Адзначылі прафесійнае свята

- 12:13Адукацыйная прастора

Звыш пяцісот педагагічных работнікаў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці аб’яднала надоечы святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка.

Магілёўскае настаўніцтва — гэта таленавітыя, творчыя, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю прафесію лю­дзі. Іх агульным імкненнем за апошнія гады ў сістэ­ме адукацыі вобласці ўдалося дасяг­нуць многіх станоўчых тэндэнцый. Добрыя вынікі назіраюцца па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. І вельмі важна, што ўсе яны сталі магчымы дзякуючы прафесіяналізму педагогаў.

Сёння настаўнікі не проста вучаць дзяцей. Як падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні Магі­лёўскага аблвыканкама Валерый Ана­тольевіч Малашка, адчыняючы дзіцяці дзверы ў свет ведаў, выхоўваючы яго, педагогі фарміруюць асобу юнага патрыёта, закладваюць асновы будучыні Беларусі. 

 — Усё жыццё мы з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспа­мінаем сваіх настаўнікаў. Упэўнены, быць педагогам — гэта прызванне, гэта лёс. Ва ўсе часы педагогі знаходзіліся ў цэнтры грамадскага жыцця, з’яўляючыся захавальнікамі ведаў, культуры і найвышэйшых духоўных каштоўнасцей. Перад сістэмай адукацыі зараз стаяць вельмі важныя задачы. Неабходна павышаць якасць і забяспечваць даступнасць навучання на ўсіх яго ўзроўнях. Трэба выхоўваць маладое пакаленне працавітым, культурным, здаровым і маральным, прывіваць яму любоў да роднай зямлі, павагу да духоўных каштоўнасцей нашага народа, імкненне стаць сапраўднымі майстрамі сваёй справы. І радуе, што магілёўскія педагогі дэманструюць у гэтым плане выключны прафесіяналізм. Мы цэнім вашу самааддачу, ініцыятыву, імкненне да самаўдасканальвання, — адзначыў Валерый Анатольевіч, шчыра падзякаваўшы настаўнікам, ветэранам за іх нялёгкую працу.

Педагогі Магілёўшчыны сёння па праве могуць ганарыцца сваімі поспехамі. Адны з самых значных — шматлікія перамогі вучняў на міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. У рэгіянальнай сістэме адукацыі сёння зроблена нямала. Але ўдасканальванню няма мяжы.

— Нам і далей неабходна ісці ў нагу з часам, рухацца наперад, прымнажаць працоўныя вынікі. Любыя, нават самыя высокія, задачы будуць пад сілу, галоўнае, як і раней, імкнуцца да іх разам, агульнымі намаганнямі, — заўважыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Аляксандравіч Сыранкоў, пажадаўшы ўсім педагогам новых творчых дасягненняў, а таксама здароўя і дабрабыту.

Бясконцыя словы віншаванняў гучалі ў адрас настаўнікаў Магілёўшчыны. Неаднаразова падымаліся на сцэну і лепшыя педагогі. За добрасумленную плённую працу іх адзначалі ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, Магілёўскага абл­выканкама, абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі. Два прадстаўнікі галіны атрымалі нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”: узнагароды ўдастоіліся метадыст Касцюковіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Іванаўна Дзянісава і настаўніца біялогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Наталля Сяргееўна Колчына.

Завяршальнай нотай урачыстасці стаў канцэрт — яшчэ адзін цудоўны падарунак на свята.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.