Адпачынак па-піянерску

- 10:30Навіны рэгіёнаў

У савецкія часы неад’емнай часткай жыцця кожнага піянера быў летні адпачынак у лагеры. Па сутнасці, большасць існуючых сёння дзіцячых аздараўленчых лагераў ствараліся менавіта як піянерскія. Многія сталыя людзі і сёння называюць піянерлагерамі ўсе летнікі, незалежна ад іх профілю і накіраванасці. Сёлета на Міншчыне згадалі лепшыя піянерскія летнія традыцыі: у кожным аздараўленчым лагеры былі арганізаваны піянерскія атрады або змены.

Ініцыятыўныя, захопленыя і адказныя, лідары ў вучобе і грамадскіх справах — такімі заўсёды былі і з’яўляюцца піянеры. Гэтае лета падарыла піянерам Міншчыны яшчэ больш магчымасцей праявіць сябе. Упершыню ў вобласці была арганізавана настолькі масавая работа з піянерскім актывам: піянерскія атрады або змены былі ў кожным лагеры. А кульмінацыяй гэтай работы стаў абласны профільны лагер “95 слаўных гадоў піянерыі”, які сабраў піянераў на Стаўбцоўшчыне, у аздараўленчым лагеры “Нёман”. На 9 дзён сюды прыехалі 20 прадстаўнікоў розных раёнаў Міншчыны — лідары сваіх дружын, якія дасягнулі высокіх вынікаў у грамадскай дзейнасці, прымалі актыўны ўдзел у разнастайных конкурсах і акцыях.

— Гэта магчымасць для піянераў з розных куткоў Міншчыны даведацца, чым жывуць, займаюцца іх равеснікі, аднадумцы ў іншых раёнах, — расказвае Святлана Анатольеўна Ерашэнка, старшыня Мінскага абласнога савета БРПА. — Яны нярэдка збіраліся разам на разнастайных абласных мерапрыемствах, але такія сустрэчы прадастаўляюць мала часу для блізкага знаёмства, цесных зносін. Так узнікла ідэя правядзення абласнога лагера, дзе хлопцы і дзяўчаты змогуць бліжэй пазнаёміцца, пасябраваць, абмяняцца вопытам і цікавымі ідэямі.

Піянеры ўдзельнічалі ў агульналагерных мерапрыемствах і спецыяльна падрыхтаванай для іх праграме. Яны вывучылі розныя перыяды гісторыі піянерскай арганізацыі, піянерскія традыцыі, рытуалы і атрыбуты. Дзецям прапаноўваўся шэраг заняткаў і трэнінгаў, накіраваных на развіццё лідарскага патэнцыялу і ўмення працаваць у камандзе. Кожны дзень быў прысвечаны пэўнай тэматыцы, напрыклад, дзень сяброўства, дзень патрыёта, дзень спорту, дзень лідара, дзень традыцый, дзень дасягненняў. Дзеці здзейснілі “Падарожжа на востраў піянерскіх скарбаў”, паўдзельнічалі ў квест-гульні “Прававыя замарочкі”, акцыі “Абеліск”, гульні “Тыя, што пацярпелі караблекрушэнне” і, канечне, выканалі піянерскія даручэнні.

Адной з найбольш захапляльных падзей стала паездка ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі піянерскі куток і даведаліся шмат цікавага. Але самае галоўнае — дзеці знайшлі ў лагеры новых сяброў і ўсвядомілі, што разам з таварышамі можна, як кажуць, і горы звярнуць.

— Усе дзеці рознага ўзросту, з розных раёнаў, але ўсе аднолькава ініцыятыўныя, цікаўныя, хутка адгукаюцца на любыя прапановы, — расказвае Таццяна Леанідаўна Каранеўская, начальнік профільнага лагера. — А яшчэ яны здольны шчыра сябраваць і працаваць у камандзе. У лагеры праводзілася гульня “Зарніца”, і ў заданні, дзе трэба было камандай, узяўшыся за рукі, прайсці па бервяне, юныя піянеры былі лепшымі, бо змаглі дружна выпрацаваць стратэгію, якая грунтавалася на ўзаемападтрымцы. Упэўнена, што і ў штодзённым жыцці яны будуць карыстацца гэтымі ж прынцыпамі.

На працягу лета ў кожным раёне па-свойму творча падышлі да арганізацыі работы з піянерамі. Так, для 53 піянераў Вілейскага раёна ў аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем быў рэалізаваны праект “Салют піянерыі!”. Для дзяцей былі арганізаваны адкрыты дыялог “Піянерыя — цудоўная краіна”, пазнавальная гульня “Піянерскія традыцыі і законы”, конкурс плакатаў “Піянер аднойчы — піянер назаўжды”, інфармацыйная хвілінка “Лідар. Хто гэта?”, піянерскі экалагічны рынг “Сябры роднай прыроды”. Да рэалізацыі праекта “Салют піянерыі!” былі прыцягнуты і члены БРСМ, якія правялі для піянераў трэнінг па камандаўтварэнні “Мы — каманда”, квест-гульню “Я — лідар”. Цікава было і малодшым, і старэйшым таварышам. Забяспечвалася пераемнасць у дзіцячым і маладзёжным руху.

“Даведайся новае! Зрабі карыснае!” — пад такім дэвізам прайшло лета для піянераў Пухавіцкага раёна. Дні летніх канікул для іх былі напоўнены не толькі цікавымі, але і карыснымі справамі. Дзеці працавалі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна — былі заняты на праполцы агародніны, дапамагалі ва ўборцы ўраджаю, на збожжавых токах. У кожнай школе піянеры шчыравалі на прышкольных участках, дапамагалі рамантаваць школьную мэблю.

Свае добрыя справы прадоўжылі летам піянеры-цімураўцы. У рамках акцый “Ваша Перамога — наша свабода”, “Добрае сэрца ветэранам”, “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” яны прынялі ўдзел у вахце Памяці, а таксама дапамагалі ветэранам вайны і працы — працавалі ў кветніках і садах, набывалі прадукты харчавання і лекі, наводзілі парадак у хаце і на падворку. Падчас працоўных акцый піянерскія дружыны раёна шмат зрабілі для азелянення і добраўпарадкавання горада і вёсак. На базе аздараўленчага лагера сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі прайшло раённае свята піянерскага вогнішча, прысвечанае 95-годдзю піянерскага руху, і квест-гульня “У краіне Піянерыя”. Піянерскія дружыны здзейснілі паходы па родным краі, месцах баявой славы. Піянеры сярэдніх школ №№ 2 і 3 Мар’інай Горкі збіралі матэрыялы для афармлення музейных куткоў піянерскай і камсамольскай славы.

Для дзяцей Нясвіжшчыны быў рэалізаваны творча-гульнявы праект “Піянерскі следапыт” падчас чацвёртай змены ў аздараўленчым лагеры “Арляня” Нясвіжскага раёна. На 18 дзён піянеры сталі ўдзельнікамі займальнага квеста. Перад імі стаяла задача прайсці ўсе перашкоды, каб заваяваць кубак пераможцы. Для гэтага неабходна было стаць лепшымі ў творчых і спартыўных конкурсах, у выкананні даручэнняў, першымі — у сацыяльна значнай дзейнасці. Праходзячы квест, выхаванцы лагера больш даведаліся аб гісторыі піянерскага руху, піянерах-героях, якасцях і правілах сапраўдных піянераў.

Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак на Міншчыне лета прайшло пад гукі горнаў, піянерскіх песень і бой барабанаў. Дзеці праявілі павагу да піянерскіх сімвалаў і захавалі лепшыя піянерскія традыцыі. І самае галоўнае — яны заўсёды гатовы да добрых спраў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.