Адукацыя праз інавацыі

- 11:24Навіны рэгіёнаў, Рознае

З новага навучальнага года ў сярэдняй школе № 2 Чавус пачаў функцыянаваць першы ў вобласці адукацыйны STEM-цэнтр.

Як паведаміла дырэктар установы Наталля Кірпічова, інавацыйны цэнтр быў створаны ў рамках мясцовай ініцыятывы “STEM-адукацыя для актывізацыі творчага і інавацыйнага патэнцыялу дзяцей і моладзі Чавускага раёна”.

— Ідэйным натхняльнікам ініцыятывы выступіла раённае прадстаўніцтва Магілёўскага экалагічнага аб’яднання “ЭНДО”. А магчымай яе рэалізацыя стала дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. У выніку перамогі ў першым конкурсе ініцыятыў праекта ЕС-ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” нам была выдзелена дапамога ў памеры 13 797 еўра, — расказала Наталля Сцяпанаўна.

За гэтыя сродкі ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра была створана сучасная лічбавая лабараторыя, абсталяваная мікраскопам, датчыкамі, якія дазваляюць дакладна вымяраць хімічныя, біялагічныя і фізічныя параметры. Усе прыборы ў новай лабараторыі далучаюцца да камп’ютараў, што дае школьнікам магчымасць не толькі назіраць за пэўнымі з’явамі, але і адлюстроўваць усе працэсы на графіках і дыяграмах. Дапамогу ў сваіх даследаваннях навучэнцы могуць знайсці ў бібліятэцы, якая папоўнілася новымі падручнікамі і дапаможнікамі.

— Акрамя гэтага, мы закупілі пяць камплектаў па робататэхніцы. Ужо арганізавана і адпаведнае аб’яднанне па інтарэсах. У сувязі з гэтым зацікаўленыя вучні, наведваючы цэнтр, змогуць таксама вучыцца праграмаванню, — адзначыла Наталля Кірпічова.

Адметна, што доступ да абсталявання ў цэнтры інавацыйнай адукацыі будзе адкрыты для ўсіх школьнікаў і настаўнікаў раёна, у тым ліку і для сельскіх вучняў.

— Мы разлічваем, што функцыянаванне STEM-цэнтра значна павысіць інтэлектуальны патэнцыял нашых дзяцей. Магчымасці асвойваць сучасныя тэхналогіі павінны быць ва ўсіх, таму па неабходнасці будзе арганізаваны падвоз навучэнцаў сельскіх школ да нас на заняткі, — падкрэсліла Наталля Сцяпанаўна.

Адкрыццё STEM-цэнтра ў сярэдняй школе Чавус стала першым крокам рэалізацыі карыснага праекта. Зараз стартаваў другі яго этап. У планах арганізатараў — абсталяванне падобнага адукацыйнага цэнтра на базе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.