“Адзін пояс, адзін шлях”

- 10:28Актуально, Апошнія запісы

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшоў форум рэктараў універсітэтаў Беларусі і Кітая “Рэалізацыя ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” у сферы адукацыі — аб’яднанне адукацыйнага і навуковага патэнцыялу Беларусі і Кітая”, у якім прынялі ўдзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка і міністр адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Чэнь Баошэн, рэктары беларускіх і кітайкіх універсітэтаў. На пасяджэнні прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.

І.В.Карпенка ў сваім прывітальным слове заявіў, што дружба паміж Беларуссю і Кітаем з’яўляецца шматграннай.

— Паміж намі няма закрытых тэм, мы па-сапраўднаму адкрыты, мы вядзём канструктыўны дыялог на карысць нашых краін, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Нас звязваюць не толькі стратэгічныя, партнёрскія, але і сяброўскія адносіны. І гэта стварае паміж намі добразычлівую, спрыяльную атмасферу для супрацоўніцтва.

Як адзначыў І.В.Карпенка, узаемадзеянне ў сферы адукацыі паміж дзвюма краінамі развіваецца дастаткова дынамічна. У яго аснове закладзены шэраг палітычных рашэнняў, якія прынялі кіраўнікі нашых дзяржаў, а таксама шэраг двухбаковых пагадненняў, у тым ліку міжурадавыя пагадненні па ўзаемапрызнанні дакументаў аб адукацыі, аб узаемным прызнанні вучоных ступеней, аб супрацоўніцтве ў адукацыі. Істотна павялічылася за апошнія гады і колькасць міжуніверсітэцкіх дагавораў аб супрацоўніцтве, на аснове якіх вядзецца абмен студэнтамі і выкладчыкамі, рэалізуюцца сумесныя праекты і навуковыя распрацоўкі. На сённяшні дзень установы адукацыі Беларусі заключылі больш за 100 двухбаковых пагадненняў з установамі адукацыі і навукова-даследчымі арганізацыямі КНР.

Вельмі цесна вядзецца супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы прафесійнай адукацыі, у магістарскай падрыхтоўцы, у студэнцкай навуцы. Гэта тлумачыцца павышэннем узаемадзеяння паміж краінамі ў палітычных і эканамічных праектах, у першую чаргу гэта тычыцца стварэння індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і будаўніцтва шэрага інавацыйных прадпрыемстваў.

— Каласальныя тэмпы палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва, якое мае доўгатэрміновую аснову, патрабуе не толькі цеснага дзелавога, але і моўнага збліжэння, — адзначыў І.В.Карпенка. — Таму вывучэнне кітайскай мовы сярод дзяцей і навучэнскай моладзі Беларусі набывае ўсё большую папулярнасць. У шэрагу сярэдніх школ Беларусі кітайская мова вывучаецца ў якасці першай замежнай мовы. На базе БДУ, МДЛУ, БНТУ функцыянуюць інстытуты Канфуцыя.

Адметным знакам у супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем у сферы адукацыі стала наведванне нашай краіны міністрам адукацыі КНР Чэнь Баошэнам. Кіраўніцтва сістэмы адукацыі Кітая ўпершыню было прадстаўлена ў Беларусі ў такім высокім статусе.

— Той прадукцыйны дыялог, які вядуць паміж сабой дзве нашы краіны, з’яўляецца асновай культурнага, моўнага, інтэлектуальнага ўзаемадзеяння, што, безумоўна, уплывае на развіццё нашых краін, — заўважыў Чэнь Баошэн. — Мы маем адзіныя кропкі сутыкнення, адзіныя тэмы, агульныя кірункі ў адукацыйнай сферы і можам узбагачаць адно аднаго, дзяліцца тым багатым вопытам, які мае кожная наша краіна. Радуе і той факт, што з кожным годам пашыраецца супрацоўніцтва непасрэдна паміж ВНУ нашых краін, расце колькасць беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Кітаі, і колькасць кітайскай моладзі, якая выбрала беларускія ўніверсітэты.

Пашырэнню міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва паспрыяюць падпісаныя ў час форуму пагадненні аб супрацоўніцтве паміж канкрэтнымі ўніверсітэтамі Беларусі і Кітая. Сярод іх — дагаворы аб супрацоўніцтве паміж БДУ, Пекінскім універсітэтам замежных моў і Хэнаньскім універсітэтам, БНТУ і Паўночна-ўсходнім універсітэтам, МДЛУ і Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэтам, БДПУ імя Максіма Танка і Паўночна-заходнім педагагічным універсітэтам і іншыя.

Як расказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук, БДПУ з’яўляецца членам Саюза ВНУ і Супольнасці вышэйшай адукацыі “Адзін пояс, адзін шлях”, які аб’яднаў ВНУ Кітая, Беларусі, Карэі, Расіі і іншых краін (усяго 47 універсітэтаў). Універсітэт супрацоўнічае з 13 універсітэтамі Кітая. Ва ўніверсітэце разам з іншымі міжнароднымі цэнтрамі дзейнічае цэнтр кітайскай мовы і культуры, якому ўжо 3 гады. На яго базе праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, якія сталі папулярнымі сярод студэнцкай моладзі. Сярод іх — традыцыйныя кітайскія святы, сустрэчы кітайскіх студэнтаў з беларускімі школьнікамі, дзейнічае клуб “Кітайская шкатулка”.

Сёння ў БДПУ вучацца 62 грамадзяніны Кітая. Кітайскія студэнты аддаюць перавагу навучанню на факультэтах даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, фізічнага выхавання, эстэтычнай адукацыі, у магістратуры і аспірантуры, праходжанні стажыровак у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

У гэтым годзе БДПУ трэці раз рэалізуе Міжнародны адукацыйны праект “Летняя школа — 2017. Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры”, у якім удзельнічаюць і кітайскія студэнты.

У час форуму сваю работу па супрацоўніцтве з калегамі з КНР прадставілі рэктары ГрДУ імя Янкі Купалы, БДТУ, ГДУ імя Ф.Скарыны, БДУ імя А.С.Пушкіна і шэраг іншых. З дзелавымі і сяброўскімі намерамі ўзаемадзейнічаць у сферы адукацыі выступілі рэктары некаторых універсітэтаў Кітая. У гэты ж дзень у БДУ адбылося сумеснае пасяджэнне камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.