У Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі праведзена нарада па тэме “Актуальныя напрамкі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў 2021/2022 навучальным годзе” для педагагічных работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У нарадзе прынялі ўдзел Т.А.Сіманоўская, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі, А.С.Папова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце РІПА, доктар псіхалагічных навук, прафесар, В.А.Салаўёва, намеснік начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА РІПА, і іншыя супрацоўнікі інстытута. У нарадзе на 90 пляцоўках усіх рэгіёнаў краіны ў дыстанцыйным рэжыме ўдзельнічалі каля 500 педагагічных работнікаў, у ліку якіх былі спецыялісты абласных вучэбна-метадычных цэнтраў прафесійнай адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі.
Асноўная частка сустрэчы педагогаў была прысвечана абмеркаванню актуальных напрамкаў ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі ў 2021/2022 навучальным годзе, якія былі прадстаўлены Міністэрствам адукацыі. Сёння ў нашай краіне паспяхова рэалізуецца комплекс дзяржаўных мер, якія накіраваны на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання і маюць у сваёй аснове адпаведную нарматыўную прававую базу. Распачата рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на наступныя 5 гадоў, а таксама праграм бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, якія ў далейшым стануць фундаментам для распрацоўкі комплексных праграм выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на наступныя гады на рэгіянальным узроўні з улікам культурна-гістарычных, сацыяльна-эканамічных, дэмаграфічных і іншых асаблівасцей кожнага рэгіёна нашай краіны. У ходзе нарады былі разгледжаны прыярытэты выхаваўчай работы, якія павінны быць рэалізаваны ў найбліжэйшы час. У прыватнасці, мерапрыемствы, якія сёння праводзяцца ва ўстановах прафесійнай адукацыі пад знакам Года народнага адзінства, дазваляюць узмацніць патрыятычную накіраванасць выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю. Але, як было заўважана, трэба больш актыўна выкарыстоўваць краязнаўства і азнаямленне са знакавымі месцамі роднага краю, пашыраць навукова-даследчую работу па вывучэнні гістарычных помнікаў, удзельнічаць ва Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, а таксама ў рэспубліканскай акцыі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў “Год народнага адзінства — год добрых спраў”, прысвечаных Году народнага адзінства. Таксама пад эгідай народнага адзінства праводзіцца першы ўрок па тэме “У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны”. Акрамя гэтага, ва ўстановах прафесійнай адукацыі будзе працягнуты інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, які добра зарэкамендаваў сябе ў папярэдні час і з цікавасцю ўспрымаецца навучэнцамі. У новым навучальным годзе будзе працягнуты і рэспубліканскі культурна-патрыятычны кінамарафон “Глядзі і памятай”, прысвечаны 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У рамках кінамарафону ва ўстановах прафесійнай адукацыі неабходна арганізаваць кінапрагляды і абмеркаванне мастацкіх кінафільмаў, прысвечаных подзвігу нашага народа ў часы вайны. Арганізацыя экскурсійнай работы сёння стаіць у прыярытэце і з’яўляецца важным напрамкам грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў гордасці за Айчыну, пачуцця любові да роднага краю. З улікам гэтага ў новым навучальным годзе павінна быць пашырана работа па арганізацыі патрыятычных экскурсій па Беларусі, наведванні музеяў, мемарыяльных комплексаў з далучэннем усё большай колькасці навучэнскай моладзі.
Неабходна больш дакладна фарміраваць і інфармацыйную прастору. Гэты працэс патрабуе прынцыпова новых падыходаў у інфармацыйнай рабоце з моладдзю, заснаваных на яе актыўнасці ў вылучэнні неабходнай інфармацыі, развіцці самастойнага крытычнага і творчага мыслення, фарміраванні светапогляду і каштоўнасных арыентацый асобы. Важным складнікам ідэалагічнай і выхаваўчай работы з’яўляецца яе інфармацыйнае забеспячэнне, якое ўключае наглядную агітацыю. У новым навучальным годзе трэба ўдзяляць значную ўвагу зместаваму напаўненню сайтаў па тэме “Ідэалагічная і выхаваўчая работа”, рэгулярна анансаваць выхаваўчыя мерапрыемствы і забяспечваць зваротную сувязь. Актуальным з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў інфармацыйнай культуры, пры гэтым малады чалавек павінен быць яе галоўным суб’ектам. Такая пазіцыя павінна стаць ключавой у працэсе фарміравання інфармацыйнай прасторы ва ўстанове прафесійнай адукацыі, што і абумоўлівае актыўнае далучэнне навучэнцаў да працэсу падрыхтоўкі і правядзення інфармацыйнай работы. Важным напрамкам з’яўляецца развіццё сацыяльнай актыўнасці моладзі, грамадзянскай самасвядомасці праз удзел у дзейнасці маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Сёння ў моладзі даволі шырокі выбар сфер дзейнасці — гэта навучэнскае самакіраванне, удзел у грамадскіх аб’яднаннях, валанцёрскай дзейнасці, розных формах адпачынкавай і другаснай занятасці, работа ў будаўнічых атрадах. З года ў год павялічваецца колькасць навучэнцаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, што спрыяе мінімізацыі рызык росту негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, стварэнню ўмоў для фарміравання ў падлеткаў грамадзянскай актыўнасці, самастойнасці і адказнасці за развіццё грамадства. Пры рэалізацыі работы па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін навучэнцаў варта больш увагі ўдзяляць рабоце з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх, павышэнню іх агульнай педагагічнай і прававой культуры, узмацненню кантролю за паводзінамі падлеткаў, забеспячэнню з боку бацькоў змястоўнай адпачынкавай дзейнасці. Для гэтага неабходна арганізоўваць бацькоўскія сходы, заняткі ў бацькоўскіх універсітэтах, у тым ліку і ў дыстанцыйным рэжыме.
У новым навучальным годзе ва ўстановах прафесійнай адукацыі трэба працягваць сістэматычную мэтанакіраваную работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Прапаганда ЗЛЖ павінна ажыццяўляцца выкладчыкамі як у рамках выкладаемых дысцыплін, так і падчас пазаўрочных заняткаў. Неабходна надалей праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку шкодных звычак, фарміраванне антынаркатычнага бар’ера для моладзі, актыўна прыцягваць да гэтай работы бацькоў і праводзіць тэматычныя бацькоўскія сходы па пытаннях захавання і ўмацавання здароўя падлеткаў з запрашэннем спецыялістаў-псіхолагаў, урачоў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, кіраўнікоў спартыўных клубаў, супрацоўнікаў цэнтраў творчасці, здароўя, грамадскіх арганізацый. Пры правядзенні мерапрыемстваў па фарміраванні здаровага ладу жыцця неабходна выкарыстоўваць ужо напрацаваны вопыт: метадычны матэрыял, наглядныя дапаможнікі, відэаролікі і інш. На сайтах устаноў прафесійнай адукацыі павінны пастаянна дзейнічаць тэматычныя рубрыкі прафілактычнай накіраванасці: “Пытанне да педагога-псіхолага”, “Гутарка з псіхолагам”, павінны ўказвацца тэлефоны даверу Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, увогуле варта прапагандаваць работу “Тэлефона даверу” і “Пошты даверу”. Сістэма прафесійнай адукацыі павінна стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў падлеткаў, якія пражываюць у неспрыяльнай абстаноўцы, забяспечваць сацыяльную абарону дзяцей-сірот. Для паспяховай сацыялізацыі і далейшай інтэграцыі ў грамадства неабходна максімальна арыентаваць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на развіццё рэалістычных жыццёвых планаў. Акрамя таго, неабходна больш актыўна далучаць падлеткаў да ўдзелу ў гуртках, секцыях, грамадскіх мерапрыемствах, валанцёрскім руху, маладзёжных арганізацыях з выкарыстаннем інтэрактыўных форм работы. Акрамя таго, дзейнасць па прыцягненні да сацыяльнага асяроддзя навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і асоб з інваліднасцю, па стварэнні для іх камфортных умоў для навучання з’яўляецца адным з важных складнікаў прафесійнай адукацыі.
Адзін з напрамкаў выхавання моладзі — духоўна-маральнае выхаванне, якое ўключае ў тым ліку правядзенне навуковых даследаванняў па рэлігійна-філасофскай, псіхолага-педагагічнай, царкоўна-гістарычнай і культуралагічнай тэматыцы, а таксама валанцёрская дзейнасць. У рамках эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці па гэтай тэме рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей у навучэнскім асяроддзі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” ў пяці ўстановах, а таксама пачынаецца новы эксперыментальны праект у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі па тэме “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі ўстановы прафесійнай адукацыі як цэнтра духоўна-маральнай і інклюзіўнай культуры ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”.
Па-ранейшаму актуальна правядзенне прафарыентацыйнай работы, у якой сёння актыўна прымяняюцца дыстанцыйныя формы. У сувязі з гэтым сайт установы прафесійнай адукацыі павінен стаць ключавым інструментам вырашэння прафарыентацыйных задач. На пляцоўках сайтаў неабходна размяшчаць якасны прафарыентацыйны кантэнт: дзейнасць віртуальных кабінетаў прафарыентацыі, віртуальныя экскурсіі па ўстановах прафесійнай адукацыі, базавых прадпрыемствах і прадпрыемствах — заказчыках кадраў. У мэтах павышэння якасці прафарыентацыйнай работы рэкамендуецца выкарыстоўваць новыя фарматы — інтэрактыўныя пляцоўкі, прафарыентацыйныя майстэрні, майстар-класы, прафесійныя пробы, прафарыентацыйныя гульні, квесты, флэш-мобы, удзяляць больш увагі арганізацыі якаснай інфармацыйнай прасторы прафарыентацыйнай работы, актывізаваць яе на сайтах, у сацыяльных сетках, выкарыстоўваць вопыт работы прэс-цэнтраў у прафарыентацыйнай дзейнасці, пашырыць фармат выязных прафарыентацыйных агітбрыгад на пляцоўках школ, практыкаваць іх удзел у бацькоўскіх сходах, класных гадзінах, іншых мерапрыемствах школьнага жыцця, актывізаваць узаемадзеянне са СМІ.
У дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі ў далейшым найбольш актуальным павінна стаць пашырэнне маладзёжных ініцыятыў з прыцягненнем да прафілактычнай і здароўезберагальнай дзейнасці актывістаў БРСМ, навучэнскага самакіравання, прафсаюза навучэнцаў, валанцёрскіх атрадаў. Неабходна ўдасканальваць работу па стварэнні інфармацыйнай прасторы па выхаванні і фарміраваць інфармацыйную культуру навучэнцаў. Трэба наладзіць больш эфектыўную работу навучэнскага самакіравання за кошт пашырэння функцый органаў самакіравання, прадастаўлення права прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў маладзёжным лідарам, уключэння іх у праектную дзейнасць. Павінна стаць сістэмай правядзенне мерапрыемстваў сярод навучэнцаў 1—2 курсаў па папярэджванні выпадкаў супрацьпраўных паводзін, фарміраванні каштоўнасных адносін да свайго здароўя і жыцця ва ўзаемадзеянні з педагогамі і іншымі зацікаўленымі, аказваць своечасовую, эфектыўную індывідуальна-арыентаваную сацыяльна-педагагічную падтрымку і псіхалагічную дапамогу навучэнцам, якія маюць цяжкасці ў сацыялізацыі і канфліктныя ўзаемаадносіны, аказваць ім своечасовую псіхалагічную дапамогу. Разам з тым неабходна сканцэнтраваць увагу на павышэнні якасці і эфектыўнасці дзейнасці педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, забяспечыць своечасовае павышэнне іх кваліфікацыі з улікам спецыфікі дзейнасці ў сістэме прафесійнай адукацыі, арганізаваць іх работу сярод навучэнцаў у вольны ад вучобы час, у тым ліку ў інтэрнаце, а таксама ў шосты вучэбны дзень.
Т.А.Сіманоўская адзначыла, што для ўдасканалення выхаваўчай работы сярод навучэнскай моладзі дзейнічае шэраг дзяржаўных і галіновых праграм. Распрацавана “Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года”, дзе прадстаўлены прыярытэтныя напрамкі работы з моладдзю, мэты і задачы, а таксама механізм, формы і метады іх рэалізацыі. Стратэгія прадугледжвае ўдзел у гэтай рабоце рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых органаў улады, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў, арганізацый, у тым ліку і прыватнай уласнасці. Вядзецца распрацоўка праекта “Аб унясенні змяненняў у Закон “Аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы”. З прыняццем гэтага законапраекта з’явіцца яшчэ адзін напрамак — падтрымка маладзёжных ініцыятыў. Ён будзе ў адным шэрагу з такімі напрамкамі, як патрыятычнае выхаванне, працаўладкаванне моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця. У стратэгіі развіцця дзейнасці БРСМ пастаўлены задачы перафарматавання, пераходу да інтэрактыўных форм узаемадзеяння. Будзе ажыццяўляцца падтрымка маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі, у першую чаргу, праз сістэму настаўніцтва. Больш вопытныя педагогі выступяць для іх у ролі настаўнікаў пры арганізацыі вучэбнага працэсу, ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю. Неабходна і надалей удасканальваць работу з бацькоўскай грамадскасцю, больш актыўна прыцягваць бацькоў да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праводзяць навучальныя ўстановы, пашырыць тэматыку такіх сустрэч, больш эфектыўна уключаць бацькоў у выхаваўчы працэс. Важна актуалізаваць работу інтэрактыўнай платформы “Патриот.by”, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе. Акрамя таго, цяпер у тэставым рэжыме запушчана адзіная платформа маладзёжнай палітыкі. Да яе дзейнасці будуць далучаны дзяржаўныя органы кіравання, урад, аблвыканкамы. Гэтая платформа павінна стаць інфармацыйнай крыніцай для моладзі.
На нарадзе быў прадстаўлены шырокі пералік зборнікаў і метадычных дапаможнікаў па ідэалагічнай, выхаваўчай і прафілактычнай рабоце з навучэнскай моладдзю. Аб метадычным суправаджэнні выхаваўчай работы ў новым навучальным годзе ва ўстановах прафесійнай адукацыі расказала В.А.Салаўёва. Т.А.Карпуць, метадыст аддзела зместу і форм выхаваўчай работы цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, паведаміла, як укараняецца сертыфікат дасягненняў выпускніка ўстаноў прафесійнай адукацыі.
Ала КЛЮЙКО.