Акадэмія ўрока: ад майстар-класаў — да сертыфіката якасці

- 15:10Спартыўныя падзеі

З 1 верасня на базе сярэдняй школы № 209 Мінска пачала работу першая ў краіне навукова-практычная школа маладога настаўніка “Акадэмія ўрока”. Я заўсёды гатовы дзяліцца вопытам, актыўна супрацоўнічаю з Інстытутам павышэння кваліфікацыі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Мной распрацаваны сродкі навучання і праекты: “Гімнастыка ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі V—ХІ клас”, “МіксФіт” — дзіцячы спартыўны клуб”, “Укараненне ідэалаў і каштоўнасцей алімпійскага руху ў адукацыйны працэс”, а таксама дзве факультатыўныя праграмы, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі.

Роля фізічнай культуры ў развіцці сучаснай эканомікі і грамадства, якая ўзрастае, актуалізуе ўвагу да якасці прафесійнай дзейнасці настаўнікаў фізічнай культуры ў рамках агульнаадукацыйнай школы.

У цяперашні час фарміруецца больш шырокае бачанне прафесійнай дзейнасці настаўніка фізічнай культуры як прафесіянала, здольнага рэальна мяняць навакольны свет да лепшага; складваецца разуменне, што якасць работы, якая чакаецца ад яго, патрабуе змен у прафесійнай дзейнасці. Гэтыя змены павінны адпавядаць выкліку часу і павышэнню адказнасці за вынікі работы. На аснове гэтага ствараюцца ўмовы для аздараўлення падрастаючага пакалення і павышэння матывацыі да заняткаў фізічнай культуры.

Прафесійная дзейнасць педагога патрабуе пастаяннага абнаўлення і ўдасканалення майстэрства, развіцця існуючага вопыту, павышэння ўзроўню кампетэнтнасці. Высокія патрабаванні да прафесійнай кампетэнтнасці абумовілі важнасць пачатковага этапу ўваходжання маладога спецыяліста ў адукацыйнае асяроддзе. Вывучэнне творчага патэнцыялу, педагагічнага статусу, цяжкасцей, якія адчуваюць пачынаючыя педагогі падчас арганізацыі адукацыйнага працэсу, паказала, што маладыя спецыялісты з цяжкасцю прымяняюць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы, маюць недастатковы вопыт зносін і работы з дзецьмі, неадэкватна ацэньваюць свае магчымасці, маюць слабую матывацыю працы і далейшага прафесійнага росту.

Менавіта таму на базе нашай школы працуе “Акадэмія ўрока”. Асноўная мэта праекта заключаецца ў стварэнні ўмоў для павышэння ўзроўню тэарэтычных і практычных уменняў і навыкаў як маладых спецыялістаў, так і педагогаў, якія хочуць павысіць свой прафесійны ўзровень, а таксама ва ўкараненні інавацыйных падыходаў у адукацыйны працэс па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Мы ставім мэтай павышаць здольнасць педагогаў адаптавацца да зменлівых сацыяльна-эканамічных умоў і патрабаванняў сучаснага адукацыйнага працэсу, падтрымліваць неабходны ўзровень канкурэнтаздольнасці праз павышэнне якасці і прадукцыйнасці працы.

Работа акадэміі нацэлена на маладых спецыялістаў, якія выкладаюць прадмет “Фізічная культура і здароўе”. Асобныя блокі праграмы будуць таксама цікавы настаўнікам фізічнай культуры і класным кіраўнікам, якія маюць вопыт і жадаюць павысіць узровень сваіх ведаў і ўменняў, а таксама кіраўнікам спартыўных гурткоў і секцый.

Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з адміністрацыяй сярэдняй школы № 209 Мінска, упраўленнем адукацыі Маскоўскага раёна сталіцы і асабіста кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры Любоўю Міхайлаўнай Каціла распрацавана якасная праграма навучання. На працягу года запланаваны 34 заняткі ў выглядзе гутарак, лекцый, залікаў, майстар-класаў і, канечне, выніковага экзамену. Пры гэтым дамашнія заданні, творчая і пошукавая дзейнасць — гэта неад’емны складнік усяго навучання.

Праграма акадэміі ўключае ў сябе 4 вучэбныя комплексы. Ужо сёння праведзены чатыры заняткі першага комплексу “Анатомія: тэорыя і практыка”, накіраваныя на абагульненне, паўтарэнне і атрыманне ведаў па біямеханіцы, функцыянальнай анатоміі і біяхіміі. У рамках лекцый, гутарак і адпрацоўкі практычных заданняў у слухача з’явілася магчымасць зразумець, што адбываецца ў арганізме навучэнцаў у момант выканання практыкавання. Галоўнае, настаўнік, паспрабаваўшы на сабе, зразумеў, зможа ён зрабіць практыкаванне тэхнічна правільна ці не, ацаніўшы яго біямеханічную і энергетычную складанасць. На аснове такога аналізу настаўнік зразумее, ці варта даваць гэтае практыкаванне навучэнцам у далейшым на практыцы.

Другі комплекс — “Развіццё фізічных якасцей” — накіраваны на атрыманне ведаў пра сучасныя падыходы і прынцыпы арганізацыі адукацыйнага працэсу па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, а таксама адпрацоўку практычных уменняў у арганізацыі ўрока з мэтай якаснага развіцця фізічных якасцей і стварэння аптымальных умоў для авалодання асноўнымі элементамі школьнай праграмы. У змест гэтага блока ўваходзіць практычны і тэарэтычны матэрыял: інавацыйныя методыкі арганізацыі вучэбнага працэсу па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, асновы аэробікі, тэорыя і практыка развіцця аэробных і сілавых здольнасцей, інтэрвальная і кругавая трэніроўка, кросфіт, стрэйчынг. І гэта не проста сухая тэорыя. Кожная тэма падмацавана майстар-класам і дамашнімі практычнымі заданнямі.

Трэці комплекс — гэта “Комплекс інавацый” Змест гэтага адукацыйнага блока гаворыць сам за сябе: тэорыя комплекснага ўрока; функцыянальная трэніроўка; арганізацыя заняткаў у спецыяльных медыцынскіх групах на аснове выкарыстання сродкаў функцыянальнай трэніроўкі; рэалізацыя факультатыўных праграм “Фізічная падрыхтоўка будучага абаронца Айчыны” і “МіксФіт — функцыянальная трэніроўка”; выкарыстанне ІТ на ўроку фізічнай культуры; арганізацыя фізкультурна-масавай і аздараўленчай работы ў школе на аснове інавацыйных падыходаў. Усе гэтыя тэмы маюць адабрэнне педагагічнай грамадскасці і ўжо не першы год выкарыстоўваюцца на практыцы (шкада, што пакуль не так шырока). Менавіта таму яны і ўключаны ў праграму.

Чацвёрты комплекс, бадай, самы цікавы і актуальны блок — “Эканамічны комплекс”. У комплексе пададзена інфармацыя пра тое, як правільна арганізаваць платныя паслугі, як аформіць дакументацыю, як прыцягнуць кліента, як яго ўтрымаць, як прасоўваць сябе як спецыяліста на рынку аздараўленчых паслуг пры мінімальных фінансавых затратах. Пададзена інфармацыя па псіхалогіі зносін з навучэнцамі і многае іншае. Блок складаецца з тэарэтычных і практычных заняткаў.

Тэматыка мерапрыемстваў усяго курса спраектавана такім чынам, каб даць педагогам найбольш поўнае ўяўленне пра сучасныя тэндэнцыі развіцця і ўкаранення інавацыйных падыходаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, а таксама арганізацыі аздараўленчай работы ў агульнаадукацыйнай установе.

Уся інфармацыя ў працэсе навучання падаецца з пункту гледжання творчай і пошукавай дзейнасці і нацэлена на атрыманне новых ведаў зыходзячы са свайго практычнага вопыту. Вынікам навучання слухача абавязкова стане вызначэнне сваёй тэмы па самаадукацыі, якая ў далейшым ляжа ў аснову яго практычнай дзейнасці. У “Комплексе інавацый” вялікая ўвага ўдзелена арганізацыі навукова-практычнай і даследчай дзейнасці педагога.

На пераходных этапах паміж адукацыйнымі комплексамі плануюцца прамежкавыя залікі, а ў канцы — выніковы практычны і тэарэтычны экзамен. Па выніку ўсяго навучання малады спецыяліст атрымлівае сертыфікат — сертыфікат якасці, які з’яўляецца гарантам таго, што настаўнік валодае сучасным запасам ведаў і практычных уменняў і навыкаў.

Спадзяёмся, што рэалізацыя праграмы дазволіць істотна павялічыць узровень тэарэтычных і практычных ведаў настаўнікаў фізічнай культуры, створыць умовы для адбору таленавітых маладых спецыялістаў, будзе спрыяць эфектыўнай рэалізацыі адукацыйнага працэсу па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, павысіць дзелавую і спартыўную актыўнасць маладых педагогаў, а таксама будзе спрыяць укараненню інавацыйных форм і метадаў у адукацыйны працэс.

Дзмітрый МІРАНОВІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
сярэдняй школы № 209 Мінска, настаўнік-метадыст.

Фота аўтара.