Вытокі творчых здольнасцей дзяцей — на кончыках іх пальцаў. Вядома таксама, што, чым больш майстэрства ў дзіцячай руцэ, тым разумнейшае дзіця. Нават самыя простыя ручныя работы патрабуюць пастаяннай увагі і прымушаюць дзіця думаць. Ручную працу неабходна разглядаць як важны элемент рознабаковага развіцця асобы. У гэтым я ніколькі не сумняваюся, калі вучу дзяцей габеленапляценню і ткацтву.
Мы паспрабавалі ўсё: гліну, саломку, калаж. І вось новая знаходка — пляценне і ткацтва. Гэтае забытае мастацтва — бяздонны калодзеж, з якога можна чэрпаць усё жыццё, толькі трэба мець жаданне, цярплівасць і рукі, якія не ведаюць стомы і, канечне, дзіцячыя цікаўныя вочы.
Справа ў тым, што працэс пляцення вельмі цікавы. Ён спрыяе развіццю ў выхаванцаў адвольнай увагі, назіральнасці, памяці, кемлівасці, пачуцця рытму, спрыяе развіццю каардынацыі рухаў, вакамера. Таксама пляценне аказвае вялікі ўплыў на выхаванне акуратнасці, уседлівасці, цярплівасці, настойлівасці, на імкненне пераадольваць цяжкасці, даводзіць пачатае да канца, пастаянна кантралюючы свае дзеянні, што асабліва важна для дзяцей дашкольнага ўзросту.Хто з нас не любаваўся прыгожымі дыванкамі, сурвэткамі, вазачкамі і іншымі вырабамі! Але тое, што гэты цуд можна стварыць сваімі рукамі, а тым больш што гэта можа зрабіць дзіця, думаю, ведае не кожны.
Перш чым пачаць практычную работу, я размаўляю з дзецьмі, вывучаю іх жаданні і інтарэсы, паказваю ўзоры работ. Калі бачу, што дзецям гэта сапраўды цікава, пачынаю практычныя заняткі. Выяўляю ў групе дзяцей, схільных да рукадзелля, і пачынаю працаваць з імі. Заўважыўшы цікавасць да работы ў іншых дзяцей, арганізавала ў нашым міні-музеі куток ручнога ткацтва, у якім ёсць столік-падстаўка для рукадзелля, кошык з ніткамі, стужкамі, тасьмой, скрынка з абрэзкамі тканіны, малюнкі ўзораў пляцення, рамкі для пляцення і ткацтва, нажніцы з закругленымі канцамі.
У нашай установе дзеці займаюцца ручным ткацтвам, ствараючы невялікія вырабы, пачынаючы з чатырохгадовага ўзросту! Заняткі па ручным ткацтве арганізоўваюцца ў вольны час па загадзя складзеным гадавым плане. Работа з выхаванцамі праводзіцца на працягу 20—30 хвілін (2—3 прыёмы) у залежнасці ад складанасці задання.
Працэс асваення выхаванцамі ткацтва на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення адбываецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі праз наступныя напрамкі:
— азнаямленне з прынцыпамі пляцення і ткацтва на дзіцячым ручным станку;
— выбар матэрыялаў для работы (фактуры, расфарбоўкі і якасці нітак, тасьмы, шнура);
— асваенне прыёмаў пляцення і ткацтва (палатнянае перапляценне);
— выкананне малюнка ў тэхніцы палатнянага перапляцення па ўзоры;
— завяршэнне вырабу, яго мастацкае афармленне.
У час мастацкага пляцення і ткацтва ў дзяцей развіваецца зрокавая памяць, вобразнае мысленне, эстэтычны густ, што, у сваю чаргу, уплывае на выразнасць і дакладнасць выканання задання, на якасць работы.
Акрамя таго, праводзяцца музейныя заняткі, што дапамагае на працягу года далучыць дзяцей да карыснай працы, да розных відаў прыкладнога мастацтва.
Дапамагаю дзецям авалодаць традыцыйнымі і сучаснымі відамі дэкаратыўных работ. Гэтыя цікавыя заняткі даюць магчымасць праявіць фантазію, развіць густ. Я думаю, што кожны чалавек носіць у сабе задаткі мастака, толькі іх трэба развіваць, удасканальваць. Займаючыся з дзецьмі ручной працай, я бачу, як захоплена яны працуюць, з нецярплівасцю чакаюць наступных заняткаў. Мне ўдалося захапіць дзяцей, запоўніць іх вольны час цікавай і змястоўнай справай, развіць імкненне да прыгожага, выхаваць павагу да народных традыцый.
Вольга БУМАЙ,
выхавальніца першай катэгорыі
Палужскага дзіцячага сада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.