У гімназіі № 1 Слуцка ў межах тэматычнага тыдня, прысвечанага Дню касманаўтыкі, праходзяць шматлікія мерапрыемствы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Адкрываючы Тыдзень касманаўтыкі, навучэнцы разам з настаўніцай фізікі Таццянай Максіменка паглядзелі фільм «Малая радзіма высокіх арбіт».
— У Дзень касманаўтыкі ўсе класы гімназіі дэманстравалі праекты пра космас, — расказала педагог. — Акрамя гэтага, навучэнцы 11-га класа праводзілі ўрокі пра космас для першакласнікаў. Малышы ў сваю чаргу таксама расказвалі сваім старэйшым калегам усё, што ведаюць аб гэтай тэме: паказвалі малюнкі, прымалі ўдзел у тэматычных віктарынах. Таксама ў бліжэйшы час плануем правесці тэлемост Байканур — Слуцк — Чэрвень — Нацыянальная акадэмія навук.
У бліжэйшых планах установы адукацыі — пасадка Алеі космасу, першыя дрэвы на якой з’явіліся яшчэ ў 2018 г., калі ў Мінску праходзіў 31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.
— Тады да нас прыязджаў касманаўт Павел Вінаградаў, які здзейсніў 7 выхадаў у адкрыты космас, — звярнула ўвагу настаўніца фізікі. — Падчас інфармацыйнай гадзіны размаўлялі са старшакласнікамі пра тое, чаму Беларусі нададзены статус касмічнай дзяржавы. Насамрэч усё проста: для гэтага трэба, каб у краіне былі тры касманаўты (яны ў нас ёсць) і свае спадарожнікі ў космасе. Сёння да запуску рыхтуецца чацвёрты. Дзякуючы гэтаму, у 2018-м менавіта ў Беларусі быў праведзены 31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.
Дарэчы, больш як 30 % жыхароў Слуцка так ці інакш звязаны з космасам. Менавіта таму горад па праве завецца касмічнай сталіцай Беларусі.
— У нашай гімназіі вучыўся вядомы савецкі інжынер, эксперт у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў, доктар тэхнічных навук Сямён Косберг, дзякуючы якому Юрый Гагарын выйшаў на арбіту, — прывяла цікавы факт Т. Максіменка. — Вядомы астраном Вітольд Цэраскі таксама выпускнік гімназіі і калісьці менавіта з нашага кабінета фізікі назіраў за каметай Даная. А Ілья Капіевіч, яшчэ адзін гімназіст, па заказе Пятра Першага выдаў карту зорнага неба. Два кіраўнікі касмадрома Байканур таксама ўраджэнцы Слуцкага раёна. Так, Канстанцін Герчык нарадзіўся ў вёсцы Сорагі Слуцкага раёна, а Юрый Жукаў — выпускнік сярэдняй школы № 10 Слуцка.
Пачынаючы з 2009 г. навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка займаюцца даследчымі работамі па тэме космасу. Усе работы, а іх ужо 18, засяроджаны на вывучэнні слуцкага следу ў космасе і ўкладзе Беларусі ў яго развіццё.
Наталля САХНО