Алімпіяда як дзейсны рэсурс для развіцця: з вопыту работы педагогаў гімназіі № 2 Віцебска

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

На працягу 5 гадоў гімназія № 2 Віцебска трымае лідарства ў алімпіядным руху сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. З 2021 па 2024 год камандную скарбонку гімназіі ўзбагацілі 103 перамогі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па 14 вучэбных прадметах (сёлетні вынік — 23 дыпломы) і 27 медалёў міжнародных алімпіяд. Што спрыяе поспеху? Сваімі развагамі і меркаваннямі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” па­дзяліліся педагогі і ўдзельніцы алімпіяды па замежнай мове.

Разам з настаўніцамі бязмежна радуючыся перамозе ў фінале рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце, іх вучаніцы ў гутарцы прызналіся: няма знака роўнасці паміж атрыманым дыпломам і дасягнутай мэтай. Удзел у алімпіядах яны ўспрымаюць хутчэй як рэсурс для дасягнення многіх мэт, адной з якіх у блізкай перспектыве з’яўляецца набыццё выбранай спецыяльнасці. Разам з тым рэсурс карысны, эфектыўны і, несумненна, варты таго, каб дасканала ім авалодаць. Характэрная дэталь: дзяўчаты пры падрыхтоўцы настолькі інтэнсіўна паглыбіліся ў вывучэнне англійскай мовы, што часам пачалі бачыць на ёй сны… Усе тры алімпіядніцы цвёрда нацэлены на паступленне ў беларускія ўніверсітэты — у чым таксама немалая заслуга педагогаў.

— Мая прафесія мне вельмі падабаецца, — расказала настаўніца англійскай мовы Настасся Зутон. — Мне цікава з дзецьмі, стараюся перадаць ім як мага больш ведаў, жыццёвага вопыту. Аднак настаўніцтва найперш засноўваецца на моцнай зваротнай сувязі: вучнёўскія ідэі, энергія натхня­юць пастаянна расці над сабой, шукаць нешта новае і ўкараняць у адукацыйны працэс, па-маладзёжнаму кажучы — быць заўсёды ў трэндзе. Калі гаварыць непасрэдна пра рэспубліканскую алімпіяду па прадмеце, то раней у маіх вучняў былі перамогі на раёне, горадзе, потым два гады запар яны бралі дыпломы на вобласці, і, нарэшце, у гэтым го­дзе скарыўся заключны этап. Папраўдзе, мы з Валерыяй Каранеўскай, якая атрымала дыплом ІІІ ступені, разлічвалі на крыху больш сціплы вынік — паспрабаваць, каб лепш падрыхтавацца, а праз год пастарацца перамагчы. Але дэбют атрымаўся ўдалы, проста акрыліў нас абедзвюх. У прыватнасці, настолькі падахвоціў маю вучаніцу, што яна літаральна тыдзень адпачыла пасля алімпіяды і не вытрымала, папрасілася: “Давайце ўжо хутчэй возьмемся за тэмы, хачу павы­сіць катэгорыю да першай”. Канечне ж, для ўсіх маіх алімпіяднікаў яе перамога — дзейсная матывацыя.

У правядзенні ўрокаў Настасся Уладзіславаўна выкарыстоўвае індывідуальны падыход. Хто з вучняў любіць пагаварыць — бу­дзе складаць дыялогі з напарнікамі, каму зручней выказаць думкі на паперы — ім прапануе напісаць эсэ, а хтосьці, напрыклад, лепш зразумее матэрыял, працуючы з заданнямі на планшэце. Потым, зразумела, ідзе абмен ведамі і тэма засвойваецца глыбей кожным навучэнцам у адпаведнасці з вучэбнай праграмай.

Пры падрыхтоўцы да ЦТ і ЦЭ (дарэчы, летась у настаўніцы быў 100-бальнік, таксама першы) важны комплексны падыход і зноў жа карпатлівая індывідуальная работа, калі колькасць інфармацыі і навыкаў планамерна перарастае ў якасць. Іншая сістэма складваецца ў педагога пры падрыхтоўцы да алімпіяд, дзе пераважае калектыўная праца. Алімпіяднікі любяць дзейнічаць у камандзе, ім цікавей сумесна спраўляцца з заданнямі, прапрацоўваючы правілы — весці гутаркі. Калі спатрэбіцца, то і мазгавы штурм арганіза­ваць, калі ­адзін выказвае ідэю, другі развівае яе ці аспрэч­вае, абгрунтоўваючы ўласны пункт гледжання. І толькі пасля абмеркавання педагог з вучнямі прымаюць пэўнае рашэнне. А высокатэхналагічная вучэбная і матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі, падтрымка кіраўніцтва дапамагаюць рэаліза­ваць усё задуманае максімальна поўна і творча.

Безумоўна, работа па кожным з напрамкаў грунтуецца на выхаваўчай базе. Патэнцыял заняткаў па замежнай мове тут надзвычай высокі — ад параўнальных аспектаў і міжпрадметных сувязей пры вывучэнні замежных рэалій і жыцця ў роднай краіне, знаёмстве з традыцыямі, гісторыяй і культурай беларускага народа ў сусветным кантэксце да канкрэтных прыватных выпадкаў. Прынамсі, не будзе вучань з захапленнем танцаваць пад завадны хіт на замежнай мове, калі ўсведамляе, што тэкст супярэчыць яго поглядам і маральным прынцыпам.     

— Гляджу на калегу і ўспамінаю першую перамогу маёй вучаніцы на рэспуб­ліканскай алімпіядзе, — развівае тэму настаўніца Ганна Міненка. — Здарылася гэта ў 2011 го­дзе — мы таксама тады ўзялі трэцюю катэгорыю. На сёння ў нашым камандным алімпіядным партфоліа дыпломы ўсіх трох ступеней. За гэты час я выбудавала пэўную сістэму работы, з’явіліся некаторыя аўтарскія фішкі. Сёлета парадавалі адразу дзве мае вучаніцы-адзінаццацікласніцы — Мілана Аўсянкіна і Марыя Швец. Мы не адзін год упарта ішлі да гэтай перамогі. Што адназначна бу­дзе агульным з калегамі ў сістэме пад­рыхтоўкі — стартавы прынцып. На пачатковых этапах алімпіядніку заўсёды патрэбны настаўнік, які накіруе, пракантралюе, скарэкціруе работу, прадаста­віць патрэбны матэрыял. У той час як дзеці, якія рыхтуюцца не адзін год, валодаюць большай самастойнасцю. З Настассяй Ула­дзіславаўнай, усімі калегамі-прадметнікамі ў нас ідзе інтэнсіўны абмен вопытам, інфармацыяй, педагагічнымі знаходкамі. У рабоце з алімпіяднікамі не тое каб мы перайшлі на брыгадны падрад, аднак у некаторых элементах блізкія да гэтага. Праца­ваць з высокаматываванымі дзецьмі для мяне задавальненне. Аднак, ведаеце, ніколькі не менш натхня­юць вучэбныя заняткі. Даць выдатны ўрок, прымяніць навацыю і ўба­чыць плён — насамрэч я ад гэтага атрымліваю асалоду. Мне імпануе тэхналогія гейміфікацыі, уключаю ў заняткі яе элементы. Зараз мы з вучнямі актыўна працуем з тэхналогіяй сусветнага кафэ. Вельмі цікавы від работы, які асабліва эфектыўна развівае вуснае маўленне і крытычнае мысленне.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара