Пераможцаў ХІII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера” днямі назвалі ў Мінску. “У гэтым годзе беларуская прэса падарыла шмат выдатных праектаў, якія расказваюць пра тое, як жывуць беларусы, як славяць сваю родную зямлю. Гэта яшчэ раз даказвае: СМІ служаць свайму народу, сваёй краіне”, — адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Паводле яе слоў, беларускім СМІ давяраюць, і высокі давер важна апраўдаць годнай працай.
Праект “Адукацыя ў асобах” “Настаўнiцкай газеты” стаў адным з лаўрэатаў у намінацыі гран-пры “Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў”.
Гэта чарговая перамога ў справе папулярызацыі педагагічнай адукацыі і ўзняцця прэстыжу педагагічнай прафесіі, статусу настаўніка і яго ролі ў грамадстве.
Яшчэ адным лаўрэатам названы праект “Чарнобыль: 30 гадоў назад” першага намесніка галоўнага рэдактара “Сельскай газеты” Міхаіла Кучко, а гран-пры ў названай намінацыі ўдастоены пошукава-патрыятычны праект “Каардынаты памяці: Шталаг-352 раскрывае свае таямніцы” газеты “Рэспублiка”.
Сярод сёлетніх пераможцаў ХІII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера” — і нашы калегі з беларускага часопіса для малышоў ад 2 да 4 гадоў “ТОПА”. Часопіс удастоены “Залатой Ліцеры” ў намінацыі “Дэбют года”.