Добрая падтрымка: як сустракаюць маладых спецыялістаў у Ганцавіцкім раёне

- 13:03Молодой специалист, Образование, Проекты

Калі маладая настаўніца Настасся Бруцкая прыехала па размеркаванні ў Ганцавіцкі раён, то была прыемна здзіўлена, як цудоўна там сустракаюць маладых спецыялістаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

 

Настасся Фёдараўна ў 2020 годзе скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна і прыехала ў раён па размеркаванні выкладаць хімію і біялогію. У Вялікіх Круговічах яе сустрэлі дырэктар Аляксандр Занька і яго намеснік Алена Муха, якая з добрай усмешкай расказвае: “Мы ўзра­даваліся: прыехала Настасся з мамай, ды такая прыгожая!..” І зразумела, чаму з мамай: страшнавата было, гарадская ж дзяўчына. Мясцовыя ўлады далі ў горадзе жыллё — арэндную аднапакаёвую кватэру. Цяпер Нас­тасся там паўнапраўная гаспадыня.

Любоў і павага да ўсяго жывога ў Нас­тассі ад бабулі, Марыі Іосіфаўны. Яны з ёй эксперыментавалі з насеннем бульбы, рабілі розныя прышчэпкі. Гэта і нядзіўна. “У нас там, на Палессі, нібы невялічкая агуркова-кветкавая краіна. Вы ж ведаеце: у раёне Століна, Давыд-Гарадка людзі шмат працуюць у агародах. Альшаны, знакамітыя іх цяпліцамі, побач. Раён вялікі, кожнага рыкашэтам такі лад жыцця закранае. У бацькоў маіх свая хата, у бабулі — свая. І я з дзяцінства ва ўсім гэтым жыла: то бульбачка, то капуста-агурочкі… І агратэхніку на практыцы даводзілася асвойваць. Пры бабулі, з клопатамі на агародзе расла і мая любоў да хіміі, біялогіі: яны ж павінны быць у сяброўстве, каб добра і якасна ўсё расло. А ў школе памятаю дослед з раслінамі: пад кіраўніц­твам настаўніцы вырошчвалі фасолю”, — прыгадвае маладая настаўніца.

Мы разважаем, як блізка цяпер да нас хімія з біялогіяй, і якраз пра гэта Настасся Фёдараўна расказвае сваім вучням. Па­піць, паесці, вымыць посуд — і дзясятак-другі розных рэчываў уступае з намі ў хімічныя, біяхімічныя рэакцыі. А якія? Цікаўныя глянуць этыкеткі, пагугляць, што змяшчаецца, скажам, у кавалку хлеба, прыгада­юць пра вітаміны, амінакіслоты, мінеральныя рэчывы, якія рэкламшчыкі чамусьці (хімію не вывучалі?) называюць мінераламі. Дарэчы, кавідны перыяд павысіў у школьным асяроддзі цікавасць да мікрабіялогіі, мікраарганізмаў, якіх у кожным з нас — мільярды!..

Пра сваё здароўе ў “хімізаваным свеце” сёння варта клапаціцца кожнаму. Настасся расказвае, як на сустрэчы з аднакурснікамі зайшла размова пра звычайныя чайныя пакецікі. Вырашылі глянуць, ці ўсе пакецікі маюць у сваім складзе шкодныя рэчывы. Правялі эксперымент.

“І што? Сапраўды пакецікі шкодныя? —  цікаўлюся. “У мікрадозах. Прычым з шасці закупленых варыянтаў толькі два прайшлі наш кантроль без заўваг…” — адказвае Настасся. Сама яна п’е рассыпны чай: муж-дальнабойшчык, таксама родам са Століна, з рэйсаў прывозіць любімай жонцы ў асноўным класічны зялёны чай. 

У біялогіі маладой настаўніцы больш за ўсё падабаецца спасцігаць вялікі цуд чалавечага цела, у хіміі аддае перавагу неарганіцы і практычна-педагагічнаму падыходу: вясковым школьнікам цікава ведаць, якія хімічныя ўгнаенні спрыяюць росту раслін, як іх уносіць і калі. На прышкольным агародзе, разважаем, добра было б правесці біяэксперыменты. На свае вочы юныя палешукі тады пабачаць, чым варта паліваць-падкормліваць расліны з улікам мясцовых умоў, у якія тэрміны, у якіх дозах… Тут, як слушна заўважае Настасся Фёдараўна, без сяброўства хіміі з біялогіяй не абысціся. І якраз на практыцы засвой­ваць веды найбольш цікава. Так і ў яе самой было — на бабуліным агародзе.

У Ганцавічах агарода ў маладой настаўніцы няма, з жыўнасці — пакаёвая такса. Але жыць тут, ездзіць амаль без святлафораў і затораў на любімую работу на аўто (падарунак бацькоў) нейкіх 15 км — у гэтым яна бачыць шмат плюсоў!

Як і мая суразмоўніца, Кастусь Міцкевіч калісьці прыехаў па размеркаванні працаваць у гэты ж раён, у палескую вёску Люсіна. Год адпрацаваў — і падаўся пад Пінск: у Пінкавічы. Аднак вопыт атрымаў велізарны: аж на трылогію “На ростанях” тая работа ў Люсіне Якуба Коласа падштурхнула.

“Згодна: гэта каштоўны вопыт, —згаджаецца Настасся. — І што абнадзейвае, бачу ўжо цікавасць да прадметаў у маіх вучняў”.

Як удакладніла Алена Паўлаўна, калі ў раёне быў пробны цэнтралізаваны экзамен, то амаль усе круговіцкія адзінаццацікласнікі выбралі біялогію… А яшчэ Настасся ў лістападзе 2021 года ўдзельнічала ў раённым конкурсе маладых спецыялістаў сферы адукацыі і сярод 12 канкурсантаў стала пераможцай.

Як доўга Круговіцкая школа будзе месцам яе працы? Пажывём — пабачым. Ёсць у народзе мудрасць, выпрабаваная не адным пакаленнем нашых папярэднікаў: дзе табе рады, там і рабі грады.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара