Акцыі добраахвотнага бязвыплатнага донарства ў ГрДУ імя Янкі Купалы сталі традыцыйнымі. На гэты раз яе ўдзельнікамі былі 215 супрацоўнікаў і студэнтаў.
Ужо трэці год Купалаўскі ўніверсітэт праводзіць такія акцыі сумесна з Гродзенскім абласным цэнтрам трансфузіялогіі. 11 і 12 лістапада ў холе першага паверха новага інтэрната ўніверсітэта па вуліцы Дубко студэнты і іх педагогі чарговы раз маглі здаць кроў. І, як звычайна, праявілі актыўнасць.
Як расказала начальнік Цэнтра аховы здароўя ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Кравец, гэтае мерапрыемства штогод карыстаецца папулярнасцю ва ўніверсітэце. Перад тым як прыйсці на здачу крыві, удзельнікі акцыі наведалі ўрача, каб атрымаць медыцынскае заключэнне. Кроў, прынятая ад донараў, некаторы час будзе знаходзіцца на каранціне. Такім чынам удзельнікі акцыі таксама змогуць больш даведацца аб стане свайго здароўя.
З гэтага года студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта атрымалі магчымасць запісацца ў Рэспубліканскі рэгістр добраахвотных донараў стваловых клетак, які ажыццяўляе падбор донараў для трансплантацыі касцявога мозгу. Гэта пажадалі зрабіць усе ўдзельнікі акцыі.
У прэс-цэнтры ГрДУ імя Янкі Купалы расказалі, што кожны год колькасць купалаўцаў, якія хочуць стаць бязвыплатнымі донарамі, расце. У акцыі прымаюць удзел усё больш студэнтаў універсітэта, а ў гэтым годзе — і супрацоўнікаў. Так, упершыню ў акцыі добраахвотнай здачы крыві паўдзельнічаў прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Ірына АНІКЕВІЧ.