Адукацыя ў гімназіі № 10 — на дзясятку

- 12:07Навіны рэгіёнаў

Гімназія № 10 Гродна занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару за дасягненні найлепшых паказчыкаў у галіне сацыяльна­-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі. Указ № 158 “Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2016—2020 гады і за 2020 год” быў падпісаны Прэзідэнтам Беларусі 21 красавіка бягучага года. Адна са старэйшых устаноў адукацыі на Гродзеншчыне, неаднаразовы прызёр гарадскога агляду­-конкурсу, гімназія чарговы раз пацвердзіла правільна выбраны курс на якасць адукацыйнага працэсу. Гэта высокая адзнака доўгай і карпатлівай працы ўсяго калектыву, лічыць дырэктар гімназіі № 10 Гродна Алена Зінчук.

— Жаданне выконваць сваю работу сумленна — крэда калектыву, а наша асноўная справа — вучыць і выхоўваць вучняў, — падкрэсліла Алена Зінчук. — Усё вельмі проста: дзяцей трэба шчыра любіць, яны сапраўды выдатныя. І гэта мая асабістая жыццёвая пазіцыя. Ніколі не пашкадавала, што прысвяціла сваё жыццё сістэме адукацыі, а працую тут бесперапынна пачынаючы з 1989 года. І не верце тым, хто кажа, што ў школе выкладаць цяжка. Тут працаваць выдатна. Галоўнае, быць шчырым, добрасумленным і любіць сваю справу.

Адкрытая ў 1944 годзе як 45­-я сярэдняя чыгуначная школа, яна прыняла апаленых вайной дзяцей, якія цягнуліся да ведаў. І задача вучыць і выхоўваць сапраўдных грамадзян сваёй краіны, што стаяла перад настаўнікамі тых далёкіх гадоў, вызначыла слаўны шлях установы адукацыі. З 1961 года гэта ўжо школа № 10 з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, а з ліпеня 2009 года — гімназія № 10 Гродна.

Складнікі развіцця

Кіраўнік гімназіі вызначыла тры складнікі паступальнага развіцця гімназіі на сучасным этапе: кадры, матэрыяльнае забеспячэнне і стабільнасць.

— Менавіта кадравая палітыка з’яўляецца вызначальнай у рабоце любой установы. Мы можам ганарыцца калектывам прафесіяналаў­-аднадумцаў, якія выразна вызначаюць ролю і месца настаўніка ў рабоце з дзецьмі, фарміраванні іх ведаў і грамадзянскай пазіцыі ў сучасным грамадстве. Усе нашы педагогі — з вышэйшай адукацыяй, 85 працэнтаў з іх — настаўнікі вышэйшай і першай катэгорыі, усе з году ў год павышаюць свой прафесійны ўзровень. У бягучым навучальным годзе пяць педагогаў атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі, граматы абласнога і гарадскога ўзроўняў, — расказала Алена Зінчук.

Для таго каб якасна вучыць дзяцей, павінна быць добрая матэрыяльна­-тэхнічная база. Сучаснае аснашчэнне вучэбных кабінетаў, стапрацэнтнае абнаўленне спартыўнай базы, мадэрнізацыя і рэканструкцыя харчаблока з заменай тэхналагічнага абсталявання, захаванне неабходных умоў для бяспечнага знаходжання ва ўстанове, азда­раўленне навучэнцаў — гэта толькі частка выканання Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”.

А.Зiнчук.

Усе пачынанні ў гімназіі заўсёды знаходзяць падтрымку Міністэрства адукацыі. Установа, якая на працягу апошніх 12 гадоў працуе ў рэжыме пастаяннага інавацыйнага развіцця, штогод становіцца эксперыментальнай або інавацыйнай пляцоўкай. Дзякуючы рэалізаваным праектам, з’явіліся сучасныя кабінеты біялогіі, фізікі і хіміі. Створаны два раённыя рэсурсныя цэнтры па хіміі і біялогіі, якія ў гэтым годзе пераходзяць у статус абласных.

— Стабільнасць — гэта калі ва ўмовах сацыяльна арыентаванай палітыкі дзяржавы, пры ўсебаковай падтрымцы Міністэрства адукацыі, органаў улады сістэма адукацыі захоўвае сваю ўстойлівасць, функцыянуе і развіваецца, выконваючы асноўную задачу: навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, сапраўдных грамадзян Беларусі, — дадала кіраўнік гімназіі.

Пачатковая школа: навучыць вучыцца

Калектыў пачатковай школы, а гэта 16 педагогаў, выбраў для сябе прафесійнае крэда: “Не спяшацца вучыць, а навучыць вучыцца”.

— Мы лічым, што важнымі складнікамі ўрока ў пачатковай школе з’яўляюцца: поспех — любому дзіцяці незалежна ад яго здольнасцей неабходна ствараць сітуацыю поспеху; радасць — важна вучыць з радас­цю; творчасць — урок павінен прыносіць задавальненне і настаўніку, і вучню; камфортнасць — патрэбна стварыць камфортную атмасферу для працы і творчасці, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Юлія Валько.

Ужо на першай ступені навучання арганізавана сістэм­ная работа з адоранымі дзецьмі. І гэта дае вынік. Толькі за апошнія пяць гадоў у гімназіі 48 прызёраў раённых алімпіяд, 147 — міжнародных інтэлектуальных конкурсаў. Вучні пачатковых класаў — пераможцы Рэспубліканскага анлайн­-конкурсу па інфарматыцы, неаднаразовыя пераможцы рэспубліканскага конкурсу “300 талентаў для Каралевы”, прызёры гарадскога конкурсу па шашках і шахматах. Штогод каманда гімназіі становіцца пераможцай міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму”.

Алімпіядныя тыдні “Эрудыт”, акадэмія малодшых школьнікаў “Сузор’е”, клуб “Крылаты дазор”, удзел у навукова­-практычных канферэнцыях і розных праектах — далёка не поўны пералік цікавых спраў, у якія ўцягнуты самыя маленькія вучні. У мінулым годзе на абласной канферэнцыі даследчых работ “Я пазнаю свет” вучань 2 класа Алег Насута і трэцякласнік Мікалай Дзянісік атрымалі дыпломы.

Крок у прафесійным развіцці

Дыплом лаўрэата заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у гэтым навучальным годзе атрымала настаўніца замежнай мовы Таццяна Качан. Пасля 18 гадоў работы ў ГрДУ імя Янкі Купалы педагог зрабіла ўсвядомлены выбар. Падчас работы ў вышэйшай школе ёй заўсёды падабалася практычная накіраванасць, таму з вялікім жаданнем прыйшла ў гімназію, дзе ўвесь назапашаны тэарэтычны вопыт змагла выкарыстаць на практыцы. А навукова­-даследчую работу цяпер вядзе з навучэнцамі.

— У нашай гімназіі створаны ўсе ўмовы для прафесійнага росту настаўніка, — упэўнена Таццяна Качан. — І, безумоўна, нашы вучні, іх дапытлівы розум, уменне ўбачыць не­звычайнае ў звычайным, жаданне пазнаваць новае стымулюць нас, педагогаў, шукаць новыя метады і формы работы. Удзел у конкурсе “Настаўнік года” стаў для мяне незабыўным вопытам і дапамог зрабіць велізарны крок у прафесійным развіцці.

Было вельмі прыемна ўбачыць матываваных калег, па­дзяліцца вопытам і паглядзець, якія новыя формы і метады яны выкарыстоўваюць. З гэтым багажом вярнулася ў родную гімназію, каб адкрываць новыя гарызонты не толькі для сябе, але і для сваіх вучняў.

Матывацыя на глыбокія веды

Стабільна высокія вынікі гімназісты паказваюць на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Больш за паўвека працуе ў гімназіі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Мялешка і ўжо 20 гадоў рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах, навукова­-практычных канферэнцыях. На працягу апошніх дзесяці гадоў выхаванцы педагога становяцца пераможцамі абласных і рэспуб­ліканскіх этапаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Сярод іх — старшакласніцы Настасся Журневіч, Дар’я Сончык і Святлана Астроўская. Настасся расказала, што збіраецца паступаць на філалагічны факультэт БДУ і звязаць сваё жыццё з навукай, унесці ўклад у развіццё роднай мовы. А Дар’я зацікавілася мовай яшчэ ў 3 класе і з таго часу прымае ўдзел у алімпіядным руху.

— Падрыхтоўка вучняў да алімпіяды патрабуе сістэмнасці, прадуманасці, скіраванасці, адметных методык, якія грунтуюцца не толькі на патэнцыяле ведаў, — падкрэсліла Ірына Мялешка. — У час алімпіяды вучань можа максімальна раскрыць духоўны і творчы патэнцыял, знайсці ў сабе тое адметнае, чым кожны з нас цікавы для іншых як асоба (харызма, артыстызм). Менавіта такое спалучэнне методык падрыхтоўкі дазваляе выхаваць пераможцаў духоўных, хто незалежна ад выбару будучай прафесіі жыве мовай і ўключае іншых у прастору нацыянальнай беларускай культуры. Многія сённяшнія журналісты, філолагі, педагогі сталі на шлях служэння роднаму слову менавіта дзякуючы рэспубліканскай алімпіядзе.

Гісторыя ажывае ў музеі

Частка будынка гімназіі — “пакгаўз на Гарадніцы”, элемент культурна­-гістарычнай спадчыны другой паловы XVIII стагоддзя. Невыпадкова традыцыйная гарадская навукова­-практычная канферэнцыя, а ў гімназіі ўжо прайшла сёмая, носіць назву “Гарадніца”. Канферэнцыя ўжо выйшла са звыклага фармату, і частка даследаванняў право­дзіцца на англійскай мове, у форме літаратурна­-паэтычнай творчасці.

— Таксама невыпадкова менавіта ў старой частцы будынка размешчаны музей “Беларусь няскораная”, — расказаў намеснік дырэктара гімназіі Дзмітрый Бараноўскі. — Мы ганарымся тым, што фонды музея збіраліся разам з удзель­нікамі партызанскага руху на Гродзеншчыне, таму многія экспанаты ўнікальныя. У музеі шмат макетаў, у тым ліку макет партызанскай зямлянкі. Музей з’яўляецца не толькі цэнтрам патрыятычнага выхавання, але і цэнтрам пошукавай дзейнасці.

Экскурсіі вядуць вучні 6—11 класаў. Настаўніца гісторыі Наталля Банцэвіч на працягу многіх гадоў была кіраўніком музея, сёння яна рыхтуе лектарскую групу малодшых школьнікаў, а старэйшую — настаўніца гісторыі Наталля Юдэнка.

У мінулым годзе ў гімназіі адкрыўся яшчэ адзін музей — “Жыццё і культура Кітая”. Гімназісты, якія вывучаюць кітайс­кую мову, з цікавасцю пазнаюць культуру Кітая і расказваюць пра гэтую краіну іншым школьнікам.

“МедыяІдэя на 10”

На працягу трох гадоў у гімназіі працуе гімназічны медыя­-цэнтр “МедыяІдэя на 10”, якім кіруе настаўніца рускай мовы і літаратуры настаўнік­-метадыст Ірына Гальвіна. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з кафедрай журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Праводзяцца сустрэчы, майстар­-класы з практыкуючымі журналістамі. Гімназісты бываюць на тэлеканале “Гродна Плюс”, у тэлерадыёкампаніі “Гродна”, тэлестудыі “Студэнцкі медыяцэнтр”, дзе спрабуюць сябе ў якасці тэле­- і радыёвядучых.

— Мы працуем з друкаванымі, электроннымі і інтэрнэт­-СМІ: выпускаем літаратурны часопіс, развіваем акаўнты медыяцэнтра ў сацыяльных сетках і адукацыйны сайт, выпускаем тэлепраграмы і працуем над стварэннем радыё, — адзначыла Ірына Гальвіна. — Медыяцэнтр з’яўляецца эфектыўным сродкам падтрымкі сацыяльнага і прафесійнага станаўлення навучэнцаў, крэатыўнай пляцоўкай развіцця не толькі іх творчых здольнасцей, але і масавай медыяпісьменнасці. Тут яны вучацца крытычна ду­маць, чытаць тэксты і асэнсоўваць іх, інтэрпрэтаваць. Гэтыя навыкі спатрэбяцца ў любой сферы.

Члены медыяцэнтра — пастаянныя ўдзельнікі рэспуб­ліканскага фестывалю медыяпраектаў “Медыясфера”. У 2020 годзе іх праект быў адзначаны дыпломам III ступені. А ў 2021 годзе гімназісты прадставілі ўжо тры фотапраекты, адзін тэлепраект і два інтэрнэт­-праекты. Інтэрнэт­-праект адукацыйнага сайта “Дзеці адукоўваюць дзяцей” быў адзначаны дыпломам I ступені, а фотапраект “Тут мала ўбачыць, тут трэба прыгледзецца” атрымаў дыплом у намінацыі “Арыгінальны ракурс”.

І гэта толькі частка той работы, што праводзіцца ва ўстанове адукацыі. Сёння ў гімназіі № 10 Гродна атрымліваюць веды і выхоўваюцца 1050 вучняў. Стабільна высокі сярэдні бал паспяховасці — 8,4, перамогі на алімпіядах і творчых конкурсах, выдатныя вынікі выпускнікоў на ЦТ, 92 працэнты з якіх становяцца студэнтамі УВА, — усё гэта яшчэ раз пацвярджае якасць адукацыі ў гімназіі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.