Ахіні нас крыламі, анёл!

- 12:25Адукацыйная прастора

Сумесны ўдзел педагогаў, бацькоў і дзяцей у сацыяльна значных праектах і акцыях вучыць дабрыні, арыентуе на духоўна­маральныя і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, здаровы лад жыцця, патрыятызм, умацаванне клапатлівых адносін адно да аднаго і навакольнага свету. Адна з такіх магчымасцей — абласны дабрачынны фестываль­марафон “Крылы анёла”, які праводзіцца на Міншчыне з кастрычніка па май.

Яслі-сад пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна актыўна ўключыўся ў правядзенне фестывалю-марафону. У рамках гэтага мерапрыемства праходзяць культурна-адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Педагогі разам з дзецьмі правялі акцыі “Накормім птушак зімой”, “Клопат пра пажылых, дабро і міласэрнасць”. Дашкаляты разам з бацькамі і выхавальнікамі з задавальненнем удзельнічаюць у спецыяльным сацыяльна-экалагічным праекце “Новае жыццё ў абмен на закруткі”. Усе вельмі рады, што непатрэбнае смецце можна ператварыць у грошы і тым самым не толькі дапамагчы хворым дзецям, а і зрабіць наваколле больш чыстым.

Нашы педагогі правялі з выхаванцамі розных груп вельмі цікавыя гутаркі і заняткі на тэмы “Навучы сваё сэрца дабрыні”, “Дабро пачынаецца з цябе”, “Дабрыня выратуе свет”, “Урокі мужнасці”, “Сямейныя традыцыі”. Звесткі пра добрыя справы, якія будуць карысныя пры падрыхтоўцы да заняткаў з малымі, педагогі захоўваюць у спецыяльных тэматычных папках.

А зараз ідзе падрыхтоўка да правядзення выставы “Захаваем духоўную спадчыну”. Збіраецца матэрыял для своеасаблівай калекцыі фотаработ, вядзецца работа над стварэннем інфармацыйнай кніжнай выставы на духоўную тэматыку. Хутка нашы выхаванцы з татамі і матулямі прымуць удзел у стварэнні непаўторных вырабаў з паперы, прыродных матэрыялаў, што таксама запланавана ў рамках правядзення фестывалю-марафону “Крылы анёла”, а фае дзіцячага сада ўпрыгожаць яркія дзіцячыя малюнкі.

Падчас фестывалю-марафону было вырашана арганізаваць цікавую і не зусім звычайную для дзяцей сустрэчу — знаёмства з мясцовым настаяцелем царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Вядома, дзецям дашкольнага ўзросту патрэбен памочнік, які навучыць іх бачыць і любіць Божы свет, іншых людзей, усё жывое. Малады святар Рыгор працуе ў нас зусім нядаўна, вопыту зносін з малымі слухачамі не меў, але з радасцю пагадзіўся прыехаць. У зале сабраліся педагогі і выхаванцы старшых груп.

Бацюшка знайшоў словы, якія дапамаглі стварыць максімальную разняволенасць і давер у зносінах. Святар расказаў дзецям, чаму трэба паважліва ставіцца да бацькоў, што яны значаць у жыцці кожнага чалавека, адзначыў, як важна, каб у сям’і панавалі каханне, мір і згода. А яшчэ завёў гаворку пра тое, хто ёсць Бог, яго матуля, запытаўся ў малых, ці ведаюць яны, што такое малітва і як правільна маліцца. Потым разам з дзецьмі паразважаў пра тое, што такое дабро. 

Дзеці даволі актыўна адгукаліся на словы святара і ўдзельнічалі ў гутарцы. Іх вочкі задаволена ззялі. Разам яны зрабілі высновы пра тое, што трэба слухацца бацькоў і старэйшых, быць добрымі, бо добрыя людзі не злуюцца, не крыўдзяцца, не падманваюць, не крадуць, не сумуюць. Яны ўмеюць жыць у любові, міласэрнасці, працавітасці, клопаце аб блізкіх, таму ім жывецца больш радасна на свеце!

І дзеці, і педагогі атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад сустрэчы. Яна прайшла ўтульна і цёпла, яшчэ раз пацвердзіўшы, што, калі мы робім дабро іншым, адчуваем цяпло і радасць, на душы становіцца лёгка.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках фестывалю-марафону “Крылы анёла”, накіраваны на выхаванне духоўнасці, маральнасці, міласэрнасці, дабрыні. Важна выкарыстоўваць патэнцыял праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей. І хочацца верыць, што анёл-ахоўнік заўсёды будзе побач і лагодна захіне нас сваімі крыламі ад бед у цяжкія хвіліны.

Ірына МІХНЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада п.Акцябрскі Смалявіцкага раёна.