Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Навукова-метадычнае суправаджэнне павышэння кваліфікацыі педагогаў: вопыт, праблемы, перспектывы” прайшла днямі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мэтай мерапрыемства было выяўленне эфектыўнага педагагічнага вопыту і распрацоўка падыходаў да сістэмнага росту прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў і спецыялістаў адукацыйнай галіны. У навуковым форуме, які адбыўся ўжо другі раз, прынялі ўдзел амаль дзвесце педагагічных работнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Да абмеркавання пытанняў прафесійнай адукацыі і самаадукацыі настаўнікаў удзельнікі канферэнцыі падышлі грунтоўна. Актуальныя праблемы і станоўчыя распрацоўкі яны разглядалі падчас секцыйных і пленарнага пасяджэнняў, а таксама шматлікіх майстар-класаў.
Так, супрацоўнікі МДАІРА Таццяна Седзіна і Ія Атрашэнка на справе прадэманстравалі калегам інтэрактыўныя прыёмы і формы метадычнай работы з педагогамі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіна Бяляева расказала, як выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання на карысць грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Метадысты ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Магілёва Ірына Рамашкевіч і Алена Емяльянава падзяліліся вопытам прымянення дыстанцыйнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя MOODLE. Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 2 Магілёва Кацярына Ляшчэвіч прадставіла свой вопыт па фарміраванні камунікатыўных навыкаў дзяцей праз вывучэнне замежнай мовы, а настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 Крычава Алена Цілюпа расказала пра рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу да вывучэння біялогіі.
Развагі наконт бесперапыннасці, пераемнасці і практыка-арыентаванасці адукацыі былі працягнуты на пленарнам пасяджэнні. Рэктар МДАІРА Ірына Старавойтава акрэсліла асноўныя напрамкі дзейнасці інстытута ў сістэме бесперапыннай адукацыі дарослых. За год вучэбнымі мерапрыемствамі інстытут ахоплівае каля 11 тысяч педагогаў. Праграмы вучэбных курсаў павышэння кваліфікацыі ўдасканальваюцца, актыўна ўкараняюцца дыстанцыйныя формы навучання.
— Інстытут знаходзіцца ў рэжыме развіцця. У гэтым заслуга нашых творчых і таленавітых работнікаў. Агульнымі намаганнямі ўсяго калектыву мы і надалей будзем рухацца наперад, да новых поспехаў і дасягненняў, — адзначыла Ірына Анатольеўна.
Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці абласнога інстытута развіцця адукацыі — актыўнае супрацоўніцтва з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.Куляшова. Пра гэта на пасяджэнні расказала дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ВНУ Ірына Камарова.
— Супрацоўніцтва вядзецца ў рамках рэгіянальнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Вучэбныя мерапрыемствы, у якіх задзейнічаны супрацоўнікі нашых устаноў, спрыяюць павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў дашкольнага профілю, таму ў планах — развіццё гэтых форм работы і рэалізацыя новых ідэй для ўзаемадзеяння, — сказала Ірына Анатольеўна.
У ходзе пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся шмат цікавага падчас выступлення загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Дрыбінскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Любові Тарасенка, якая паведаміла пра спосабы арганізацыі эфектыўнай метадычнай работы з педагогамі. Загадчык кафедры дыдактыкі і прыватных методык МДАІРА Валянціна Гірына нагадала пра асноўныя арыенціры дыдактычных працэсаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. А намеснік дырэктара прыватнай сярэдняй агульнаадукацыйнай установы “Обнінская свабодная школа” Ірына Леках прадставіла калегам эксперыментальны курс дадатковых заняткаў па павышэнні паспяховасці вучняў па прадметах прыродазнаўчага цыкла. Лейтматыў кожнага даклада заключаўся ў тым, што настаўнік застаецца прафесіяналам да той пары, пакуль не перастае вучыцца, займацца самаадукацыяй.
У гэтым пераконвалі і шматлікія выступленні на тэматычных секцыях. Так, на секцыйных пасяджэннях абмяркоўвалі гісторыю развіцця адукацыі Магілёўшчыны, дзейнасць кіраўнікоў сістэмы адукацыі, прафесійную самаадукацыю педагогаў у сучасных умовах, тэорыю і практыку дапрофільнага і профільнага навучання, выяўленне і абагульненне эфектыўнага педагагічнага вопыту па арганізацыі адукацыйнай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, якасць і эфектыўнасць сучасных адукацыйных методык і шэраг іншых надзённых пытанняў.
Пры падвядзенні вынікаў работы ўдзельнікі канферэнцыі прызналі эфектыўнасць сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі і вядучую ролю інстытутаў развіцця адукацыі ў гэтым працэсе. Былі выказаны і канкрэтныя пажаданні аб распрацоўцы вучэбных планаў павышэння кваліфікацыі педагогаў, аб больш частым правядзенні заняткаў у актыўных і інтэрактыўных формах, майстар-класаў, вучэбных семінараў. Адметна, што ўсе ўдзельнікі навуковага форуму аднагалосна адзначылі і мэтазгоднасць пастаяннага правядзення падобных сустрэч.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.