Актыўная ацэнка

- 15:34Навіны рэгіёнаў

Пошук эфектыўных метадаў і прыёмаў павышэння якасці адукацыі выклікаў у настаўнікаў пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні Святланы Васільеўны Мрочка і Святланы Аляксандраўны Сергіевіч цікавасць да метаду актыўнай ацэнкі.

С.А.Сергіевіч (злева) і С.В. Мрочка.

Педагогі не толькі выпрабавалі метад ва ўласнай практыцы, але і падзяліліся сваім вопытам з калегамі — правялі майстар-клас “Выкарыстанне інструментаў актыўнай ацэнкі як эфектыўны сродак павышэння якасці адукацыі малодшых школьнікаў” для настаўнікаў пачатковых класаў Смаргонскага раёна.

У ходзе майстар-класа ўдзельнікі склалі макет урока з выкарыстаннем інструментаў метаду актыўнай ацэнкі на тэму “Дзед Мароз і Санта Клаус”. Жартоўная фармулёўка тэмы ўрока не перашкодзіла сур’ёзнай рабоце па засваенні асноўных кампанентаў метаду актыўнай ацэнкі і адпрацоўцы метадычных прыёмаў іх выкарыстання. Зварот да тэхнікі пастаноўкі SMART-мэт дазволіў пазначыць, што павінны ведаць і ўмець навучэнцы да канца ўрока, якім чынам гэта будзе праверана.

Фармулёўка ключавога пытання накіравана на стымуляванне цікавасці навучэнцаў да тэмы ўрока, матывацыю навучэнцаў да пошуку вырашэння праблемы. Адзін з варыянтаў ключавога пытання да распрацаванага ўрока: Дзед Мароз і Санта Клаус — сапернікі або калегі?

У ходзе вывучэння матэрыялу ўрока настаўнік не абыходзіцца без пастаноўкі звычайных пытанняў, якія падахвочваюць дзяцей да разваг, даюць магчымасць паказаць, што яны ўжо ўмеюць, вызначыць, у якім кірунку рухацца далей.

Адпрацоўваючы тэхніку пастаноўкі пытанняў, педагогі практыкаваліся ў прадастаўленні навучэнцам часу на абдумванне адказу (не менш за 5 секунд), вучыліся правільнай рэакцыі на памылковыя адказы (няправільны адказ дае важную інфармацыю пра тое, што навучэнцы яшчэ не засвоілі), пераканаліся, што прыём непадымання рукі спалучае ў сабе лёгкасць атмасферы гульні-латарэі і напружанасць утрымання ўвагі ў рабочай зоне ўрока.

Для адказу на пытанні павышанай складанасці было арганізавана вучэбнае супрацоўніцтва. У парах прапаноўвалася знайсці адказы на пытанні, дзе знаходзіцца Лапландыя; у каго здароўе мацнейшае — у Дзеда Мароза ці Санта Клауса; каму з іх жывецца цяплей. Праца з рознымі крыніцамі інфармацыі (відэафільм, навагоднія паштоўкі і рэкламныя плакаты, публікацыі і інфармацыя з інтэрнэту) дае не толькі магчымасці для пошуку адказаў на пастаўленыя пытанні, але і спрыяе развіццю ключавых кампетэнцый навучэнцаў.

У ходзе майстар-класа для працы ў групах распрацоўвалася НаШтоБуЗУ — крытэрыі ацэнкі. НаШтоБуЗУ, прапанаванае перад выкананнем задання, робіць змест кантролю адкрытым, вызначае, што будзе ацэньвацца падчас работы і пасля яе завяршэння.

Складанне каментарыя да работы вучняў (уласнай работы, работы таварышаў) — ключавы момант у арганізацыі зваротнай сувязі. Менавіта ў ходзе каменціравання, а не выстаўлення адзнакі ў балах навучэнец набывае стымул палепшыць сваю работу, а таксама атрымлівае інфармацыю, як гэта зрабіць.

Для правядзення дыягностыкі дасягнення мэты ўрока быў распрацаваны індывідуальны праверачны тэст з сістэмай ацэньвання.

Падвядзенне вынікаў майстар-класа паказала, што яго ўдзельнікі зацікавіліся метадам актыўнай ацэнкі як эфектыўным сродкам павышэння якасці адукацыі малодшых школьнікаў, набылі базавыя веды аб яго інструментах.

Наталля САЗОНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Смаргоні.