Пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі “Дзейнасць установы дашкольнай адукацыі па пашырэнні спектра адукацыйных паслуг” прайшло ў Магілёве. Мерапрыемства сабрала спецыялістаў-практыкаў з усіх рэгіёнаў краіны і горада Мінска. Вынікам двухдзённай працы стаў канчатковы варыянт звыш базавага кампанента вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, які ў перспектыве плануецца ўключыць у новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь.
—На цяперашні момант у вучэбнай праграме ёсць базавы і звышбазавы кампаненты, — патлумачыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь кандыдат педагагічных навук Альбіна Леанідаўна Давідовіч. — Звышбазавы кампанент можна рэалізоўваць як на платнай, так і на бясплатнай аснове. Сёння ён прадстаўлены чатырма кірункамі: харэаграфія, замежная мова на прыкладзе англійскай, дзіцячае ручное ткацтва і так званыя мацярынскія школы. У той жа час патэнцыял дашкольных устаноў адукацыі значна шырэйшы. Варта адзначыць і высокую зацікаўленасць бацькоў у дадатковых паслугах, за якія яны гатовы плаціць.
Для таго каб задаволіць адукацыйныя запыты сем’яў, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі і стымуляваць іх супрацоўнікаў, з’явілася неабходнасць закласці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі магчымасць рэалізоўваць новыя платныя паслугі ў рамках праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Такім чынам, ва ўстановах будуць развівацца фізкультурна-спартыўны, турыстычна-краязнаўчы, мастацка-маўленчы, інтэлектуальна-пазнавальны і іншыя актуальныя кірункі.
— Безумоўна, бацькам больш зручна, каб дзеці наведвалі басейн не ў якім-небудзь фізкультурна-аздараўленчым комплексе, а на базе сваёй установы дашкольнай адукацыі, — працягнула Альбіна Леанідаўна. — Гэта тычыцца і іншых гурткоў, якія звычайна знаходзяцца за некалькі прыпынкаў ад дома. Калі мы максімальна наблізім да бацькоў магчымасць аказання цэлага спектра паслуг, гэта будзе працаваць толькі на карысць дзіцяці, а таксама сэканоміць час і сілы бацькам. Наша мэта — даць усе магчымыя паслугі на базе дзіцячага садка, каб у мамы і таты не было неабходнасці везці дзіця некуды яшчэ.
Пытанне аказалася настолькі актуальным, што было прынята рашэнне ўнесці напрацоўкі па пэўных напрамках у звышбазавы кампанент, не чакаючы змен у Кодэксе аб адукацыі. Варта адзначыць, што пасля прыняцця дакумента звышбазавы кампанент будзе перааформлены ў тыпавыя праграмы дадатковай адукацыі ў дачыненні да дашкольнага ўзросту.
— Даступнасць дашкольнай адукацыі — гэта не толькі крокавая даступнасць, — упэўнена Альбіна Леанідаўна. — Гэта магчымасць бацькам любых катэгорый насельніцтва атрымаць якасную адукацыйную паслугу бясплатна або за даступны кошт, бо галоўная мэта дашкольнай адукацыі — стварыць роўныя стартавыя магчымасці для кожнага дзіцяці незалежна ад яго полу, месца пражывання і асаблівасцей псіхафізічнага развіцця. Разам з тым арганізацыя платных паслуг не ставіцца вышэй за ўсё. Гэты від дзейнасці дашкольнай адукацыі не павінен стаць асноўным.
Работа Рэспубліканскага савета ў Магілёве была пабудавана такім чынам, што кожны з прысутных кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі мог падзяліцца сваім вопытам у арганізацыі тых ці іншых адукацыйных паслуг. Акрамя таго, у рамках пленарнага пасяджэння абмяркоўваліся пытанні нарматыўна-прававога рэгулявання адукацыйных паслуг на платнай аснове, прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў як адной з умоў якасці дадатковых паслуг і інш.
Асобную ўвагу прысутныя ўдзялілі знаёмству з развіццём дашкольнай адукацыі ў Магілёўскай вобласці. Так, удзельнікі савета наведалі яслі-сад у вёсцы Сумарокава Магілёўскага раёна, а таксама яслі-сады № 116 і № 112 абласнога цэнтра. Акрамя таго, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Анатольеўна Багноўская расказала аб забеспячэнні якасці адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі рэгіёна.
— Выпрацоўка канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Магілёўскай вобласці да 2020 года і на перспектыву — да 2030 года — накіравана на ўдасканаленне механізмаў павышэння якасці, захаванне даступнасці, абнаўленне матэрыяльнага і інфармацыйнага забеспячэння адукацыі, — адзначыла яна. — У бягучым навучальным годзе на базе 482 устаноў рэгіёна дашкольную адукацыю атрымліваюць каля 45 тысяч дзяцей. Ахоп дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў склаў 96,6%. За апошнія два гады колькасць груп кароткачасовага знаходжання павялічылася ў вобласці на 86% — з 311 у 2015 годзе да 580 у 2017 годзе. Сёння мацярынскія школы, адаптацыйныя і прагулачныя групы працуюць практычна ва ўсіх раёнах вобласці. Колькасць ахопленых платнымі паслугамі дзяцей узрасла больш як на 3,8 тысячы чалавек.
Падводзячы вынік, удзельнікі пашыранага пасяджэння Рэспубліканскага савета кіраўнікоў дашкольнай адукацыі адзначылі, што такія мерапрыемствы спрыяюць удасканаленню работы на месцах. Яны дазваляюць пераняць пазітыўны вопыт, абмеркаваць актуальныя пытанні і ўбачыць, як яны вырашаюцца на прыкладзе іншых абласцей, атрымаць кампетэнтную ацэнку працы з боку прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі. Гэта дае магчымасць зрабіць з падрыхтаванага праекта той дакумент, які рэальна будзе працаваць на практыцы.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.