Актуальныя пытанні развіцця айчыннай кадэцкай адукацыі абмеркавалі ў Полацку

- 9:23Актуально, Образование

У Полацку адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па пытаннях дзейнасці кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча пры Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пасяджэнне пад кіраўніцтвам першага намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі — старшыні каардынацыйнага савета Паўла Муравейкі прайшло на базе Полацкага кадэцкага вучылішча, дзе ў верасні да заняткаў прыступілі 275 кадэтаў. Дырэктар установы Станіслаў Красоўскі разам з педагогамі і навучэнцамі азнаёмілі гасцей з гісторыяй, дасягненнямі і перспектывамі развіцця ўстановы, асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу, пражывання і адпачынку. Удзельнікі мерапрыемства наведалі музей вучылішча, інтэрнат, вучэбны корпус, цэнтр ваеннай падрыхтоўкі і спартыўны комплекс.

Да абмеркавання актуальных пытанняў развіцця айчыннай кадэцкай адукацыі далучыліся намеснік міністра адукацыі — намеснік старшыні каардынацыйнага савета Аляксандр Кадлубай, прадстаўнікі кіраўніцтва міністэрстваў (аховы здароўя, абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, працы і сацыяльнай абароны), Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.

Удзельнікі круглага стала азнаёміліся з аналізам вынікаў сёлетняга прыёму ва ўстановы сістэмы кадэцкай адукацыі і далейшага жыццеўладкавання іх выпускнікоў у 2023 годзе: у прыватнасці, курсантамі УВА гарантавання нацыянальнай бяспекі сталі 284 выпускнікі. Паступаюць у кадэцкія вучылішчы па конкурсе на падставе ўступных іспытаў навучэнцы, якія завяршылі навучанне ў 7 класе на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прыдатныя па стане здароўя і фізічным развіцці. Тэрмін навучання складае 4 гады. У бягучым навучальным годзе 8-я класы кадэцкіх вучылішчаў прынялі 507 навучэнцаў — на 50 чалавек больш, чым летась. Самыя высокія кантрольныя лічбы прыёму ўстаноўлены ў Полацкім і Віцебскім кадэцкіх вучылішчах. Упершыню на льготных умовах без уступных выпрабаванняў залічаны 13 выпускнікоў ваенна-патрыятычных клубаў па рэкамендацыі каман­дзіраў вайсковых часцей. На парадку дня — пытанні магчымай арганізацыі аналагічнай траекторыі залічэння для выпускнікоў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча пры паступленні ў Ваенную акадэмію. 

— У грамадстве ёсць разуменне, што вучоба ў нашых кадэцкіх, сувораўскім вучылішчах, спецыялізаваных ліцэях — пачатак прамой дарогі да службы ў органах гарантавання нацыянальнай бяспекі, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — У ваенна-патрыятычных класаў, колькасць якіх у сістэме адукацыі расце, задачы адрозніваюцца. Разам з тым менавіта навучэнцаў названых класаў трэба разглядаць як патэнцыяльных кадэтаў. Прафарыентацыю ў такім напрамку трэба весці з 5 класа, гэта ў значнай ступені работа рэгіянальных сістэм кіравання адукацыяй.

Каардынацыйны савет быў праінфармаваны аб выніках правядзення вучэбна-палявых збораў з навучэнцамі 8-х класаў кадэцкіх вучылішчаў, сувораўскага вучылішча і 8-х, 10-х класаў спецыялізаваных ліцэяў. Акрамя таго, закраналіся пытанні дзейнасці нядаўна створанага Барысаўскага кадэцкага вучылішча Мінскай вобласці. З яго ўлікам на сёння ў Беларусі функцыянуе 9 такіх устаноў. Намеснік міністра адукацыі паведаміў аб унесеных змяненнях у праграму вучэбна-палявога збору з навучэнцамі 10-х класаў кадэцкіх і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішчаў на базе 72-га гвар­дзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра. Міністэрствам падрыхтаваны адпаведны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, згодна з якім прапануецца тэрміны правядзення збору падоўжыць да 12 дзён, уключаючы 2—3-дзённую ваенна-спартыўную гульню “Зарніца”.

Полацкі кадэцкі корпус адкрыўся 25 чэрвеня 1835 года. Гэта адна з найстарэйшых і самых вядомых у дарэвалюцыйнай Расіі падобных устаноў. Полацкае кадэцкае вучылішча пачало сваё функцыянаванне 1 верасня 2010 года, сярод яго выпускнікоў — Герой Беларусі Мікіта Куканенка. Сімвалам сувязі часоў і пакаленняў, непарыўнасці кадэцкіх традыцый з’яўляецца гістарычны сцяг Полацкага кадэцкага корпуса. У 2015 го­дзе вучылішчу быў урачыста перададзены адноўлены сцяг з часцінкай артэфакта, які на сённяшні дзень знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Маскве.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара