяснянка. Яно сабрала больш за 2 тысячы аматараў спорту і актыўнага адпачынку з усёй краіны.

Свята ўжо стала традыцыйным, але некалькі апошніх гадоў надвор’е не дазваляла аматарам спорту пазмагацца ў лыжным спорце. У гэтым годзе канец лютага таксама вызначыўся няўстойлівым надвор’ем, але ў патрэбны час засвяціла сонца, супакоіўся вецер — і “Мінская лыжня — 2017” прайшла пры камфортных -1°С на тэрмометры. Добрае надвор’е і ўдалае размяшчэнне трасы спрыяла з’яўленню вялікай колькасці гледачоў. Яны шчыра і гучна падтрымлівалі ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў, трыбуны не апусцелі да фінішу апошняга лыжніка ў масстарце. Для таго каб удзельнікі і гледачы змаглі своечасова даехаць да Вяснянкі, быў прадугледжаны дадатковы аўтобусны маршрут.

Праграма свята складалася з дзвюх эстафет і гонкі з масавым стартам. Спачатку на трасу выйшлі прадстаўнікі абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарвыканкама. Кожнаму спартсмену неабходна было прабегчы 2,5 кіламетра і перадаць эстафету наступнаму ўдзельніку. Хутчэй за ўсіх з гэтай задачай справіліся прадстаўнікі Віцебскай вобласці. Другой да фінішу прыйшла каманда Брэсцкага аблвыканкама, на трэцім месцы — Мінскі абласны выканаўчы камітэт.

У наступнай эстафеце наймацнейшы вызначаўся сярод каманд сілавых міністэрстваў і ведамстваў. Тут барацьба была яшчэ больш захапляльнай, сілавікі яшчэ раз прадэманстравалі сваю выдатную фізічную форму. У гэтай эстафеце роўных не было Службе бяспекі прэзідэнта. Следам за ёй у фінішным пратаколе размясціліся Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Генеральная пракуратура. Потым адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў, у якой прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.

Завяршаў спартыўную праграму масстарт на 2,5 кіламетра, прыняць удзел у якім маглі ўсе жадаючыя. Удзельнікі былі рознага ўзросту і прафесій. Электронная рэгістрацыя працягвалася да 23 лютага і зафіксавала больш за 2 тысячы жадаючых паспрабаваць свае сілы. І галоўнае тут, канечне, не перамога: прызёраў гэтай гонкі ўвогуле не вызначалі. Затое ўсе спартсмены-аматары, якія дайшлі да фінішу дыстанцыі, атрымалі памятныя медалі. Сярод іх былі прадстаўнікі школ і гімназій, каледжаў і вышэйшых навучальных устаноў сталіцы, а таксама галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Сяргей Рукан.

Арганізатары сумясцілі са спартыўным мерапрыемствам народнае свята — Масленіцу. Кожны жадаючы мог пакаштаваць смачных бліноў, іх пяклі адразу ў некалькіх месцах. Людзі прыходзілі не толькі паўдзельнічаць або падтрымаць знаёмых ці калег, але і прыняць удзел у цікавай праграме. На пляцоўцы каля Футбольнага манежа разгарнулася сапраўднае зімовае свята. Тут можна было не толькі адчуць спартыўны дух, але і проста весела правесці вольны час з сям’ёй і сябрамі.

Кацярына ЗАБАРОНАК.
Фота аўтара.