Айчынныя ўніверсітэты прадставілі свае распрацоўкі на TIBO

- 12:43Актуально, Апошнія запісы

З 18 па 21 красавіка ў Мінску праходзіць XXIV Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях ТІВО-2017. Сёлета ў мерапрыемствах форуму бярэ ўдзел звыш 100 кампаній з 17 краін — вядучыя беларускія і замежныя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, праграмнага забеспячэння, сродкаў і сістэм бяспекі, пастаўшчыкі ІКТ-паслуг. Значнае месца на экспазіцыі ТІВО займаюць стэнды Міністэрства адукацыі і айчынных універсітэтаў, якія агульна прадставілі звыш 100 найноўшых распрацовак адпаведнай тэматыкі.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў універсітэцкія стэнды, дзе азнаёміўся з прадстаўленымі там тэхналогіямі і абсталяваннем, пагутарыў з распрацоўшчыкамі. Напрыклад, БДУ дэманструе на ТІВО больш за 30 сваіх распрацовак. Са­праўдным адкрыццём форуму абяцае стаць прэзентацыя выпрабавальнага цэнтра SZ-01, створанага на механіка-матэматычным факультэце БДУ. З яго дапамогай можна выпрабоўваць сістэмы і матэрыялы на механічную стомленасць, трэнне і знос. Акрамя таго, універсітэт дэманструе  апаратна-праграмны комплекс “Каліброўка” для правядзення палётных калібровак спадарожнікавых здымачных сістэм, відэаспектральную сістэму, сістэму маніторынгу зямной паверхні з касмічных і авіяцыйных платформаў, прыборы для вымярэння электрычных велічынь, апаратна-праграмныя комплексы крыптаграфічнай абароны інфармацыі, кантролю і размежавання доступу да ПЭВМ і іншыя распрацоўкі.

Шэраг новых распрацовак на ТІВО прадставіў БДУІР. Адна з іх — комплекс для выяўлення ў камп’ютарах устройстваў для счытвання інфармацыі — не мае аналагаў у свеце. Комплекс каштуе каля 100 тысяч долараў, і ўніверсітэт ужо гатовы да яго вытворчасці і рэалізацыі. Акрамя таго, БДУІР выстаўляе на ТІВО ўстройства для абароны маўленчай інфармацыі ад праслухоўвання, мабільны дадатак для людзей з аслабленым слыхам PETRALEX, спеўны трэнажор, пакрыцці для абароны ад электрамагнітнага выпраменьвання (такія пакрыцці робяць многія, аднак ноу-хау распрацоўкі БДУІР заключаецца ў прастаце вытворчасці і нізкім кошце; беларускія матэрыялы з такім пакрыццём каштуюць на два парадкі менш, чым, напрыклад, расійскія аналагі).

На стэндзе БНТУ, які, магчыма, з’яўляецца самым маштабным на ТІВО, дэманструюцца шматлікія ўніверсітэцкія распрацоўкі. Ігар Карпенка азнаёміўся з тым, як працуюць 3D-прынтары. Іх выраб пастаўлены ва ўніверсітэце на паток і, як запэўнілі міністра распрацоўшчыкі, з’яўленне 3D-прынтараў ва ўстановах адукацыі — справа ўсяго некалькіх гадоў. Студэнты механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ прадэманстравалі Ігару Васільевічу майстэрства сучаснай зваркі.

Акрамя ўніверсітэцкіх стэндаў, міністр адукацыі пабываў таксама на пляцоўках Нацыянальнай акадэміі навук, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, вядучых сусветных тэлекамунікацыйных кампаній. Азнаёміўшыся з інавацыйнымі распрацоўкамі, якія могуць быць карыснымі для сістэмы адукацыі, Ігар Карпенка прапанаваў суразмоўцам выходзіць на сумесныя праекты ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.