Адукацыя як шматгранны працэс

- 8:50Актуально, Апошнія запісы

Напрыканцы тыдня міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе правёў сустрэчу са студэнцкім актывам і азнаёміўся са станам спраў і перспектывамі развіцця ўніверсітэта.

Рэктар эканамічнага ўніверсітэта Аляксей Ягораў адзначыў, што ўзровень універсітэцкай адукацыі вельмі высокі, і звярнуў увагу, што выкладчыкі ў адукацыйным працэсе карыстаюцца самымі сучаснымі метадамі. У БДЭУ рэалізуецца праграма трансфармацыі адукацыйнага працэсу, ствараецца практыка-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе, выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі навучання.

Перад сустрэчай са студэнтамі міністр азнаёміўся з выставай навуковых, творчых дасягненняў універсітэта, з дзейнасцю студэнцкіх ініцыятыў: студэнцкага клуба, творчых майстэрняў. Асобна студэнты спыніліся на прэзентацыі праектаў па патрыятычным выхаванні. Расказвалі пра літаратурныя зборнікі, агучвалі вынікі пошукавай работы. Гаварылі пра развіццё валанцёрскага руху ва ўніверсітэце.

Сустрэча міністра са студэнтамі БДЭУ (у асноўным першакурснікамі) доўжылася больш за дзве гадзіны. Яна праходзіла ў анлайн- і афлайн-фармаце.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што аб’ектыўная патрэба сённяшняга дня — захаваць лепшыя здабыткі беларускай адукацыі (нацыянальныя рысы, дзяржаўную падтрымку, даступнасць, бясплатнасць, справядлівасць, высокую якасць, стабільнасць, улік сацыяльна-эканамічных умоў) і адначасова абаперціся на сусветныя адукацыйныя тэндэнцыі, выкарыстоўваць вывераны вопыт іншых краін, не паўтараць іх памылак і прымаць толькі лепшае, найбольш дасканалае.

Пры гэтым асноўныя падыходы па напрамках развіцця сістэмы адукацыі застаюцца нязменнымі, Беларусь была і застаецца сацыяльна арыентаванай прававой дзяржавай, у цэнтры ўвагі якой — чалавек.

Міністр адзначыў, што сёння студэнты з’яўляюцца актыўнымі суб’ектамі адукацыйнага працэсу. Яны павінны не толькі атрымлі­ваць неабходныя веды, але і ўключацца ва ўсе віды жыццядзейнасці ўніверсітэта, быць партнёрамі пры прыняцці важных рашэнняў.

Акрамя таго, ён адзначыў, што далейшае развіццё вышэйшай адукацыі замацавана ў Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, якая распрацавана ў развіццё рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

Аб’ектыўная патрэба сённяшняга дня — захаваць лепшыя здабыткі беларускай адукацыі і адначасова абаперціся на сусветныя адукацыйныя тэндэнцыі, выкарыстоўваць вывераны вопыт іншых краін.

Сёння перад вышэйшай школай стаіць шэраг актуальных задач: павышэнне якасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў, эфектыўнасць узаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў; працяг фарміравання інавацыйнай інфраструктуры ўніверсітэцкай навукі, стварэнне ўмоў для далучэння моладзі да навукова-інавацыйнай дзейнасці і выкладчыцкай работы. Усе гэтыя нормы прапісаны ў гэтых галоўных дакументах.

За час сустрэчы міністр адукацыі спыніўся на многіх актуальных адукацыйных тэмах і падрабязна адказаў на пытанні студэнтаў, якіх цікавіла развіццё дыстанцыйнага навучання (ці варта чакаць якіх-не­будзь істотных змен у адукацыі ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй), стварэнне і адкрыццё адзінай электроннай пляцоўкі ўніверсітэтаў Беларусі для ўдзе­лу студэнцкай грамадскасці ў конкурсных мерапрыемствах, пошук вакансій для працаўладкавання, змяненні новага Кодэкса аб адукацыі ў частцы вышэйшай адукацыі і шмат чаго іншага.

Што тычыцца дыстанцыйнага навучання, звязанага з пандэміяй, Ігар Васільевіч падкрэсліў, што беларускія ўніверсітэты маюць дастаткова працяглую практыку выкарыстання дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у навучанні — пандэмія проста актуалізавала гэтую тэму.

Найбольшыя поспехі ў мінулым навучальным годзе былі ў тых універсітэтаў, дзе планамерна і даўно займаюцца развіццём лічбавых тэхналогій, іх інтэграцыяй у існуючыя мадэлі навучання. І па водгуках як выкладчыкаў, так і студэнтаў, у цэлым навучанне было арганізавана на высокім тэхнічным і змястоўным узроўні.

“Неабходна фарміраваць выразнае нарматыўна-прававое поле для выкарыстання дыстанцыйных тэхналогій. Мы не павінны замяняць педагога камп’ютарам.

Я схільны разглядаць адукацыю як шматгранны і ўзаемазвязаны працэс навучання і выхавання, у рамках якога фарміруецца не толькі прафесійны спецыяліст, але і асоба маладога чалавека з яго жыццёвымі і маральнымі прынцыпамі. Гэты пра­цэс адбываецца толькі ўжывую, на аснове асобаснага кантакту выкладчыка і студэнта. Віртуальнымі зносінамі або машынным навучаннем такога не заменіш”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.