Магутным вытокам грамадзянскасці і патрыятызму з’яўляецца сямейнае выхаванне, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава Алена Таратутка.
— Хацела б працытаваць нашага Прэзідэнта: “Патрыятызм — не проста размовы аб тым, як мы любім Радзіму… Гэта штодзённая праца дзеля яе дабрабыту, захаванне гістарычных і культурных традыцый, абарона інтарэсаў дзяржавы і жыцця людзей”. Безумоўна, патрыятызм азначае гатоўнасць адстойваць і прымнажаць дасягнутае папярэднімі пакаленнямі. Калі спатрэбіцца, то са зброяй у руках, як даводзілася рабіць нашым продкам. Аднак заўсёды трэба памятаць, што незлічонымі чалавечымі ахвярамі, народным подзвігам у гады ваеннага ліхалецця аплачаны нашы свабода і шчасце жыць, вучыцца, займацца стваральнай працай, любіць і гадаваць дзяцей пад мірным небам. Гэтыя каштоўнасці мы абавязаны свята берагчы, па іх звяраць учынкі.
Ці лічу сябе патрыётам? Адназначны адказ — так. Магутным вытокам грамадзянскасці і патрыятызму з’яўляецца сямейнае выхаванне. Я часцінка прафесійнай дынастыі, дзе адданасць роднай зямлі і выбранай справе ніколі не былі проста словамі. Мой дзядуля па лініі бацькі педагог, мае бацькі педагогі, мы з братам па прыкладзе родных і ўласным жаданні выбралі педагагічныя спецыяльнасці. Маці на працягу 20 гадоў узначальвала калектыў Краснапольскай сярэдняй школы, якая зараз носіць імя С.І.Жукава. Дзядуля да выхаду на пенсію быў настаўнікам пачатковых класаў. Мяне таксама многія землякі завуць сваёй першай настаўніцай, а некаторыя з іх і настаўніцай сваіх дзяцей. Педагагічнаму прызванню я аддала звыш 35 гадоў, з іх 13 працую намеснікам дырэктара. Асаблівую ўвагу ўдзяляю ўмацаванню сувязі з сем’ямі навучэнцаў, каб бацькі і родныя не толькі прысутнічалі на школьных мерапрыемствах і прыходзілі да нас у госці, а непасрэдна ўдзельнічалі ў справах школы. Сутнасць маёй прафесійнай дзейнасці — у выхаванні людзей працавітых, творчых, ініцыятыўных і адказных, а галоўнае — сапраўдных патрыётаў і дастойных грамадзян Рэспублікі Беларусь. Як бы часам ні было складана, у іншай прафесіі сябе не ўяўляю, гэта мой лёс.
Як педагога, маці і жонку мяне нязменна хвалююць пытанні мацярынства, шчаслівага і бяспечнага дзяцінства, сямейнага дабрабыту, пытанні міру, супрацоўніцтва і сяброўства паміж людзьмі і краінамі. Лічу, што ў наш час займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, мець грамадзянскую адказнасць для кожнага з нас — неабходнасць. Трэба, каб кожны трымаў у сэрцы гордасць і ўдзячнасць за спадчыну продкаў і каб гэтае пачуццё штораз падмацоўвалася дзеяннем на карысць Айчыны. Гэта стараюся перадаць дзецям не толькі ў школе, але і ва ўласнай сям’і. У мяне трое сыноў, двое ўнукаў. Старэйшыя сыны пасля атрымання вышэйшай адукацыі не засталіся ў вялікіх гарадах, яны вярнуліся жыць і працаваць на малую радзіму, сумленна служаць нашай Расоншчыне. Малодшы сын першакурснік, ён выбраў запатрабаваную спецыяльнасць інжынера-энергетыка і, спадзяюся, неўзабаве вернецца ў родны край. Значнай часткай майго жыцця з’яўляецца “Белая Русь” як грамадская арганізацыя і партыя. Беларускі саюз жанчын даверыў мне ў ліку дзесяці дэлегатаў прадстаўляць Віцебскую вобласць на VІІ Усебеларускім народным сходзе. Зараз сярод надзённых — пытанні, звязаныя з электаральнай кампаніяй. Дакладна ведаю, за якога кандыдата аддам свой голас. Моцнай дзяржаве патрэбны моцны і кампетэнтны кіраўнік: аўтарытэтны на міжнароднай арэне, нацэлены на павышэнне сацыяльнай абароненасці грамадзян і дынамічнае развіццё краіны, уважлівы да праблем і клопатаў людзей. Упэўнена: пакуль наш Прэзідэнт будзе стаяць за дзяржаўным штурвалам, Беларусь захавае міралюбівы і міратворчы курс. Для нас усіх, для нашых дзяцей гэта вельмі важна.
Таццяна БОНДАРАВА