Агонь сяброўства

- 10:25Актуально, Апошнія запісы, Рознае

На гэтым тыдні ў рамках пагаднення, падпісанага паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі дэлегацыя маладзёжнай сталіцы Азербайджана Шамкіра наведала Беларусь.

Візіт азербайджанскіх сяброў стаў своеасаблівым рэхам маштабнага візіту беларускай дэлегацыі ў Азербайджанскую Рэспубліку, які адбыўся ў пачатку ліпеня і пра які падрабязна пісала наша выданне. Нагадаем: за тры дні прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, студэнты, педагогі, кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прагуляліся па шырокіх вуліцах Баку і ўтульных вулачках Шамкіра, палюбаваліся краявідамі Каспія і падобнай да нашага Палесся Кура-Араксінскай нізінай, удзельнічалі ў круглым стале, на якім абмяркоўвалі асаблівасці і перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі, падрыхтавалі для азербайджанскіх сяброў цікавую канцэртную праграму. “Краіна агню” (так яшчэ называюць Азербайджан) запаліла ў сэрцах беларусаў сапраўдны агонь сяброўства.

Яркім полымем гэты агонь гарэў і на гасціннай беларускай зямлі, якая сустракала жыхароў “краіны агню” чырвонымі, аранжавымі сполахамі восеньскага лісця бяроз і клёнаў. Незвычайнае ўбранства дрэў, маляўнічыя краявіды і, канечне, ласкавыя ўсмешкі беларусаў — такімі былі першыя ўражанні азербайджанцаў пра Беларусь. Як паведаміла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная, візіт азербайджанскай дэлегацыі з’яўляецца яшчэ адным крокам да развіцця нашых адносін. Адбылася сустрэча гасцей у Пасольстве Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, аглядная экскурсія па Мінску, знаёмства з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Утульныя вулачкі Нясвіжа, як і ўтульныя вулачкі Шамкіра, расказалі гасцям шмат цікавых фактаў пра гісторыю нашай зямлі. Завіталі госці ў Нясвіжскі гарадскі маладзёжны цэнтр, які, нагадаем, у ліпені падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Цэнтрам інтэлектуальнага развіцця і творчасці моладзі “Зяка” Шамкіра. Удзельнічалі азербайджанскія сябры і ў ІІ Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі, які праходзіць у Горках.

— Мы ўпершыню ў Беларусі. З першых хвілін у нас склаліся толькі самыя цёплыя ўражанні і пра сталіцу, і пра краіну. Упэўнены, што ў наступныя дні гэтыя ўражанні напоўняцца сотнямі прыемных сустрэч і ўспамінаў. Дарэчы, беларусы не толькі гасцінныя, але і спакойныя людзі. Гэта заўважаецца падчас прагулак па Мінску, адчуваецца, што грамадскі парадак на найвышэйшым узроўні. Паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў цёплыя ўзаемаадносіны, цёплыя ўзаемаадносіны і паміж народамі, і гэтыя ўзаемаадносіны, у тым ліку ў сферы маладзёжнай палітыкі, мы будзем развіваць, — паведаміў кіраўнік азербайджанскай дэлегацыі начальнік упраўлення моладзі і спорту адміністрацыі Шамкіра Эмін Ісмайлаў.

Гэтыя словы былі сказаны напярэдадні агляднай экскурсіі па сталіцы Беларусі. “Які ён партрэт сучаснага Мінска? З гэтым нам і давядзецца пазнаёміцца. Мінск — дзівосны горад. У многіх, хто ўпершыню знаходзіцца ў Мінску, складваецца адчуванне, што Мінск — горад сучасны. Сапраўды, многія будынкі горада ўзведзены ў апошнія дзесяцігоддзі, але Мінск гістарычны — горад старажытны, упершыню ўзгадваецца ў 1067 годзе”, — з гэтых слоў экскурсавода пачалася аглядная экскурсія. На працягу дзвюх з паловай гадзін азербайджанскія госці знаёміліся з адметнасцямі сталіцы, пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, праехаліся па галоўных праспектах Мінска, прагуляліся па Верхнім горадзе і Траецкім прадмесці, па плошчы Незалежнасці. Кожнае слова экскурсавода яны прапускалі праз сэрца, асабліва калі гаварылася пра тыя выпрабаванні, што давялося пераадолець мінчанам падчас Вялікай Айчыннай вайны.

— У Мінску арганічна пераплялася сучасная еўрапейская архітэктура з архітэктурай мінулых эпох. Горад прыгожы і ў гістарычным, і ў сучасным плане. Шкада, канечне, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ён быў разбураны на 83 працэнты. Аднак тое, што ён быў хутка адноўлены, не можа не ўражваць. Спалучэнне гістарычнага і сучаснага і ў архітэктуры, і ў штодзённым жыцці — гэта тое, што аб’ядноўвае Мінск і Баку, — падзяліўся напрыканцы экскурсіі Эмін Ісмайлаў.

Сапраўды, нягледзячы на вялікую адлегласць паміж Мінскам і Баку, культурныя, прыродныя, гістарычныя асаблівасці краін, у нашых народаў шмат агульнага. Напрыклад, гасціннасць, адкрытасць, шчырасць людзей. А яшчэ і ў Беларусі, і ў Азербайджане цудоўная, актыўная, энергічная, жыццярадасная моладзь, што і пацвердзіў візіт азербайджанскай дэлегацыі ў Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.