Аксана Якубоўская: калі не ўздымемся над сабой, ніхто і не здагадаецца, што мы можам паляцець

- 12:09Знак качества, Интервью, Образование

Сталічная гімназія № 33 неаднаразова прызнавалася лепшай установай адукацыі ў раёне, горадзе, рэспубліцы. Ці лёгка трымаць марку і як зматываваць калектыў працаваць на вынік і імкнуцца да поспеху, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар гімназіі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, старшыня Фрунзенскага раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Аксана Якубоўская.

Адна каманда

— Заслужыць і атрымаць узнагароды і званні самага высокага ўзроўню нялёгка, а ўтрымліваць гэтую высокую планку, на мой погляд, яшчэ складаней. Бо ў рабоце ўстановы адукацыі так: кожны новы навучальны год цалкам абнуляе заслугі, узнагароды і дасягненні папярэдняга. Калектыў усё пачынае спачатку: натхняцца, імкнуцца, рыхтавацца, працаваць і зноў перамагаць.

— Аксана Барысаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Як даўно ўзначальваеце гімназію?

— У педагогіцы я 33 гады. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта была накіравана маладым спецыялістам выкладаць рускую і беларускую мову і літаратуру ў сярэднюю школу № 136 Мінска. Працавала настаўніцай і намеснікам дырэктара. У 2002 годзе ўзначаліла гімназію № 33.

Мая работа — гэта маё жыццё. Вельмі напружанае, насычанае падзеямі, але адначасова і вельмі цікавае, творчае, актыўнае. Жыццё, прысвечанае маім вучням і любімай краіне.

За 20 гадоў работы кіраўніком удалося многае. Але самае галоўнае, на мой погляд, — стварыць высокапрафесійны калектыў аднадумцаў, калектыў высокай культуры творчасці, калектыў сапраўдных патрыётаў. Да людзей стаўлюся так, як хацела б, каб і яны ставіліся да мяне. Стараюся быць апорай і падтрымкай для кожнага супрацоўніка і, вядома, сама маю патрэбу ў іх увазе, разуменні і падтрымцы.

Поспех кожнага педагога і навучэнца гімназіі ўспрымаю як асабісты. Дэвізам работы працоўнага калектыву ўстановы сталі наступныя словы: “Наша гімназія — адна каманда”. Упэўнена, што поспех у любой справе дасягаецца толькі дзякуючы каманднай рабоце і асабістай зацікаўленасці кожнага члена працоўнага калектыву ў канчатковым выніку.

— Вы строгі дырэктар? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў рабоце?

— Ці строгі я дырэктар? Напэўна, усё ж так. Але строгая і прынцыповая я перш за ўсё да самой сябе і толькі потым да сваіх падначаленых. Менавіта кіраўнік сам абавязаны быць прыкладам ва ўсім, валодаць усімі пытаннямі, ведаць усё і ўнікаць таксама ва ўсё. Сёння я настаўнік настаўнікаў, дзяцей і бацькоў, я выхавальнік і метадыст, менеджар і прадзюсар, арганізатар і гаспадарнік, будаўнік і дызайнер. Але ўсё-такі галоўнае — людзі, працоўны і вучнёўскі калектывы, якімі кіруеш. Усе розныя, кожны са сваімі жыццёвымі ўстаноўкамі, характарамі, стажам і вопытам работы. Тут і заключаецца ўменне кіраўніка аб’яднаць усіх агульнымі мэтамі, задачамі, правільна расставіць прыярытэты, з’яднаць усіх і накіраваць гэтую велізарную энергію на стварэнне чалавечых душ, фарміраванне і выхаванне маленькіх грамадзян любімай Беларусі.

50 навучэнцаў гімназіі — лаўрэаты прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Чаму бацькі і дзеці выбіраюць менавіта вашу гімназію? Назавіце асноўныя трэнды, якія вызначаюць развіццё ўстановы сёння.

— Асноўны кантынгент навучэнцаў гімназіі — гэта дзеці нашага мікрараёна. За ўстановай замацаваны 21 дом па законе аб усенавучы. Як вядома, у гімназіі не право­дзяць уступных выпрабаванняў. Вучым на агульных умовах усіх, хто да нас прыхо­дзіць. Сапраўды, многія бацькі хацелі б, каб іх дзеці вучыліся ў наc. Установа карыстаецца высокім сацыяльным аўтарытэтам у Фрунзенскім раёне.

Што тычыцца асноўных трэндаў, то гэта стабільна высокая якасць і выніковасць адукацыйнай дзейнасці, высокі ўзровень выхаванасці навучэнцаў, рэалізацыя інавацыйных праектаў, разгалінаваная сетка сістэмы дадатковай адукацыі, адладжаны механізм суправаджэння прафесійнага самавызначэння праз сеткавае ўзаемадзеянне “Гімназія — УВА (ССНУ) — прадпрыемства”, сфарміраваная грамадзянская і палітычная культура педагагічнага калектыву.

— Вы ўжо шмат гадоў у педагогіцы. Як змяніліся вучні? Чаго сёння чакаюць ад гімназіі дзеці і што гімназія патрабуе ад іх?

— Пра якія часы мы ні гаварылі б, дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі. Яны адкрытыя, вераць у справядлівасць, прыстойнасць і любоў дарослых. Я часта паўтараю: якія бацькі — такія і іх дочкі і сыны. Каштоўнасці і адносіны, якія культывуюцца ў сям’і, фарміруюць характар дзіцяці і яго стаўленне да жыцця і соцыуму. На нас, дарослых, педагогах і бацьках, ля­жыць велізарная адказнасць за будучыню і краіны, і сям’і, і кожнага маленькага чалавека. А ў чым адрозненне пакаленняў? Адказ на паверхні: пагружанасць нашых дзяцей у інтэрнэт, у сацыяльныя сеткі, карыстанне з малога ўзросту разнастайнымі гаджэтамі. У гэтым ёсць шмат плюсоў, але толькі для сфарміраванай устойлівай псіхікі, у разумных межах і толькі пад кантролем. Сёння многім бацькам прасцей даць дзіцяці ў
рукі тэлефон і заняць яго на доўгі час. Аднак трэба заўсёды памятаць, што ні адзін гаджэт не можа замяніць пастаянных, жывых, даверлівых зносін. Менавіта яны тая прышчэпка, іншымі словамі той самы эфектыўны антыбіётык, які абароніць дзіця ў будучыні ад душэўных і, калі хочаце, нават фізічных хвароб. 

Па шляху стварэння

— Аксана Барысаўна, якім быў мінулы год для гімназіі? Якія яркія падзеі, цікавыя праекты, перамогі хочацца ўспомніць?

Мінулы год быў знакавым для нашай установы адукацыі. Гімназіі споўнілася 30 гадоў. “30 гадоў па шляху стварэння” — пад такім слоганам мы працавалі летась. У юбілейны год адбылося мноства яркіх і запамінальных мерапрыемстваў. Нашы гімназісты і педагогі прынялі ўдзел у XIII Пецярбургскім міжнародным адукацыйным форуме, дзе прадставілі эфектыўную практыку па фарміраванні прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з дапамогай укаранення мадэлі “Гімназія — тэрыторыя паспяховага выбару”.

У 2023 годзе нашы настаўнікі сталі ўдзельнікамі IX Усерасійскага адукацыйнага форуму “Маладыя маладым”, у межах якога быў прадстаўлены вопыт па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў”.

У мінулым годзе адкрылі ў гімназіі інжынерны і ваенна-патрыятычны класы. 28 выпускнікоў з 50 атрымалі на ЦТ ад 90 да 100 балаў. 98 навучэнцаў сталі пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды і конкурсу даследчых работ.

— На імідж гімназіі працуюць перш за ўсё педагогі. У вас дружны калектыў? Як утрымаць маладых спецыялістаў ва ўстанове?

— На імідж установы адукацыі працу­юць усе: кіраўніцтва гімназіі, педагагічны калектыў, навучэнцы, тэхнічныя спецыялісты. Я вельмі ганаруся сваім працоўным калектывам. Ганаруся і вопытнымі педагогамі, і маладымі настаўнікамі, педагагічнымі дынастыямі, што працуюць у гімназіі, і выпускнікамі нашай установы, якія пасля заканчэння УВА вяртаюцца да нас у якасці спецыялістаў. Ганаруся дружнай, цёплай атмасферай, якая пануе ў гімназіі, — атмасферай даверу, адказнасці за агульны вынік і, вядома, падтрымкі, узаемадапамогі. Без гэтага якасная работа калектыву адбыцца не можа.

Як утрымаць маладых спецыялістаў? Канечне, клапаціцца пра іх, падтрымліваць і маральна, і матэрыяльна. Заўважу, што і сам малады спецыяліст павінен мець жаданне працаваць, рухацца наперад, пастаянна ўдасканальвацца, не звяртаючы ўвагі на складанасці, якіх, безумоўна, не пазбегнуць.

Неяк прачытала ў В.Франкла: “Чалавек чымсьці падобны на самалёт. Самалёт можа ездзіць і па зямлі, але, каб даказаць, што ён самалёт, павінен падняцца ў паветра”. Гэтак жа і мы: калі не ўздымемся над сабой, ніхто і не здагадаецца, што мы можам паляцець.

— Ці шмат у вас настаўнікаў-мужчын? На ваш погляд, чаму так мала прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва ідзе працаваць у школу?

— У гімназіі працуе няшмат мужчын: традыцыйна настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, а таксама тэхнічнай працы. Аднак гэтыя педагогі — сапраўдныя прафесіяналы. Яны адданыя прафесіі, гімназіі і сваім вучням. Як прыцягнуць мужчын да работы з дзецьмі? Для гэтага павінна быць, па-першае, унутраная матывацыя і, па-другое, дастойная зарплата, бо кожнаму з іх неабходна забяспечваць свае сем’і.

Выхоўваем патрыётаў

— Вы згодны, што інавацыйная дзейнасць надае новы імпульс развіццю ўстановы?

— У гэтым я абсалютна ўпэўнена. І дадам, што не толькі інавацыйная дзейнасць, але і пастаянны ўдзел у конкурсным руху, розных праектах дае магчымасць развіцця і шліфоўкі прафесійных уменняў калектыву, з’яўляецца трыгерам удасканалення вучэбнай, метадычнай і матэрыяльнай базы ўстановы.

Унікальнасць гімназіі заключаецца ў рэалізацыі інавацыйных міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных праектаў. Назаву толькі самыя значныя: “Адзін пояс — адзін шлях”, “Асноўныя асаб­лівасці патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі Кітая і Беларусі” (сумесна з МДЛУ, Інстытутам Канфуцыя, школай Цзіліня і шко­лай № 33 Ланьчжоў КНР), “Цэнім і ганарымся. Вывучаем і захоўваем” (сумесна з цэнтрам адукацыі “Навашкола” Уфы), “Школьная тэхнасфера: развіццё інавацыйных адукацыйных паводзін” (сумесна з сярэдняй школай № 619 Санкт-Пецярбурга), “Вучым вучыцца” (сумесна з інавацыйным цэнтрам “Тэхналогіі сучаснай адукацыі” Санкт-Пецярбурга). Акрамя таго, ва ўстанове рэалізуюцца праекты “Фарміраванне ў вучняў павагі да культурна-гістарычнай спадчыны і традыцый беларускага народа з дапамогай адукацыйных квестаў ва ўмовах групы падоўжанага дня” і “Фарміраванне прафесійнага самавызначэння навучэнцаў гімназіі з дапамогай укаранення мадэлі “Гімназія — тэрыторыя паспяховага выбару”.

Штогод педагогі гімназіі становяцца пераможцамі гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыя­тыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”, этапаў конкурсаў “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, “Лепшы малады спецыяліст Мінска”, “SUPERпрофі” і інш.

— Аксана Барысаўна, што дапаможа ўмацаваць сувязь пакаленняў і выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта?

— Упэўнена, што сям’я і школа. Вялікая роля бацькоў у гэтым найважнейшым працэсе фарміравання асобы. У сем’ях, дзе клапоцяцца пра мам і татаў, бабуль і дзядуляў, памятаюць іх, дзе з павагай гавораць пра сваю краіну, ужо фарміруецца грамадзянін.

Дэвізам сістэмы выхаваўчай работы гімназіі сталі словы “Выхоўваем патрыётаў!”. Вялікую ўвагу ўдзяляем фарміраванню грамадзянскай пазіцыі, набыццю вопыту грамадскай дзейнасці, развіццю дзіцячага самакіравання. Навучэнцы гімназіі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі, пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх, гарадскіх конкурсаў і праектаў (“У саюз — з сябрамі”, “100 ідэй для Беларусі”, “Адкрыты дыялог” і інш.). Уключаем моладзь у грамадска карысную практыку з дапамогай развіцця валанцёрскага руху.

Па выніках работы за 2022 год Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь гімназія прызнана ўзорнай школай па вывучэнні кітайскай мовы ў краіне. Ёй прысвоены статус “Асацыіраваная школа ЮНЕСКА”. Гімназія ўключана ў нацыянальны праект “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь”.

Новыя задумкі

— У Год якасці якія праекты плануеце рэалізаваць?

— Самае галоўнае, каб бягучы год і ўсе наступныя былі мірнымі. Мір, стабільнае і паступальнае развіццё могуць адбыцца толькі дзякуючы якаснай і высокаэфектыўнай рабоце кожнага члена грамадства. Мы самі ў адказе за нашу краіну і яе будучыню.

Ні для каго не сакрэт: працаваць якасна — значыць працаваць на вынік. У планах гімназіі — стварэнне інтэрактыўнага музея беларуска-кітайскай дружбы. Гэты праект карэнным чынам зменіць традыцыйную канцэпцыю стварэння і функцыянавання музея на базе ўстановы адукацыі.

Акрамя таго, у планах гімназіі — заключэнне дагавора аб супрацоўніцтве з сярэдняй школай № 619 Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга. Словам, якасная работа кожны дзень на карысць дзяцей, любімай краіны і яе будучыні.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ