Алгарытмы забеспячэння шчаслівага дзяцінства вызначылі на абласным бацькоўскім сходзе ў Магілёве

- 10:04Новости

Канструктыўна аб важным пагаварылі ўдзельнікі абласнога бацькоўскага сходу ў Магілёве. Традыцыйнае мерапрыемства ў анлайн­ і афлайн­-фармаце аб’яднала звыш 150 актывістаў бацькоўскіх камітэтаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На пасяджэнні прысутнічалі таксама педагогі, прадстаўнікі абласной пракуратуры, камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама, УУС, МНС, ДАІ, спецыялісты раённых аддзелаў па адукацыі.

— Сустрэчы з бацькоўскай грамадскасцю праводзяцца ў рэгіёне рэгулярна. Тэмы для абмеркавання выбіраюцца найбольш актуальныя і надзённыя. Надоечы размова была прысвечана надыходзячым летнім канікулам. Мамы і таты азнаёміліся з рознымі варыянтамі адпачынку і аздараўлення дзяцей. Бацькам нагадалі аб важнасці кантролю і праяўлення клопату і любові да дзяцей, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.

Падчас дыялогу дэталёва абмеркавалі захаванне бяспечнай жыццядзейнасці навучэнцаў у летні перыяд. Увага была засяро­джана і на павелічэнні злачынстваў у інтэрнэце. Бацькам падрабязна расказалі пра тое, якія наступ­ствы маюць супрацьпраўныя дзеянні непаўналетніх, як заўважыць іх датычнасць да парушэння заканадаўства.

Адбыўся і абмен вопытам. Прадстаўнікі Бабруйска расказалі пра напрацоўкі ў галіне прафілактыкі супрацьпраўных паводзін дзяцей. Клімавіцкі раён прэзентаваў эфектыўнасць арганізацыі бацькоўскіх патрулёў у месцах патэнцыяльнай небяспекі. Магілёўскі раён паведаміў пра супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой па фарміраванні ў навучэнцаў духоўна-маральных і патрыятычных якасцей. А актыў абласнога цэнтра падзяліўся эфектыўнымі формамі выкарыстання месенджараў і віртуальных пляцовак для бесперапынных зносін навучальных устаноў з законнымі прадстаўнікамі.

Пасяджэнне дазволіла баць­кам многае ўзяць на заметку. У ходзе выступленняў дакладчыкі не проста канстатавалі праблемы, а прапаноўвалі канкрэтныя шляхі іх выпраўлення. Была падкрэслена значнасць адказнасці мам і татаў за выхаванне, жыццё і здароўе дзяцей. Адзначалася і выключная неабходнасць міжведамаснага ўзаемадзеяння. Сумесна былі выпрацаваны адзіныя алгарытмы работы ўсіх сацыяльных інстытутаў, якія зацікаўлены ў шчаслівым і бяспечным дзяцінстве.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара