У жыцці Алены Ганчарэнка з Зэльвы кожны пяты год здараецца так званае настаўніцкае дэжавю. Яна зноў трымае ў руках буквар і вітае нясмелых першакласнікаў. Разам з вопытным педагогам дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы яны штораз 1 верасня пачынаюць цікавы шлях да ведаў. А дзякуючы майстэрскаму падыходу першай настаўніцы да класнага кіраўніцтва, нібы бонусам, атрымліваюць сяброў на ўсё жыццё. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У педагогіцы Алена Уладзіміраўна ўжо 27 гадоў. У ліку яе сённяшніх пачаткоўцаў ёсць дзеці былых выпускнікоў, а часам да педагога па чарзе трапляюць усе дзеці з адной сям’і. На пытанне, у чым сакрэт такой папулярнасці, суразмоўніца сціпла адказвае:
— Проста сапраўды люблю тое, што раблю.
Дастаткова сказаць, што падчас апошніх канікул Алена Уладзіміраўна арганізавала для дзяцей велапрагулку па памятных месцах раёна, а ў дзень сустрэчы з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”, які супаў з Міжнародным днём талерантнасці, класная гадзіна яе вучняў прайшла вельмі незвычайна. У раённым Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі чацвёртакласнікі Алены Уладзіміраўны гулялі з аднагодкамі, забыўшыся пра асаблівасці развіцця выхаванцаў установы спецыяльнай адукацыі.
Вяртаючыся да пачатку размовы, варта адзначыць, што ў педагогіку Алена Уладзіміраўна прыйшла дзякуючы натхненню… Натхненню, якое разгледзела ў сваім настаўніку.
— У маім жыцці быў яскравы прыклад Педагога з вялікай літары. Ніна Аляксееўна Чычанкова вяла рускую мову і літаратуру ў роднай школе № 2 у Хойніках, што на Гомельшчыне. Для ўсіх нас яна была прыкладам дабрыні і спагадлівасці, нягледзячы на складаны асабісты лёс. Лепш за ўсякія словы аб ёй гаворыць адзін факт: у нашым класе дзевяць чалавек скончылі школу з залатым медалём і ўсе зрабілі выбар на карысць педагагічных спецыяльнасцей.
На Гродзеншчыну Алену Ганчарэнка прывяла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Менавіта з гэтай прычыны ў Зэльву пераехала яе сям’я, і ўжо больш за 30 гадоў гэты край для нашай гераіні родны.
— Калі з дзецьмі ідзём кудысьці з экскурсіяй, яны пытаюцца: “Адкуль вы ўсіх ведаеце?” Зэльва — невялікі і ўтульны горад, дзе з усімі вітаюся. Адных вучыла, другія — іх блізкія, а трэція адпачывалі ў лагеры “Блакітная хваля”, дзе на працягу многіх гадоў працую намеснікам дырэктара падчас летняга адпачынку.
Адным словам, Алена Уладзіміраўна на зэльвенскай зямлі асоба вядомая. Да таго ж яшчэ і актыўная, і ў гэтым ёй вельмі імкнуцца адпавядаць вучні. Яны заўсёды ў ліку ўдзельнікаў усіх мерапрыемстваў — ад культурных да спартыўных. І трэці год сярод усіх пачаткоўцаў трымаюць лідарства ў конкурсе на лепшы клас года.
— Мая сям’я, можна сказаць, завочна знаёмая з кожным вучнем, бо ў пачатковай школе, здаецца, як нідзе, дзеці праходзяць праз сэрца настаўніка. З кожным імкнуся падзяліцца ўсім, што магу прапанаваць як педагог.
Такая эмацыянальная шчодрасць заўсёды выклікае спагадлівасць вучняў і бацькоў.
У пачатку года ў рамках школьнага мерапрыемства, прысвечанага прафесіям, многія мамы і таты вучняў Алены Уладзіміраўны гатовы былі прыняць экскурсіі ў сябе на працоўным месцы. Каб паспець усюды, прыйшлося складаць графік.
Для настаўніка межы рабочага часу — паняцце вельмі размытае. Але дома да прафесіі Алены Уладзіміраўны ўсе ставяцца з разуменнем і павагай. Сын часта гаворыць, што захапляецца настаўнікамі, гледзячы на маму, якая ўвесь час у руху. Думаю, не памылюся са здагадкай, што сын па прыкладзе галоўнага педагога ў яго жыцці, які штодзень аддае сябе справе служэння дзецям, выбраў не менш значны прафесійны шлях — ён вучыцца ў медыцынскім універсітэце.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара