Дзеля сустрэчы з гераіняй чарговага выпуску праекта “Мая школа” мы адправіліся ў Гомель. “Вельмі хвалююся, бо часцей пытанні задаю я, а тут трэба адказваць”, — пачала гутарку суразмоўніца. За кубкам чаю мы гаварылі пра педагагічны талент, жыццёвыя выпрабаванні і шлях на тэлебачанне, пра сямейныя традыці і выхаванне.
Знаёмцеся — рэдактар аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм тэлерадыёкампаніі “Гомель”, аўтар і вядучая сацыяльных праектаў “Дэмаграфічны выбух” і “Людзі міру”, адукацыйных перадач “Эрудыт” і “Размаўляем па-беларуску”, уладальніца прэміі “Тэлевяршыня” Алена ТРАЦЭНКА.
— Большасць медыйных персон, з якімі мы рабілі інтэрв’ю ў рамках нашага праекта, гаварылі, што трапілі на тэлебачанне выпадкова. А як было ў вас?
— Я трапіла на тэлебачанне не выпадкова. Я рабіла намаганні для гэтага. Спачатку 5 гадоў працавала ў дзіцячым садку, потым 3 гады — у школе. Мне было цікава і тэлебачанне. Я сачыла за конкурсамі дыктараў і не адзін раз спрабавала свае сілы.
На тэлебачанне я прыйшла ў 1996 годзе ў якасці дыктара: аб’яўляла перадачы, сядзела прыгожая і гаварыла: “Паважаныя гледачы, сёння ўвечары вы зможаце паглядзець такія праграмы Гомельскага тэлебачання…”
— Калі ў вас узнікла жаданне трапіць у гэтую “скрынку”?
— Гаварыць у ручку скакалкі, як і ўсе дзеці, я пачала вельмі рана, але жадання стаць актрысай ці спявачкай не было. Ужо ў 1 класе мяне “адкамандзіравалі” чытаць вершы са сцэны Дома палітасветы (сённяшняга грамадска-культурнага цэнтра). Потым у школе актыўна ўдзельнічала ў агітбрыгадах, ансамблях, спявала і танцавала. Больш была артыстам размоўнага жанру. Выходзіла на сцэну і заўсёды хвалявалася. Але туды цягнула.
Гледзячы на тэлевізійных дыктараў, лічыла, што, магчыма, і ў мяне так атрымалася б, але спецыяльна для гэтага нічога не рабіла, бо была ўпэўнена, што буду настаўніцай. Мне падабалася гэтая работа, я вельмі паважала сваіх школьных настаўнікаў.
Калі вучылася ў 9 класе, разам з нашай агітбрыгадай трапіла на здымкі маладзёжнай праграмы ў тэлецэнтр на Макаёнка, 9. Менавіта тады я крыху пазнаёмілася з тэлевізійнай кухняй, убачыла людзей, з якімі потым супрацоўнічала, калі прыйшла сюды працаваць.
— З 1 па 10 клас вы вучыліся ў адной школе…
— Так. Скончыла я 26-ю гомельскую школу, потым там жа і працавала. А потым там вучыўся і мой сын.
— Які самы яркі ўспамін пра першага верасня?
— Увесь час я сачыла за мамай, каб яна нікуды не падзелася, і вельмі хвалявалася, каб яна пакінула мне партфель, які трымала ў руках, каб не пайшла з ім дадому.
— Хто быў вашай першай настаўніцай?
— Маё школьнае жыццё пачалося са знаёмства з Лідзіяй Васільеўнай Мятлушка, якая вучыла нас у пачатковай школе. Яна ўжо на заслужаным адпачынку, але да гэтага часу памятае ўсіх сваіх вучняў. Я таксама вельмі добра памятаю першыя школьныя гады і разумею, што галоўныя якасці першага настаўніка — дабрыня, пяшчота і здоль-насць не адштурхнуць дзіця ад атрымання ведаў, а таксама, вядома, педагагічны і жыццёвы вопыт. Дасведчаны педагог дакладна ведае, як знайсці падыход да кожнага чалавека. Але не падумайце, што я супраць маладых настаўнікаў — шмат хто з моладзі мае гэтыя здольнасці і якасці.
Мне самой было 18 гадоў, калі я прыйшла працаваць у дзіцячы садок. І здагадваюся, як тады ставіліся да мяне бацькі маіх выхаванцаў. А мне было цікава з дзецьмі, можа, таму іх бацькі мне давяралі. У садку, адразу прайшла школу маладога байца: першымі выхаванцамі былі дзеткі з 2 да 3 гадоў. Маёй задачай было, акрамя догляду, арганізаваць гульні і развіццёвыя практыкаванні, а памочнік выхавальніка больш скіроўвала ўвагу на бытавыя моманты. Без самахвальства скажу, што бацькі хацелі прывесці дзяцей менавіта да мяне ў групу.
— Якім школьным прадметам аддавалі перавагу і што вам было непадуладна?
— Любіла ўсё, але найбольш — відаць, пад уплывам асобы настаўніка — падабалася беларуская мова, якую выкладала Лідзія Дзмітрыеўна Міроненка; не забываюцца і ўрокі па рускай мове Людмілы Леанідаўны Байцовай. Потым, як толькі я пайшла на тэлебачанне, яны часта мне пры сустрэчы (а мы жылі ў адным раёне) многае падказвалі.
Вельмі падабалася гучанне беларускай мовы, а яшчэ тое, што я разумела, пра што чытала (да бабулі ў вёску ездзіла, і многія словы ці падобныя да іх сустракала). Потым, паступіўшы на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта ўніверсітэта, літаральна глядзела ў рот выкладчыкам — а нас вучылі Вольга Аляксееўна Ляшчынская, Вольга Аляксееўна Гуліцкая, Іван Фёдаравіч Штэйнер і іншыя, — захаплялася іх вымаўленнем, сядзела як зачараваная. А скончыўшы ўніверсітэт, з задавальненнем прымала іх прафесійныя падказкі і выпраўленні. Калі стала ствараць на тэлебачанні моўныя праекты, вельмі хвалявалася, бо ведала, што, калі нараблю памылак, мне будзе сорамна хадзіць паўз універсітэт і сустракацца з выкладчыкамі.
Са школьных гадоў люблю чытаць. Днямі скончыла чытаць кнігу Барыса Беднага “Дзяўчаты”, якая з’яўляецца літаратурнай асновай аднайменнага фільма, які я глядзела шмат разоў: было сапраўды цікава параўнаць, чым яны адрозніваюцца. А маёй амаль настольнай (на ўсе выпадкі жыцця) кнігай з’яўляецца “Касандра” Міхаіла Велера. Таксама вельмі люблю вершы Зоі Падліпскай, сённяшняга галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”, і часта выкарыстоўваю цытаты з яе твораў у якасці падмацавання сваіх думак.
Матэматыку паважала не вельмі, але, калі ў старшай школе трапіла да Анатоля Рыгоравіча Кома, палюбіла прадмет шчыра. Справа ў тым, што нават тыя, хто не ўмеў рашаць задачы, у гэтага настаўніка станавіліся аматарамі матэматыкі. Ён даваў вялікія дамашнія заданні: шмат прыкладаў і задач, але тлумачыў так цікава, што жаданне разабрацца ва ўсім пераважала над неразуменнем і лянотай.
Калі вучылася ў старшых класах, вельмі цяжка даваліся сачыненні. Каб мне тады сказалі, што я кожны дзень буду, па сутнасці, пісаць іх, не паверыла б. Гэта былі са-праўдныя творчыя пакуты: з чаго пачаць, на чым сканцэнтраваць увагу, а можа, пра гэта напісаць, чаму аддаць перавагу, які план скласці. У выніку атрымлівалася нядрэнна, але на гэта трацілася вельмі шмат часу.
За гады работы на тэлебачанні навучылася. (Смяецца.) Але, напрыклад, у навінах працаваць не змагла б. Там трэба рабіць усё вельмі хутка: едучы з камандзіроўкі, напісаць тэкст і тэрмінова яго адправіць. Мне ж трэба ўсё абдумаць, як кажуць, пераначаваць з ідэяй. Часта бывае, што перарабляю напісаны сцэнарый… І чым больш дзён даецца на падрыхтоўку, тым больш правак з’яўляецца.
— Ці былі ў школьныя гады свавольствы і непрыемныя моманты з-за іх?
— У школе ў мяне быў сіндром выдатніцы — добра вучылася, скончыла школу з сярэбраным медалём. Я не імкнулася рабіць усё як след спецыяльна — проста інакш не магла. У мяне было і застаецца такое стаўленне да жыцця.
Быў адзін выпадак, калі пашкодзіла парту ў кабінеце гісторыі. Пасля невялікага канфлікту з настаўніцай я сядзела і алоўкам малявала на парце. Так праявіўся — відаць, першы і апошні раз — мой дзіцячы ўнутраны бунт супраць несправядлівасці. Настаўніца заўважыла гэта. Вельмі тактоўна яна падышла да мяне і прамовіла: “Дык вось хто ў нас парты размалёўвае…” Мне стала вельмі сорамна, і пасля ўрока я чысценька вымыла парту…
— Відаць, былі ў школе такія месцы, дзе вы бывалі найчасцей?
— Дакладна скажу, што гэта адназначна была не сталоўка, таму што есці не любіла, мне гэта не падабалася як працэс. (Смяецца.) Класы былі ўтульныя, асабліва мне падабалася ў кабінетах беларускай мовы і гісторыі.
З кабінетам гісторыі быў звязаны адзін вельмі цікавы выпадак. Аднойчы ў нядзелю ў “Ранішняй пошце” паказалі выступленне групы Modern Тalking, якая ў сярэдзіне 80-х набірала папулярнасць. Мы добра ведалі, што ў 11 гадзін у панядзелак будзе паўтарацца гэтая выдатная песня, якая лашчыла слых. І калі мы сядзелі на ўроку гісторыі, здарылася, на нашу думку, непрадказальнае: настаўніца гісторыі Наталля Георгіеўна Міхліна паглядзела на гадзіннік і сказала: “Дзеці, зараз зробім перапынак. Я разумею вашы думкі”. Яна ўключыла тэлевізар, і мы ўсім класам слухалі гэтую песню. А потым працягнулі займацца гісторыяй. Мне падаецца, што заданне на наступны ўрок вывучылі ўсе, нават тыя, хто гісторыю ніколі не вучыў. (Смяецца.)
— А ці часта вы бываеце непрадказальнай ці азартнай?
— У гэтым плане я вельмі нецікавы чалавек. Я бываю непрадказальнай толькі для самой сябе. Напрыклад, магу раптам пайсці і падкараціць валасы, аднак работа на тэлебачанні патрабуе задумвацца і над гэтым. Можа, я і пафарбавалася б у рыжы колер, але прафесія стрымлівае. (Смяецца.) Магу раптам пасля работы сесці ў аўтамабіль і паехаць да маці ў вёску — проста таму, што мне захацелася яе пабачыць.
Што да азартнасці, то мне падабаецца глядзець, як улетку выпускнікі высоўваюцца з люкаў машын і галёкаюць. І я разумею, што бываюць моманты, калі такога хочацца. Неяк было, што ў добрым настроі і пры добрай музыцы, седзячы на пасажырскім сядзенні ў машыне, папрасіла мужа зрабіць гучней і сказала: “А зараз адкрывай люк — буду кофтай махаць”. (Смяецца.) Канечне, на хаду я гэтага не зрабіла (“стоп-кран” спрацаваў), але, калі машына спынілася, я ўсё ж такі ў той люк вылезла — хоць паспрабавала.
— Алена, хто мае дачыненне да вашага прафесійнага сталення?
— Да гэтага спрычынілася многа людзей. Тут, на Гомельскім тэлебачанні, вельмі добры калектыў. Я пачынала працаваць з тымі, хто стаяў ля вытокаў рэгіянальнага тэлевяшчання. І я вельмі ўдзячна прафесіяналам-пачынальнікам, якія шмат чаму мяне навучылі. Усе дапамагалі і падказвалі, і не было, як мне здаецца, рэўнасных адносін.
Прыйшла я сюды як дыктар. Рыгор Капаткоў, адзін з першых дыктараў Гомельскага тэлебачання, вучыў мяне, як гаварыць і паводзіць сябе перад тэлекамерай, даваў чытаць шмат спецыяльнай літаратуры. Дапамагалі Мая Пракапенка, а таксама Людміла Чарнецкая, якая да гэтага часу працуе ў нашым калектыве. І сувязь з пакаленнем прафесіяналаў не перарвалася. Пра жыццё тэлерадыёкампаніі і нейкія нашы навіны яны даведваюцца ўжо ад мяне.
— А як вы зараз прымаеце сваіх маладых калег? Нешта, відаць, памянялася?
— Напрамую мы зараз не вучым моладзь, бо для навучання цяпер вельмі многа магчымасцей. А вось дапамагчы дастойна справіцца з заданнем галоўнага рэдактара мы з калегамі заўсёды дапаможам — і парадамі, і падказкамі. Абцасы ніхто не падпільвае, і суфлёр не круцяць хутчэй, чым трэба. (Смяецца.) Маладыя журналісты задаюць шмат пытанняў, якія тычацца менавіта практычнага боку прафесіі, і мы шчыра раскрываем ім свае таямніцы. У нас вельмі добры калектыў.
Сёння пошук інфармацыі значна спрасціўся, што, безумоўна, аблегчыла работу, але ў той жа час людзі развучыліся здабываць патрэбнае і адсейваць смецце.
— Ці цяжка працаваць на тэлебачанні?
— Усё залежыць ад таго, што ўкладваць у паняцце “цяжка”. Шмат часу аддаеш, шмат энергіі, але гэта тое, што ты любіш і да чаго здатны. І прадукт атрымліваецца ў выніку такі, што іншым глядзець прыемна. Я атрымліваю задавальненне ад сваёй работы нягледзячы на тое, што часам стамляюся настолькі, што толькі думаю, як прыйсці дадому, упасці і адпачыць. Пры гэтым пасля двух тыдняў адпачынку мяне ўжо зноў цягне на работу — без яе я сумую.
— Каб не тэлебачанне, ці працягвалі б вы працаваць у школе?
— Я задавала сабе такое пытанне. Думаю, магла б зноў настаўнічаць. Я працавала ў школе толькі 3 гады: вучыла дзяцей з 5-га па 7 клас. Як кажуць мае знаёмыя, якія працуюць у школе шмат гадоў, я не паспела сапсаваць свае ўражанні ад педагагічнай дзейнасці. Можа, мне проста пашчасціла: там былі выключныя бацькі і выключныя дзеці, таму я не расчаравалася ў настаўніцкай дзейнасці. Дагэтуль часам сустракаю гэтых дзяцей (ужо ім па 33 гады), заўсёды вітаюся з іх бацькамі. І мне добра ад таго, што мне падабалася ў дзіцячым садку і ў школе, і што ў мяне ёсць такі вопыт, які вельмі карысны для работы журналіста.
— Так атрымалася, што ўсе мае праекты так ці інакш звязаны з дзецьмі і моладдзю, з ведамі. Напрыклад, узяць хаця б праект “Дэмаграфічны выбух” пра бацькоў і дзяцей з мнагадзетных сем’яў ці праграму “Я шукаю маму”, якая ў 2008 годзе ўзяла “Тэлевяршыню” як лепшы рэгіянальны праект. Я наведвала дзіцячыя дамы, знаёмілася і гуляла з дзецьмі, у якіх няма бацькоў, вучыла іх чытаць, займалася творчасцю — тут вельмі дарэчы былі педагагічныя веды.
Таксама многае спатрэбілася і ў метадычным плане. Працуючы ў школе, імкнулася да таго, каб дзеці вучылі вершы на памяць так, каб не ўспамінаць кожнае слова, а мець магчымасць чытаць вывучаны тэкст выразна. На тэлебачанні, калі яшчэ не было спецыяльнага абсталявання — суфлёра, я і мае калегі тэксты таксама завучвалі на памяць настолькі надзейна, каб можна было падумаць пра жэст, інтанацыю ці тое, у які бок нахіліць галаву.
Увогуле, я, відаць, магла б нават параіць: перш чым ісці ў публічныя прафесіі, паспрабаваць сябе перад школьнікамі — гэта і выпрабаванне, і вопыт зносін з аўдыторыяй. Прыходзячы ў клас, настаўніца павінна быць гатова да ацэнкі з боку вучняў: якая сукенка, шалік, боты, якая прычоска і макіяж. Яны ўсё бачаць і ўсё аналізуюць. (Смяецца.)
— Як лічыце, у чым найбольшая складанасць прафесіі настаўніка?
— Самае цяжкае і складанае ў настаўніцкай працы — наладзіць кантакт з вучнямі. У гэтым вялікае значэнне мае першае ўражанне ад педагога. Якім навучэнцы ўбачылі настаўніка, так яны і будуць яго ўспрымаць далей. Адназначна, настаўнік павінен быць адкрытым і ўзброеным цярпеннем і імкненнем зразумець кожнага.
У мяне былі такія моманты, калі я не ведала, што рабіць з класам, улічваючы, што мае дзеці былі найлепшымі і вельмі дружнымі, — гэта было закладзена яшчэ ў пачатковай школе. І ў нечым менавіта яны навучылі мяне жыццёвай мудрасці. Яны былі розныя і па росце, і па ўзросце. Сярод іх быў Жэня Міроцін, ці не на 3 гады маладзейшы, чым усе астатнія, — хлопец экстэрнам пераскокваў праз класы. Вы не ўяўляеце, як яго ахоўваў клас! І калі бацькі хацелі перавесці яго ў іншую навучальную ўстанову, я прасіла іх не рабіць гэтага, бо ніхто яго так ахоўваць ад іншых не будзе. Такую ж абарону меў любы вучань у гэтым класе.
Вялікую ролю таксама адыгрывае падтрымка калег. У маёй педагагічнай дзейнасці з гэтым таксама не было праблем: калі мне было нешта не зразумела — тлумачылі, калі ведала — магла сама параду даць.
— Ці запрашалі вас выкладаць?
— Пакуль што не запрашалі, але ў мяне ёсць што расказаць маладым журналістам са свайго вопыту.
— Чаму б вы найперш навучылі моладзь?
— Шчырасці. Тыя, хто працуе ў кадры (як, дарэчы, і настаўнікі), павінны быць сабой, а не надзяваць нейкія маскі: які ты ёсць у жыцці, такі будзь і перад камерай. Так прасцей. Экран сапраўды выяўляе ўсё тое, што ты хочаш схаваць. Тым больш заўсёды трэба прытрымлівацца створанага штучнага іміджу, каб не забыцца і не зрабіць нешта не тое.
Я не ўмею выкручвацца і хлусіць, заўсёды была натуральнай. У дзявоцтве адрознівалася ад сваіх сябровак тым, што ў мяне заўсёды быў адзін кавалер. Я не разумела, як можна адначасова сябраваць з некалькімі хлопцамі і не заблытацца ў дэталях: каму, што і калі гаварыла. (Смяецца.)
— У чым былі асаблівасці вашага сямейнага выхавання?
— Мама Ніна Давыдаўна і тата Міхаіл Фёдаравіч выхоўвалі мяне ў атмасферы любові. Але мама і тата былі ў мяне да сямі гадоў. Потым тата заўчасна памёр, і маці ўсю любоў аддавала мне за дваіх. Я не памятаю празмернай строгасці… Ды і я таксама была ўвесь час занятая: і ў юннатах пабыла, і на танцы хадзіла, і спортам займалася. Я была, як зараз сказалі б, правільнай. Але я не старалася быць такой — яно само сабой так атрымлівалася, гэта была мая пазіцыя.
— Як ставіліся да гэтага аднакласнікі?
— Белай варонай у класе я не была. Клас быў моцны, і шмат хто добра вучыўся, таму з гэтым праблем не было. Што тычыцца выступленняў, таксама ніхто не раўнаваў. Усё было проста: хочаш вучыцца — вучыся, хочаш займацца ў гуртку — займайся.
Што да сямейнага выхавання, то мне пашчасціла часта ездзіць у вёску. За 60 кіламетраў ад Гомеля, у пасёлку Чаплін Гомельскага раёна, жыла мая родная бабулечка Даша па матчынай лініі і яшчэ 3 бабуліны родныя сястры.
Некалі мой прадзед Емяльян Бондараў і некалькі яго сяброў, у якіх таксама былі вялікія сем’і, заснавалі гэты пасёлак, каб іх дзеці маглі сяліцца побач. У Чапліне ўсяго тры роды: Бандарэнкі, Бондаравы і Лазавенкі. Сёння, на жаль, там толькі некалькі карэнных жыхароў. Нехта жыве летам, а нехта прыязджае на сваё лецішча некалькі разоў на год.
Я была ўнучкай для ўсіх чатырох бабуль. Памятаю, як мая родная казала: “Сёння пойдзем да Аксінні — яна будзе пірагі ставіць” (з трох гадоў памятаю, як мы хадзілі да той Аксінні і ляпілі пірагі). На наступны дзень мы ішлі да іншых сясцёр па новых справах. І так ледзь не кожны дзень.
І менавіта тая любоў, якая лілася на мяне адусюль, — аснова майго жыцця. Зараз у той вёсцы ў нас дом, у які маці выязджае на лета. Мне падаецца, што там мае карані, менавіта там я падсілкоўваюся энергіяй. Там мая сіла, вытокі і крыніца натхнення. І я не адна такая. Многія з маіх стрыечных і траюрадных братоў і сясцёр, якія раз’ехаліся ледзь не па ўсім свеце, імкнуцца хоць раз на год прыехаць у Чаплін. Мне таксама часам сніцца Чаплін, і я ўпэўнена, што той вялікі род, з якога я паходжу, — гэта мая падтрымка.
— Як вы выхоўваеце свайго сына? Чым ён займаецца?
— Міхаіл ужо дарослы. Скончыў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога па інжынернай спецыяльнасці. Калі вучыўся на першым курсе, паспрабаваў сябе на радыё. Крыху папрацаваў, але потым кінуў і заняўся вучобай. А цяпер зноў вярнуўся да нас і працуе на тэлебачанні ўжо ў якасці інжынера, а таксама спрабуе сябе ў спартыўных навінах. На мой погляд, у яго атрымліваецца.
Сыну, калі ён вучыўся ў школе, вельмі падабалася матэматыка — ён быў цудоўным тэарэтыкам. І калі настаў час выбару будучай прафесіі, мы сутыкнуліся са значнай праблемай: выбраць тое, да чаго ляжыць душа і што атрымліваецца.
Справа ў тым, што сёння хіба што працэнтаў 10 дзяцей дакладна ўяўляюць, чым бы яны хацелі займацца. І для бацькоў гэта таксама вельмі цяжкая справа. Міша выбраў радыёэлектроніку, але, калі сутыкнуўся з тым, што гэта не толькі тэорыя, але і што яшчэ трэба трымаць у руках паяльнік і рабіць мікрасхемы, сказаў: “Гэта не маё”. Перавёўся на завочнае аддзяленне, працаваў і сам аплачваў навучанне. Потым, заканчваючы, упэўніўся ў правільнасці здзейсненага выбару, але я разумею, што яму цеснавата ў рамках інжынернай прафесіі.
На жаль, дзеці рэдка дзякуюць бацькам, але я дачакалася гэтага. Калісьці прапанавала яму пайсці ў музычную школу (дома ўжо быў акардэон). Першыя гады яму падабалася, бо на сальфеджыа прымяняў нейкія аднаму яму вядомыя матэматычныя законы, усё было даволі проста. У яго былі добрыя перспектывы, але ў футбол таксама хацелася пагуляць. Кінуць музычную школу мы яму не далі. Пасля Міша працаваў дыджэем у клубах, гукааператарам і музычным рэдактарам на радыё. І калі яму было гадоў 20, сказаў: “Дзякуй вам вялікі, што вы настаялі на тым, каб я атрымаў музычную адукацыю”.
Па жыцці я аптыміст і лічу, што ўсё, што здараецца, павінна было здарыцца і пойдзе выключна на карысць. Мы ніколі не ведаем, што нам спатрэбіцца ў жыцці. Калі штосьці сустракаецца, значыць, яно абавязкова рана ці позна будзе выкарыстана. Калі ёсць магчымаць узяць — бяры. І намаганні будуць акуплены ў будучыні.
— Што з таго, што вы сустрэлі ў жыцці выпадкова, вам спатрэбілася?
— Нейкія творчыя прапановы былі з 1 класа школы: чытаць вершы, удзельнічаць у пастаноўках. Гэта мне было вельмі цікава, але я не думала, што нешта з гэтых заняткаў можа спатрэбіцца потым. Усё складваецца ў нашу скарбонку і захоўваецца да пэўнага часу. Ні мы, ні нашы дзеці не ведаем, што будзе патрэбна праз 5, 10 ці 20 гадоў. Бярыце ўсё, што дае жыццё! Дзякуй хочацца сказаць нават тым людзям, якія, можа, і незнарок, мяне пакрыўдзілі, бо тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі.
— Як бы вы сфармулявалі ваш жыццёвы дэвіз?
— Дэвізам гэта наўрад ці назавеш, хіба правілам… Але я прытрымліваюся яго: лепш зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і пашкадаваць. І ўвогуле: любы вопыт — каштоўнасць; за яго, колькі ні плаці, не пераплаціш (гэта любімая фраза майго мужа, з якой я вельмі згодна).
— Што б вы пажадалі чытачам “Настаўніцкай”?
— Мне б вельмі хацелася, каб, прачытаўшы гэтае інтэрв’ю, нехта, магчыма, выкарыстаў мой вопыт падчас пошуку свайго прафесійнага шляху, а бацькі пастараліся зразумець дзіця і дапамагчы яму. Можа, хтосьці палічыць каштоўным мой, хай і не такі вялікі, педагагічны вопыт. А калі тое, што я расказала, нікому не спатрэбіцца, няхай проста пачытае і ведае, што ёсць у Гомелі Алена Трацэнка.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Алены ТРАЦЭНКА.