Аксана Сарока — кандыдат педагагічных навук, дацэнт, намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ — не толькі ведае, але і вучыць іншых, як карыстацца сучаснымі інфармацыйнакамунікацыйнымі тэхналогіямі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Аксана Генадзьеўна, ваша жыццё з педагогікай звязана ўжо 30 гадоў. Якім быў ваш прафесійны шлях?
— Мой шлях у прафесію пачаўся ў 1993 годзе, калі пасля заканчэння Смаленскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Карла Маркса я пачала працаваць настаўніцай. Затым, пераехаўшы ў Беларусь, была настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 168 Мінска, метадыстам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага інстытута адукацыі, і вось ужо больш за 10 гадоў выкладаю ў БДПУ. Кожнае месца працы адкрывала для мяне новыя перспектывы. Я вельмі ўдзячна сваім калегам, што яны заўсёды былі побач, падтрымлівалі мяне і дзяліліся сваім вопытам. Універсітэцкая дзейнасць дазволіла мне рэалізавацца і як педагогу, і як даследчыку. Зараз выкладаю педагагічныя дысцыпліны на факультэце пачатковай адукацыі і ўдзельнічаю ў навуковых даследаваннях нашага ўніверсітэта.
— Давайце спынімся на апошніх навуковых даследаваннях.
— На сённяшні дзень мой прыярытэтны навуковы інтарэс — выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Электронныя адукацыйныя рэсурсы развіваюцца імкліва, ствараюцца новыя адукацыйныя платформы, электронныя сродкі навучання, інтэрнэт-рэсурсы, таму важна, каб педагогі правільна выкарыстоўвалі іх. Большасць маіх распрацовак і публікацый звязана менавіта з гэтымі праблемамі. Я лічу, што неабходна знаёміць настаўнікаў з дыдактычным патэнцыялам электронных рэсурсаў, прапаноўваць метадычныя рэкамендацыі па іх выкарыстанні.
Універсітэцкая дзейнасць дазволіла мне рэалізавацца і як педагогу, і як даследчыку.
— Акрамя гэтага, вы пастаянна ўдзельнічаеце ў інавацыйных і эксперыментальных праектах па выкарыстанні электронных сродкаў у адукацыйным працэсе…
— Так, праектнай дзейнасцю я займаюся з 2011 года. Усё пачалося з ініцыіраванага Міністэрствам адукацыі разам з Паркам высокіх тэхналогій эксперыментальнага праекта па выкарыстанні індывідуальных электронных прыстасаванняў у адукацыйным працэсе. Па сутнасці, мы апрабавалі мадэль “1 вучань : 1 камп’ютар” ва ўстановах адукацыі. Нагадаю, гэта адукацыйная сітуацыя, у якой асноўным прыстасаваннем для навучання школьніка выступае камп’ютар, а ў якасці метадаў навучання выкарыстоўваюцца тэхналогіі і сэрвісы сеткавага ўзаемадзеяння, інфармацыйнага пошуку і стварэння лічбавых аб’ектаў. Гэты праект перайшоў у інавацыйны рэжым, і работа працягвалася амаль 5 гадоў. За гэты час былі падрыхтаваны настаўнікі, апрабаваны нетбукі і праграмнае забеспячэнне да іх. Школы атрымалі магчымасць выкарыстоўваць не толькі электронныя сродкі навучання, але і інтэрнэт-рэсурсы.
У 2019—2022 гадах мы працягнулі работу над інавацыйным праектам па фарміраванні лічбавых кампетэнцый суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Ён стаў лагічным працягам пачатай раней работы. Акцэнт у праекце быў зроблены на фарміраванні лічбавых кампетэнцый педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, якія забяспечваюць эфектыўную і бяспечную работу ў лічбавым асяроддзі.
У 2020/2021 навучальным годзе я суправаджала эксперыментальны праект “Апрабацыя методыкі фарміравання алгарытмічнай адукаванасці ў выхаванцаў ад 5 да 7 гадоў”. Ён быў накіраваны на вывучэнне элементаў логікі і алгарытмікі выхаванцамі старшай групы дзіцячага сада, што забяспечвала прапедэўтычную падрыхтоўку да далейшага вывучэння інфарматыкі і праграмавання.
Я вельмі ўдзячна сваім калегам, што яны заўсёды былі побач, падтрымлівалі і дзяліліся сваім вопытам.
— Атрымліваецца, вы пастаянна ўзаемадзейнічаеце з настаўнікамі?
— У нашым універсітэце створана рознаўзроўневая мадэль супрацоўніцтва з установамі адукацыі. На ўзроўні прафесійнай супольнасці на базе нашага ўніверсітэта функцыянуе ВНІК — вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі, які аб’ядноўвае ўніверсітэты, школы-лабараторыі, навуковыя і навукова-метадычныя ўстановы, лабараторыі, цэнтры і інстытуты. На ўзроўні навукова-даследчай і экспертнай дзейнасці ў БДПУ працуе “Навуковая крама”. Яна выконвае ролю пасрэдніка паміж даследчыкамі нашага ўніверсітэта і грамадствам. На ўзроўні факультэта мы ўзаемадзейнічаем са школамі — базамі практык, філіяламі нашых кафедр, падтрымліваем сувязь з выпускнікамі.
Да таго ж часта запрашаем педагогаў для правядзення майстар-класаў і ўдзелу ў канферэнцыях. Нашы выкладчыкі праводзяць выязныя семінары ў школах і інстытутах развіцця адукацыі. На базе школ мы апрабуем распрацоўкі нашых выкладчыкаў і маладых даследчыкаў — студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Такія формы работы ў першую чаргу садзейнічаюць павышэнню практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі студэнтаў і дазваляюць ім набыць кампетэнцыі, неабходныя ў будучай педагагічнай дзейнасці. Такое супрацоўніцтва дазваляе ўніверсітэту хутка рэагаваць на запыты работадаўцаў і ўдасканальваць стандарты і праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў. Таксама важны яго навуковы складнік, бо мы разумеем, наколькі запатрабаваны нашы навуковыя распрацоўкі, і можам знаходзіць новыя ідэі для даследаванняў.
Зараз універсітэты сталі больш адкрытымі для школ, з’явілася шмат магчымасцей для супрацоўніцтва і ў навуковай сферы, і ў практычнай. Многія школы зацікаўлены ў рэалізацыі інавацый, распрацоўцы вучнёўскіх даследчых праектаў, павышэнні
кваліфікацыі педагогаў. І ўніверсітэты аказваюць у гэтым і метадычную, і экспертную падтрымку. У той жа час, дзякуючы такому супрацоўніцтву, універсітэт атрымлівае зваротную сувязь аб якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, матэрыялы для паляпшэння праграм і зместу заняткаў, выкарыстоўвае базы школ для арганізацыі практыкі студэнтаў і правядзення практычных заняткаў.
У БДПУ функцыянуе “Навуковая крама”, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж даследчыкамі ўніверсітэта і грамадствам.
Спецыфіка нашага факультэта ў тым, што многія выкладчыкі — аўтары вучэбных дапаможнікаў і факультатыўных курсаў для малодшых школьнікаў. І для іх вельмі важна ўзаемадзеянне са школамі, бо своечасова атрыманая зваротная сувязь дапамагае ўдасканальваць іх распрацоўкі.
Цесныя зносіны са школамі спрыяюць узаемасувязі выкладчыкаў і педагогаў-практыкаў, якія пастаянна абменьваюцца вопытам у пытаннях метадычнай падрыхтоўкі і фарміравання прафесійных кампетэнцый спецыялістаў для пачатковай школы. Мы абнаўляем адукацыйныя стандарты і вучэбныя планы, уводзім новыя курсы і дысцыпліны, каб узровень падрыхтоўкі нашых выпускнікоў адпавядаў сучасным патрабаванням. Так, з 2021 года ўвялі некалькі дысцыплін па падрыхтоўцы студэнтаў да фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў, развіцці іх творчых здольнасцей і даследчых уменняў, стварэнні інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя класа, распрацоўцы інавацыйных праектаў.
— На ваш погляд, што настаўніку дае супрацоўніцтва з вышэйшай школай?
— Такое супрацоўніцтва дазваляе настаўніку больш сістэмна прадстаўляць і маштабаваць назапашаны вопыт. Мы запрашаем педагогаў для чытання лекцый, правядзення практычных заняткаў. Прадстаўнікі школ удзельнічаюць у дзяржаўнай атэстацыі выпускнікоў факультэта ў якасці старшынь і членаў ДЭК. Нашы выкладчыкі кансультуюць педагогаў школ па актуальных праблемах пачатковай адукацыі, абагульненні вопыту, рыхтуюць сумесныя публікацыі, прыцягваюць іх да правядзення майстар-класаў і семінараў для студэнтаў. БДПУ выступае адной з пляцовак для правядзення конкурсаў прафесійнага майстэрства, падчас якіх лепшыя педагогі паказваюць свае майстар-класы.
Асноўная задача ўніверсітэта — падрыхтаваць для школы канкурэнтаздольнага спецыяліста, які валодае сучаснымі методыкамі і тэхналогіямі, можа ажыццяўляць праектную і даследчую дзейнасць, творча працаваць ва ўмовах шматзадачнасці, праектаваць і рэалізоўваць інавацыі. У прафесійнай падрыхтоўцы педагога мы арыентуемся на канкрэтныя запыты работадаўцаў, якія разглядаюць веды, уменні і навыкі маладых спецыялістаў у кантэксце здольнасці і гатоўнасці нашых выпускнікоў эфектыўна прымяняць іх на практыцы. Супрацоўніцтва са школамі дае магчымасць уключыць студэнтаў у прафесійнае асяроддзе ўжо фактычна з 1 курса.
Філіялы кафедр і школы — лабараторыі кластара з’яўляюцца доследнымі пляцоўкамі для правядзення вучэбна-метадычнай і навукова-даследчай работы. Іх функцыянаванне дае магчымасць хуткага рэагавання на запатрабаванні і запыты практыкаў.
Выкладчыкі факультэцкіх кафедр удзельнічаюць у правядзенні факультатыўных заняткаў для навучэнцаў, дапамагаюць настаўнікам у рабоце па фарміраванні навукова-даследчых кампетэнцый школьнікаў, уваходзяць у склад журы конкурсаў навукова-даследчых работ навучэнцаў, арганізуюць сустрэчы ў школе маладога настаўніка.
Супрацоўніцтва са школамі дае ўніверсітэтам магчымасць хутка рэагаваць на запыты работадаўцаў і ўдасканальваць стандарты і праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў.
У рамках рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт 4.0” у БДПУ створана інтэграванае ў грамадства адукацыйнае, навукова-даследчае і прадпрымальніцкае асяроддзе. Яно дазваляе школам выкарыстоўваць рэсурсы ўніверсітэта для вырашэння розных праблем: павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі настаўнікаў, праектавання і ўкаранення інавацый, стварэння міждысцыплінарных даследчых каманд, экспертнай ацэнкі адукацыйнага працэсу, навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці, арганізацыі адукацыйнага і сацыяльнага валанцёрства.
— Такім чынам, захоўваецца пераемнасць паміж школай і ўніверсітэтам?
— Пераемнасць школы і ўніверсітэта для мяне вельмі важны напрамак дзейнасці. Па-першае, узаемадзеянне са школай дае магчымасць знаходзіць актуальныя і запатрабаваныя практыкамі напрамкі навуковых даследаванняў. Мы разумеем, што неабходна педагогам, і, самае галоўнае, маем у асобе школ зацікаўленых партнёраў для апрабацыі даследчых распрацовак нашых выкладчыкаў і маладых даследчыкаў.
Па-другое, супрацоўніцтва са школай дазваляе мне як выкладчыку сабраць практычны матэрыял для заняткаў са студэнтамі — своеасаблівыя кейсы з практыкі настаўнікаў, кампетэнтнасна арыентаваныя і праектныя заданні.
Па-трэцяе, вельмі прыемна бачыць, як нашы выпускнікі становяцца сапраўднымі майстрамі сваёй справы, як яны прыходзяць на факультэт, каб падзяліцца сваімі творчымі знаходкамі.
Па-чацвёртае, школа і ўніверсітэт даюць мне новы вопыт, новы пункт апоры для ўласнага развіцця і руху наперад.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва А. Г. Сарокі