Алег Кузьмін, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падзяліўся з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сваімі меркаваннямі пра высокі статус грамадзяніна нашай краіны.
— Фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, зараджэнне патрыятызму пачынаецца з сям’і. Потым гэтыя пачуцці працягваюць развівацца за кошт асабістых пошукаў сэнсу быцця і далейшага ўмацавання сваёй жыццёвай пазіцыі. Менавіта ў сям’і закладваецца фундамент станаўлення будучай асобы, фарміруюцца лепшыя чалавечыя якасці, такія як дабрыня, сумленнасць, прыстойнасць, працавітасць.
На сустрэчы з членамі Маладзёжнага парламента
Пачуццё патрыятызму, любоў да Радзімы пачынаецца з любові і павагі да сваіх бацькоў, да таго месца, дзе ты нарадзіўся. Бацькі навучылі мяне любіць нашу зямлю і паважаць людзей працы.
Я з 1 класа ўмеў кіраваць плугам і трымаць касу ў руках, а таксама з задавальненнем чытаў кнігі, захапляўся творчасцю. Мае бацькі — ветэраны педагагічнай працы. Да гэтай пары яны застаюцца для мяне ўзорам сямейнай і грамадзянскай вернасці, цвёрдай жыццёвай пазіцыі, захавання сямейных каштоўнасцей і спадчыны Айчыны.
Вучыўся я ў маленькай сельскай школе — Гічыцкай васьмігодцы, а потым у Баранавіцкім педагагічным вучылішчы і Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Прыгадваю, наколькі мэтанакіраванай была выхаваўчая работа ў гэтых навучальных установах. Станаўленне асобы кожнага навучэнца адбывалася праз спазнанне свету і важных ісцін, любоў да прафесіі, калектывізм, фарміраванне ўстойлівай жыццёвай пазіцыі, якая вызначала далейшы шлях. Мы былі гатовы служыць Радзіме, адказна ставіліся да сваёй прафесіі і ў далейшым да работы на даручаным участку. А самае важнае — мы ўсведамлялі, што такое патрыятызм, ён назаўсёды запаў мне ў сэрца.
Я імкнуўся перадаць гэтыя пачуцці, уласную пазіцыю сваім навучэнцам у школе, калі працаваў настаўнікам пачатковых класаў і ў далейшым выкладаў беларускую мову і літаратуру. Я стараўся прывіць школьнікам любоў да роднай мовы, культуры, гісторыі нашай Радзімы і ў той жа час выхаваць у вучняў пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму, духоўнасці і маральнасці. Будучы класным кіраўніком, арганізоўваў з навучэнцамі выхаваўчыя мерапрыемствы і тым самым уключаў вучняў у розныя віды грамадска значнай дзейнасці для пашырэння іх сацыяльных зносін, засваення маральных каштоўнасцей, фарміравання духоўных якасцей асобы.
Уласную грамадзянскую пазіцыю працягваў умацоўваць, ужо будучы дырэктарам Яглевіцкай сярэдняй школы, а потым і сярэдняй школы № 3 Івацэвіч. Менавіта ў калектыве фарміруюцца такія важныя рысы чалавека, як пачуццё абавязку, калектывізму, грамадзянская актыўнасць. У час маёй работы былі адкрыты класы прававой накіраванасці, класы юных лесаводаў, юных міратворцаў. Гэтыя і іншыя інавацыйныя праекты давалі магчымасць аб’ядноўваць дзяцей агульнымі інтарэсамі, вывучаць родны край, быць актыўнымі ў грамадскім жыцці.
Адметнай была дзейнасць па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў, якая стала вызначальнай у рабоце педкалектыву. Быў адкрыты рэсурсны цэнтр, скіраваны на стварэнне ўмоў для абагульнення і распаўсюджвання педагагічнага вопыту ў гэтым напрамку. Сёння цэнтрам забяспечваецца інфармацыйная і навукова-метадычная падтрымка, кансультаванне і навучанне педагагічных работнікаў, духоўна-маральнае выхаванне вучняў і іх далучэнне да праваслаўных, культурна-гістарычных каштоўнасцей нашай краіны.
Школа наладзіла цеснае супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Вядзецца работа па духоўна-маральным выхаванні на занятках дадатковай адукацыі “Асновы праваслаўнай культуры” ў 1 і 2 класах. Педагогі творчай групы рэсурснага цэнтра ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы матэрыялаў па факультатыўным курсе “Духоўнасць і патрыятызм” для 5—9 класаў. Дарэчы, наша школа працуе ў складзе Асацыяцыі школ Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, дзе ўзначальвае секцыю духоўна-маральнага выхавання.
Сваю грамадзянскую пазіцыю я працягваю ўмацоўваць і ўдасканальваць, з’яўляючыся дэпутатам парламента Рэспублікі Беларусь.
Мой праект “Школьнікам аб важным. Урокі дэпутата” скіраваны на работу з грамадскасцю і ўзаемадзеянне з навучэнцамі, педагогамі, работнікамі вытворчасці.
Я расказваю ім аб рабоце дэпутатаў, заканадаўстве і дасягненнях нашай краіны, яе паспяховым развіцці і нашых людзях.
Усе мы жывём у дынамічным свеце, які пастаянна развіваецца, і павінны паспяваць за яго імклівым рухам наперад. Ніхто з нас не нараджаецца з дакладнымі ўяўленнямі аб развіцці краіны і свету, аднак з цягам часу прыходзіць разуменне пэўных каштоўнасцей, усведамленне неабходнасці мець сваю пазіцыю ў жыцці. Грамадзянская пазіцыя — гэта абсалютная еднасць культурнай і гістарычнай спадчыны, гатоўнасць жыць і працаваць на карысць Айчыны.
Унутраны стрыжань, цвёрдую грамадзянскую пазіцыю трэба выхоўваць з маленства ў сям’і, у дашкольных установах, прадаўжаць гэтую работу ў школах і ўстановах прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Кожная навучальная ўстанова разам з сям’ёй павінна стаць апорай выхавання сапраўднага грамадзяніна нашай краіны. І не трэба забываць, што педагог сам павінен быць адданым патрыётам. Для мяне быць грамадзянінам і патрыётам Рэспублікі Беларусь — вялікі гонар і разам з тым вялікая адказнасць.
* * *
Здаецца, можна паставіць кропку. Але адна акалічнасць не дае гэта зрабіць. Днямі адбылася сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Сергяенкі і дэпутатаў з членамі Маладзёжнага парламента трэцяга склікання пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. У сустрэчы ўдзельнічаў вучань сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Ягор Крот, выхаванец Алега Кузьміна, член Маладзёжнага парламента ад Івацэвіцкага раёна. І гэта адзін з соцень яго навучэнцаў…
Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь