Сёння — 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Юбілей паэта ў Мінску адзначаць шэрагам мерапрыемстваў, прычым на любы густ і ўзрост.
Хацелі б даведацца, што чытаў Максім Багдановіч?.. Калі так, то вам у Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча ладзіцца выставачны праект “Бібліятэка Максіма”. Гэта своеасаблівая музейная рэканструкцыя бібліятэкі нашага класіка і кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя, прысвечаная творцу. Максім Багдановіч, валодаючы рэдкім талентам, праславіўся не толькі як арыгінальны і непаўторны мастак слова, паэт-наватар, але і як выдатны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, глыбокі гісторык і тэарэтык літаратуры, пісьменнік-публіцыст і празаік. Ён таксама быў вядомым кнігалюбам, сістэматычна вывучаў публікацыі перыяду новага беларускага адраджэння і збіраў асабістую бібліятэку, якая, на жаль, не захавалася.
У межах музейнай рэканструкцыі бібліятэкі прадстаўлены экзэмпляры з аўтографамі паэта, беларускія выданні пачатку ХХ ст. выдавецтваў Санкт-Пецярбурга, Вільні і Мінска, першыя беларускія газеты і календары, першыя выпускі твораў класікаў нацыянальнай літаратуры і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія маглі б захоўвацца ў Максіма Багдановіча. У сваю чаргу кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаёміць з выданнямі твораў мастака слова, літаратурай аб жыцці і творчасці беларускага песняра, перакладамі і юбілейнымі выданнямі. Выстава будзе працаваць
да 15 студзеня.
• Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі запрашае на выставу “Бібліятэка Максіма”;
• Літаратурны музей Максіма Багдановіча 9 снежня прэзентуе кнігу “Максім Багдановіч” з серыі ЖЗЛ;
• Белдзяржфілармонія рыхтуе 11 снежня святочны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча.
У сваю чаргу Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае 9 снежня на прэзентацыю кнігі “Максім Багдановіч” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, дзе адбудуцца выступленні ўкладальнікаў кнігі, супрацоўнікаў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, народнага тэатра “Жывое слова” (БДПУ імя Максіма Танка) і ганаровых гасцей мерапрыемства. Там жа, толькі 10 снежня, юных наведвальнікаў чакае квіз “Загадка Багдановіча”.
Калі ж вам больш даспадобы музыка, то завітайце 11 снежня ў вялікую залу Белдзяржфілармоніі, дзе адбудуцца ўрачыстая вечарына і святочны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. На ім прагучаць песні на вершы паэта, музыку да якіх напісалі выдатныя кампазітары Уладзімір Мулявін, Ігар Лучанок і Ігар Палівода. Музыканты абяцаюць выканаць самыя знакамітыя кампазіцыі на вершы паэта “Зорка Венера”, “Веранiка”, “Па-над белым пухам вiшняў”, “Слуцкiя ткачыхi”, “Лявонiха”, “Максiм і Магдалена”, “Вянок”, якія прагучаць у выкананні Андрэя Коласава, Вячаслава Ісачанкі, Яна Жанчака і Настассі Рачыцкай. А ў фае філармоніі можна будзе азнаёміцца з перасовачнай экспазіцыяй Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць”.
Жыццё паэта было незвычайна кароткім, але ён пакінуў нашчадкам вялікую творчую спадчыну. Сваім паэтычным словам, сваёй творчай дзейнасцю пісьменнік спрыяў нацыянальнаму і духоўнаму адраджэнню Беларусі і беларусаў, таму яго так любіць наша зямля. Паэзія Максіма Багдановіча стала духоўным завяшчаннем беларускаму народу. Давайце ж узгадаем яго разам на святочных мерапрыемствах!
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.