Адзін рытм, адна думка, адна душа…

21—22 сакавіка адбыўся заключны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Спяваем разам”. Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Як паведаміла нашаму карэспандэнту загадчык аддзела культурна-забаўляльных праграм НЦМТДіМ Наталля Мікалаеўна Камзалава, апошні раз падобны агляд-конкурс харавой творчасці навучэнцаў праходзіў ажно ў 2010 годзе ў рамках Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”. З таго часу мінула 6 гадоў, і, безумоўна, ужо сам факт правядзення сёлета такога мерапрыемства інтрыгаваў: наколькі плённа сёння працуюць харавыя калектывы ў школах і ўстановах дадатковай адукацыі? Ці па-ранейшаму пацвярджаюць свой узровень харавыя калектывы, якія дасягалі поспехаў у мінулым? Ці з’явіліся за гэты час у жанры харавой творчасці новыя яркія зорачкі? Нарэшце, коратка — ці жывы сам жанр? Сябар журы агляду-конкурсу, кіраўнік народнай харавой капэлы “Раніца” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь і вялікі апантанец дзіцячага харавога руху Віктар Савельевіч Масленнікаў папярэдне асабіста аб’ездзіў усе абласныя гарады, дзе праводзіліся абласныя этапы агляду-конкурсу. А да гэтага прайшлі этапы на ўзроўні ўстаноў адукацыі і на раённым узроўні. Усяго на абласным этапе ў аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел каля 90 харавых калектывыў, і гэта ўжо было свайго кшталту пацвярджэннем таго, што жанр жыве, кіраўнікі калектываў самааддана працуюць, дзеці спяваюць ці, прынамсі, вучацца спяваць, нягледзячы на ўсе песімістычныя прагнозы. Дарэчы, лідарства па колькасці заяўленых на агляд-конкурс хароў трымае Гродзенская вобласць, дзе ва ўстановах дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі налічваецца 25 калектываў, з іх 15 — са званнем “узорны”. На апошніх пазіцыях у гэтым сэнсе Магілёўшчына.
З гэтых 90 харавых калектываў у заключны этап прайшлі па 7 ва ўзроставых катэгорыях 6 —13 гадоў і 14—18 гадоў. Гэтыя 14 хароў (каля 400 чалавек, з іх не з Мінска — 318) і сабраліся 21 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на заключнае конкурснае праслухоўванне. Усю другую палову дня яны прадстаўлялі свае праграмы (працягласцю да 15 хвілін), якія ацэньвала прафесійнае журы на чале з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, прафесарам кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народным артыстам Беларусі Міхасём Паўлавічам Дрынеўскім. Потым, пасля праслухоўвання, суддзі да позняга вечара дыскутавалі, часам нават вельмі сур’ёзна і горача спрачаліся, пераконваючы адно аднаго ў сваёй рацыі, але, па сведчаннях відавочцаў, ва ўсіх іх быў агульны прасветлены настрой і, адпаведна, выраз твараў. Многія з іх нават не чакалі, што ў школах — не ў школах мастацтва, а ў сярэдніх агульнаадукацыйных школах! — у хароў можа быць такі ўзровень гучання, могуць працаваць такія людзі… Выдатна паказалі сябе добра вядомыя харавыя калектывы (узорны хор “Кантылена” сярэдняй школы № 17 Баранавіч, узорны хор “Звонкія галасы” сярэдняй школы № 3 Наваполацка, узорны хор “Фэст” мінскай сярэдняй школы № 201, узорны канцэртны хор Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў і інш.), надзвычай парадавалі і некаторыя навічкі, напрыклад, хор “Бельканта” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага. Пераможцаў, уладальнікаў дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеней, проста трэба было вызначыць па рэгламенце, хаця ўсе тыя 14 хароў, якія выступілі ў фінале, ужо апрыёры былі пераможцамі.

Рашэннем журы Рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Спяваем разам” узнагароджаны:
дыпломам ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 6—13 гадоў — хор Tutti (кіраўнікі Алена Міхайлаўна Лебедзь і Ірына Аркадзьеўна Сонцава) сярэдняй школы № 3 Оршы;
дыпломам ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 14—8 гадоў — узорны хор “Звонкія галасы” (кіраўнік Жанна Васільеўна Прыданава) сярэдняй школы № 3 Наваполацка і хор “Бельканта” (кіраўнік Вера Вітальеўна Яроміч) Вялікабераставіцкай сярэдняй школы;
дыпломам ІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 6—13 гадоў — узорны хор “Салавейка” (кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна Цярэшка) сярэдняй школы № 3 Брэста;
дыпломам ІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 14—18 гадоў — узорны хор “Кантылена” (кіраўнік Віктар Аляксеевіч Кабылкін) сярэдняй школы № 17 Баранавіч і ўзорны канцэртны хор (кіраўнік Вікторыя Віктараўна Галуза) Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў;
дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі 6—13 гадоў — узорны хор “Вішанька” (кіраўнік Таццяна Ігараўна Брытко) сярэдняй школы № 115 Мінска;
дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі 14—18 гадоў — узорны хор “Фэст” (кіраўнік Эла Мікалаеўна Старажук) сярэдняй школы № 201 Мінска.

А 22 сакавіка ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў адбыліся цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт пераможцаў агляду-конкурсу харавой творчасці навучэнцаў “Спяваем разам”. Віншуючы пераможцаў і ўручаючы ім адпаведныя дыпломы, з цёплымі словамі ўдзячнасці ў адрас арганізатараў, педагогаў-хормайстраў, дзяцей выступілі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік (яна перадала віншаванні ўдзельнікам агляду-конкурсу ад міністра адукацыі Міхаіла Анатольевіча Жураўкова), дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка, сябры журы. Ключавым ва ўсіх гэтых выступленнях было слова “свята” — свята песні, свята дзяцінства, свята дружбы і еднасці. Марыя Аляксандраўна Саротнік, між іншым, нагадала прысутным высокія словы выдатнага кампазітара, педагога, хормайстра-асветніка, вялікага сябра Беларусі Георгія Аляксандравіча Струвэ: “Хор — гэта правобраз ідэальнага грамадства, заснаванага на адзіным памкненні і зладжаным дыханні, грамадства, у якім важна пачуць адно аднаго, прыслухацца адно да аднаго, грамадства, у якім індывідуальнасць не падаўляецца, а раскрываецца ў поўнай меры”. І была ў канцы гала-канцэрта нагода яшчэ раз успомніць імя Георгія Аляксандравіча, калі зводны хор заспяваў заключную песню “Беларусь мая” на яго словы, рэальна ўвасобіўшы “правобраз ідэальнага грамадства” на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў. Пасля канцэрта сваімі ўражаннямі ад заключнага этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці навучэнцаў устаноў дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі “Спяваем разам” і наогул развагамі адносна стану развіцця харавога жанру ў гэтых установах і краіне ў цэлым з “Настаўніцкай газетай” ахвотна падзялілася сябар журы, дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэмі музыкі, мастацкі кіраўнік хору Нацыянальнай акадэміі Беларусі Тамара Гаўрылаўна Слабодчыкава:
— Я як заўзяты харавік, які ўсё жыццё жыве харавой справай, вельмі рада ўсяму таму, што я пабачыла і пачула і ўчора на конкурсным праслухоўванні, і сёння на гала-канцэрце. Я толькі за тое, каб такія мерапрыемствы, якія сапраўды вельмі стымулююць і педагогаў, і дзяцей, фактычна не даюць загінуць харавому жанру, праводзіліся як мага часцей.
Той узровень, які прадэманстравалі дзеці, вельмі нядрэнны. Безумоўна, калі гаварыць з педагагічнага пункту гледжання, ёсць куды рухацца, ёсць што ўдасканальваць, ёсць што мяняць. І для гэтага, магчыма, трэба ладзіць спецыяльныя семінары, дзе кіраўнікі харавых калектываў маглі б павышаць свой прафесійны ўзровень. Хаця трэба разумець, што кіраўнік-хормайстар не заўсёды можа здзейсніць усе свае жаданні, таму што ён мае той склад калектыву, які мае. Не заўсёды ён можа сфарміраваць гэты склад так, як хоча. І таму адно тое, што кіраўнікі калектываў працуюць у тых умовах, якія ёсць, і ўсё ж дасягаюць поспеху, ужо вялікі плюс. І вялікая ім за гэта ўдзячнасць. Я назвала б іх нават героямі свайго часу, таму што яны робяць вельмі цяжкую працу. Можа, каму гэта і падаецца лёгкай справай, але насамрэч уявіце: ты сабраў дзяцей, вельмі розных дзяцей — розных ведаў, рознага тэмпераменту, рознага здароўя, але ты павінен аб’яднаць іх усіх, каб гэта быў адзін калектыў — адзін рытм, адна думка, адна душа…
У маім разуменні, метафарычна кажучы, хормайстар — гэта адмысловы палітрук. Бо тым, чым раней займаліся палітрукі праз газеты, лекцыі, партыйныя заданні і г.д., кіраўнікі харавых калектываў займаюцца сродкамі харавога мастацтва, выхоўваючы дзяцей. Хор — гэта сродак выхавання агромністай сілы, і ў такой якасці ён выкарыстоўваўся з даўніх часоў, з часоў Старажытнай Грэцыі, Старажытнага Рыма. Не дарэмна ж у адукацыі ў тыя часы былі тры складнікі — лічба, літара і нота. І вельмі шкада, што сёння нота займае ў адукацыі і выхаванні чалавека нязначнае месца. Чаму я так кажу? Ды таму, што вось гэтыя цудоўныя харавыя калектывы, якія мы сёння ўбачылі, — гэта ўсё-такі толькі малюсенькая часцінка ўсіх дзяцей Беларусі. Так, на іх прыкладзе можна паглядзець, наколькі цудоўнае гэтае мастацтва, наколькі загараюцца вочы дзетак, калі яны пачынаюць спяваць разам. Але, паўтаруся, гэтых дзетак у маштабе краіны вельмі мала. Я не заклікаю да таго, каб з Беларусі зрабіць суцэльны хор. Мне проста хацелася б, каб нашы людзі са школы валодалі арсеналам эстэтычных уражанняў і ўменняў, якія потым з імі заставаліся б па жыцці. У гэтым сэнсе ёсць цудоўны прыклад — Прыбалтыка і наогул Еўропа, дзе дзеці займаюцца харавымі спевамі на працягу дзесяці класаў і дзе харавыя святы аб’ядноўваюць тысячы людзей, фактычна аб’ядноўваюць нацыі. Мы проста мала пра гэта ведаем, але гэта так. І, напрыклад, па даных ЮНЕСКА, харавыя спевы ў свеце аб’ядноўваюць самую вялікую колькасць людзей, якія займаюцца калектыўнай творчасцю, абганяючы па гэтым паказчыку нават такія папулярныя віды спорту, як футбол ці хакей. А для таго, каб так было і ў нас, трэба проста ў звычайную сярэднюю школу ўвесці нармальныя ўрокі спеваў з нармальным настаўнікам і нармальнай праграмай, даць дзецям магчымасць развівацца ў гэтым кірунку, ствараць у звычайных школах дзіцячыя хары, як гэта было ў савецкія часы. Я помню па сабе, па сваім дзяцінстве: калі ў нашым Касцюковіцкім раёне пачынаўся агляд мастацкай самадзейнасці, я стаяла па тры дні за сцэнай з баянам і акампаніравала харам, таму што кожная вясковая школа, нават тая, у якой вучылася ўсяго 30 чалавек, прывозіла хор. Разумееце: 30 чалавек вучацца і ўсе 30 чалавек спяваюць. Няхай спяваюць аднагалосна ці двухгалосна, але людзі спяваюць.
Дарэчы, мяне асабліва парадаваў на сёлетнім аглядзе-конкурсе хор з гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца “Бельканта”. У ім я ўбачыла надзею. Бо што такое Вялікая Бераставіца? Гэта ж, па сутнасці, вялікая вёска, і вось жа знайшоўся там такі апантаны чалавек-харавік Вера Яроміч з такім жаданнем, з такой культурай. І гэта здорава, таму што вёска заўсёды была крыніцай, якая сілкавала нашу культуру. А цяпер гэтыя крыніцы, на жаль, засмечаны…
У верасні мінулага года па маёй ініцыятыве ля храма Усіх Святых у Мінску было праведзена харавое веча. Людзі, нават тыя, хто не прывучаны да харавой культуры, былі настолькі ўражаны, многія плакалі, слухаючы. Быў сапраўдны катарсіс… І я вельмі спадзяюся, што гэтая традыцыя прыжывецца. Безумоўна, многія ківаюць сёння на неспрыяльную для развіцця мастацтва эканамічную сітуацыю. Але я лічу, што разруха не ў эканоміцы, а ў мазгах. Бо падчас вайны, калі адлівалі кулі і рабілі пушкі, калі людзі паміралі і галадалі, арганізоўваліся ансамблі песні і танца. Было разуменне: калі не будзе духу, то вельмі цяжка будзе пераадолець усе нягоды. А цяпер… Ну, калі-небудзь жа надыдуць лепшыя часы для эканомікі. Галоўнае — не растаптаць харавое мастацтва, не даць яму памерці. Агляд-конкурс “Спяваем разам” якраз і дае надзею нашым педагогам-харавікам, высвечвае для іх перспектыву.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.