Адразу дванаццаць маладых спецыялістаў прыбылі ў навучальныя ўстановы Чавускага раёна. Гэта настаўнікі, дэфектолаг, кухары, выхавальнікі і музычныя кіраўнікі дашкольнай адукацыі. Сярод маладых педагогаў шасцёра — выпускнікі мясцовых школ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З ліку такіх — настаўніца біялогіі Юлія Максімаўна Фаміна, якая размеркавалася ў сярэднюю школу № 1 райцэнтра. У прафесію педагог прыйшла свядома. Зараз яна заўзята рыхтуецца да працы.
— Мяне заўсёды прываблівала ўсё, што звязана з біялогіяй і геаграфіяй. А ўжо на прафесійны выбар паўплываў прыклад школьных настаўнікаў. Азы педагагічнай працы асвойвала па мэтавым накіраванні, бо хацелася вярнуцца менавіта на малую радзіму. Трапіла не ў родную школу, але гэта не засмуціла. Працаваць хачу так, каб на занятках вучням было цікава. На мой погляд, захопленасць прадметам вельмі ўплывае на засваенне ведаў. Акцэнт буду рабіць таксама на практыкаарыентаванасць і ўзаемадзеянне з навучэнцамі. Нацэлена на плённую працу, бо планую заставацца ў прафесіі і пасля размеркавання, — паведаміла Юлія Фаміна.
Шлях у прафесію ў 1-й гарадской школе пачне і настаўніца англійскай мовы Дар’я Алегаўна Мандрык. Свае ўрокі малады педагог плануе будаваць на сучасных адукацыйных методыках, максімальным выкарыстанні камунікацыі і моўнай практыкі.
— Упор буду рабіць і на індывідуальны падыход да вучняў. Для кожнага з дзяцей паспрабую стварыць сваю траекторыю навучання. Спадзяюся, што гэта дапаможа дасягнуць добрай вучэбнай паспяховасці, — падзялілася Дар’я Мандрык.
Да работы ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны прыступілі 430 маладых педагогаў.
Сярод сёлетніх маладых спецыялістаў сярэдняй школы № 1 Чавус — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Настасся Андрэеўна Арлова і кухар Хрысціна Мікалаеўна Ганчарова. Перад пачаткам працоўных будняў дзяўчаты крыху хвалююцца.
— Для мяне выбар прафесіі быў спантанным. Але вучоба ва ўніверсітэце змяніла стаўленне да педагогікі. Напярэдадні 1 верасня перажываю аб тым, каб усё атрымалася на ўроках, але ў цэлым настрой пазітыўны. Ці буду настаўнічаць пасля размеркавання, пакажа час. Пакуль планую рэалізаваць сябе, набыць карысны і патрэбны вопыт, — заўважыла Настасся Арлова.
Пэўнае хваляванне прысутнічае і ў маладога кухара Хрысціны Ганчаровай. Але яна пераканана: усё будзе добра.
— За час вучобы ў каледжы атрымала трывалую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Цяпер усё гэта паўтараю. Канечне, цяжкасці могуць узнікнуць. У харчаванні навучэнцаў укараняюцца новыя прынцыпы, з якімі я пакуль малазнаёмая. Але ўпэўнена: калі сутыкнуся з цяжкасцямі, мяне падтрымаюць больш дасведчаныя калегі, — расказала Хрысціна Мікалаеўна.
У 1-й чавускай школе шмат увагі ўдзяляюць падтрымцы маладых спецыялістаў. Маладое папаўненне калектыву тут сустрэлі з клопатам і цеплынёй. У далейшым моладзі будуць аказваць дапамогу ў прафесійным станаўленні.
У раёне работа з маладымі кадрамі — прыярытэтны напрамак дзейнасці ўстаноў адукацыі. Для пачынаючых педагогаў тут прадугледжаны шэраг стымулаў.
— Маладым спецыялістам па неабходнасці аказваецца садзейнічанне ў забеспячэнні жыллём. Для іх прадугледжаны стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты. Многае робіцца ў плане аказання маральнай і псіхалагічнай дапамогі. У нас развіты інстытут настаўніцтва, дзейнічаюць метадычныя аб’яднанні і раённая школа станаўлення маладога спецыяліста, дзе можна атрымаць любыя парады і кансультацыі. Усё гэта ў комплексе дапамагае маладым педагогам хутчэй уліцца ў працоўныя будні, матывуе імкнуцца да прафесійнага ўдасканалення, — адзначыў начальнік аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама Дзяніс Нікіфараў.
Пасля заканчэння тэрміну размеркавання жыць і працаваць у Чавускім раёне застаюцца каля 65% педагогаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара