Навучыць дзяцей любіць прыроду, беражліва адносіцца да навакольнага свету імкнецца на сваіх уроках настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 Круглага Алена Лазоўская. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Алена Сяргееўна — малады спецыяліст, якая пачала працаваць крыху больш як год назад. Але яна ўжо з упэўненасцю гаворыць, што ў школе адчувае сябе на сваім месцы, бо прафесію выбірала свядома.
— Вырасла ў вёсцы і з дзяцінства была акружана жывёламі. Напэўна, з гэтага і пачалося маё захапленне біялогіяй. Падчас вучобы ў школе заўсёды з нецярпеннем чакала менавіта гэты прадмет. І педагогіку выбрала невыпадкова: мама і цётка ў мяне педагогі дашкольнай адукацыі, старэйшая сястра — настаўніца замежных моў. Можна сказаць, што я працягнула сямейную справу, — падзялілася Алена Лазоўская.
Прафесійнае памкненне Алена Сяргееўна рэалізавала на факультэце матэматыкі і прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова. Дзяўчына атрымала дыплом педагога з адзнакай і натхнёна ўзялася за выкладанне.
— Памятаю, з якім хваляваннем ішла на свае першыя лінейку і ўрок. Аж не верылася: яшчэ зусім нядаўна сама была навучэнкай, а цяпер маю статус настаўніка. Быць педагогам ганарова, але і неверагодна адказна, бо ў нашых руках лёсы дзяцей. Спачатку перажывала наконт наладжвання кантакту з навучэнцамі. Але, дзякуючы ўвазе да кожнага вучня, мне ўдалося даволі хутка выбудаваць з імі даверлівыя ўзаемаадносіны. У мяне ў класах пануе пазітыўная, добразычлівая атмасфера. Лічу гэта значным фактарам паспяховага навучання, — адзначыла Алена Лазоўская.
Па яе меркаванні, трывалыя веды вучні змогуць атрымаць толькі пры наяўнасці цікавасці да прадмета. Малады педагог выкарыстоўвае для гэтага інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, тэхналогію праблемнага навучання.
— Стараюся, каб мае ўрокі былі змястоўнымі і займальнымі. Часта агучваю на занятках праблему, і сумесна з вучнямі мы шукаем адказы на пастаўленыя пытанні. Шырока прымяняю праектны метад. Дзеці з задавальненнем збіраюць дадатковую інфармацыю па пэўнай тэме, прэзентуюць свае даследаванні. Для лепшага запамінання вялікага аб’ёму тэкставай інфармацыі выкарыстоўваю кросенс, кластар, фішбоўн. Самастойна рыхтую разнастайны раздатачны матэрыял, праводжу для навучэнцаў віртуальныя экскурсіі. Візуалізацыя стымулюе пазнавальную актыўнасць дзяцей, павышае іх матывацыю да вучобы, — патлумачыла Алена Сяргееўна.
Нягледзячы на зусім невялікі тэрмін работы, Алена Лазоўская ўжо прайшла прафесійную адаптацыю. Гэтаму паспрыяла падтрымка кіраўніцтва і калектыву школы.
— У гэтую ўстанову я прыехала па размеркаванні. І адчуваю сябе тут утульна і камфортна. У метадычным плане істотную дапамогу аказвае мая старэйшая калега настаўніца біялогіі Святлана Аляксандраўна Раманькова. З новымі ідэямі па ўдасканаленні работы вяртаюся і з пасяджэнняў школы маладога спецыяліста. Ды і сама нацэлена на прафесійнае развіццё: наведваю вучэбныя курсы, канферэнцыі, семінары, вэбінары. Месяц назад атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю, — адзначыла Алена Сяргееўна.
Адметна, што на развіццё Алена Лазоўская арыентуе і сваіх вучняў. Настаўніца змагла далучыць школьнікаў да навукова-даследчай дзейнасці. Прычым вучнёўскія праекты атрымалі пераможныя дыпломы на раённых конкурсах даследчых работ эколага-біялагічнай накіраванасці.
— Разам з дзецьмі распрацоўваем праекты практычнага характару. Увогуле сваёй ключавой задачай бачу не толькі навучанне, але і выхаванне школьнікаў. Для мяне важна прывіць ім любоў да прыроды і экалагічную культуру, навучыць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. Фармірую ў дзяцей і агульныя маральныя якасці, — падкрэсліла Алена Сяргееўна.
Яна выхоўвае навучэнцаў і асабістым прыкладам. Акрамя педагогікі, паспявае прымаць удзел у грамадскім жыцці горада, з’яўляецца сакратаром маладзёжнага парламента пры Круглянскім раённым Савеце дэпутатаў.
— Перыядычна расказваю вучням пра нашы маладзёжныя ініцыятывы. Для іх гэта — прыклад праяўлення патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, — заўважыла Алена Сяргееўна.
У гэтай неардынарнай маладой настаўніцы ўжо нямала прафесійных дасягненняў. Яна пераможца раённых конкурсаў “Педагагічны дэбют” і “Маладая гаспадыня”. Зараз прадстаўляе Кругляншчыну на абласным фестывалі “Прызванне — педагог”.
— За кароткі перыяд Круглае стала для мяне другой малой радзімай. Тут я стварыла ўласную сям’ю, наладзіла побыт. Тут у мяне ёсць усе ўмовы для прафесійнай рэалізацыі, — адзначыла Алена Лазоўская. — Маю мноства планаў, і большасць з іх звязана са школай і маімі вучнямі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара