Ахова працы вачамі дзяцей

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Вынікі трох абласных творчых конкурсаў навучэнцаў па ахове працы падведзены ў Магілёве. Дыпломамі і падарункамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама ўзнагароджаны 15 канкурсантаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Іх работы — тэматычныя малюнкі, дэкаратыўна-прыкладныя вырабы і сачыненні — сталі лепшымі амаль што з трохсот прадстаўленых матэрыялаў.

Больш за ўсё заявак паступіла на конкурс выяўленчага мастацтва “Мая будучыня — бяспека працы маіх бацькоў!”, таму перамога ў ім вельмі значная і пачэсная. Вось і ўладальніца дыплома ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі ад 8 да 10 гадоў вучаніца Скрыпліцкай сярэдняй школы Кіраўскага раёна Вольга Грынфельд разам з маці Ганнай Антонаўнай не перажываюць, што не атрымалася стаць першымі.

— У межах сваёй школы і раёна ў Вольгі многа грамат і падзяк, але на ўзнагароду абласнога ўзроўню мы нават і не разлічвалі, — не стрымлівае радасці Ганна Грынфельд. — Дачка любіць маляваць, ходзіць у мастацкую школу, яе ўменні і навыкі менавіта адтуль. Але ж над ідэямі, якія далей увасабляюцца ў малюнкі, працуем разам. Тэму аховы працы мы абмяркоўваем часта, бо бацька Вольгі працуе будаўніком. Яна перажывае за яго, таму і ўзялася за такую складаную для дзіцяці конкурсную работу.

Бацькі Уладзіслава Рапатуева і Арцёма Шараварава, навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Чавус, таксама працуюць на будоўлі. Менавіта таму пытанні аховы працы не засталіся без іх павышанай увагі і падштурхнулі прыняць удзел у Абласным конкурсе вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Ахова працы — вачыма дзяцей”. Створаная імі праекцыя ўганаравана першым месцам ва ўзроставай катэгорыі ад 11 да 14 гадоў.

Пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Васіля Леанідавіча Пынікава хлопцы працавалі над сваёй работай на працягу года. За гэты час з тоненькіх драўляных рэечак, пенапласту, запалак, фанеры і паперы паўстала сапраўдная будаўнічая пляцоўка — з пад’ёмным кранам, фундаментам будучага шматпавярховага дома і, зразумела, папераджальнымі знакамі: “Асцярожна, працуе кран”, “Небяспечная зона”, “Пабочным асобам уваход забаронены”.

Сярод пераможцаў Абласнога конкурсу сачыненняў “Што б я зрабіў для бяспекі працы работнікаў, калі б быў кіраўніком прадпрыемства” — Дар’я Чарнякова, адзінаццацікласніца магілёўскай сярэдняй школы № 31. Яе работа адзначана дыпломам І ступені. У сваім сачыненні дзяўчына не толькі паразважала на прапанаваную тэму, але і зрабіла канкрэтныя заўвагі, як стварыць на прадпрыемствах максімальна бяспечнае асяроддзе.

— Дар’я выбрала вельмі незвычайную і цікавую форму падачы матэрыялу, — адзначыла настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 Таццяна Мікалаеўна Фісюк. — Яна прадставіла сваё сачыненне ў выглядзе ўспамінаў пра рэалістычны сон, які прысніла напярэдадні. Дзяўчына стала ў сваіх мроях дырэктарам буйнога прадпрыемства, які занепакоены бяспекай сваіх падначаленых і вызначае, што можна зрабіць, каб пазбегнуць трамаўтызму.

Па словах арганізатараў і педагогаў, дзеці з цікавасцю і захапленнем бяруцца за такія спецыфічныя тэмы. Асабліва моцна пытанні аховы працы хвалююць падлеткаў, бацькі якіх працуюць у такіх траўманебяспечных сферах, як, напрыклад, будаўніцтва. Прыдумваючы конкурсныя работы, навучэнцы не толькі праяўляюць свае творчыя здольнасці, але і фарміруюць катэгарычную пазіцыю ў дачыненні да любых парушэнняў правіл бяспекі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.