Алімпіядная інфарматыка Васіля Кяўры

- 9:00Людзі адукацыі

Па меркаванні настаўніка інфарматыкі гімназіі № 1 Іўя Васіля Вацлававіча Кяўры, поспех педагога немагчымы без жадання і асаблівага старання вучня. Менавіта настаўнік павінен заўважыць неардынарныя здольнасці дзіцяці і першым зрабіць крок насустрач: даць зразумець вучню, што ён таленавіты і што яго здольнасці трэба развіваць. Расказаць пра магчымасці, якія перад ім адкрывае інфарматыка, падказаць мэту, да якой варта рухацца, прапанаваць крэатыўную ідэю. Але для гэтага неабходны шчырая зацікаўленасць, мэтанакіраванасць і вялізная працаздольнасць. Плюс крыху ўдачы і шанцавання. Толькі такім чынам дасягаецца перамога ў алімпіядным руху.

Як прыгадвае Васіль Вацлававіч, у школе яму вельмі пашанцавала з мудрымі педагогамі: настаўніцай матэматыкі Ларысай Ула­дзіміраўнай Роўскай і настаўнікам інфарматыкі Тадэвушам Вітольдавічам Макоўскім. Яны сыгралі значную ролю ў выбары юнаком з матэматычнымі здольнасцямі педагагічнай прафесіі. Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка малады настаўнік вярнуўся ў сваю родную Іўеўскую сярэднюю школу. А дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Першыя крокі ў прафесіі даваліся дастаткова лёгка. Тым больш што пад сваю апеку Васіля Вацлававіча ўзяла дырэктар школы Тамара Пятроўна Соя і яго былы класны кіраўнік Рэгіна Браніславаўна Куніца, якія дапамагалі ва ўсім і словам, і справай. У тонкасці алімпіяднай інфарматыкі дапамог унікнуць Т.В.Макоўскі, які на той час рыхтаваў дзяцей да алімпіяд.

— Мая асноўная мэта — навучыць дзяцей вучыцца і выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, бо яны займаюць у нашым жыцці ўсё большае месца. Няхай не ўсе з маіх выхаванцаў стануць праграмістамі, аднак важна каб яны сталі шчырымі, сумленнымі, адказнымі людзьмі, сталі творцамі свайго лёсу, спадзяваліся не на сяброў, бацькоў ці яшчэ каго-небудзь, а менавіта на сябе, — лічыць В.В.Кяўра.

Педагог разумее, што, калі настаўнік будзе толькі рэтранслятарам ведаў, ён будзе нецікавым сваім навучэнцам. Работу з дзецьмі Васіль Вацлававіч будуе так, каб ім самім хацелася думаць, шукаць, знаходзіць. Ён пастаянна прыдумляе, як захапіць дзяцей і пры гэтым даць навыкі, блізкія да надзённых патрэб рэальнага жыцця. Шмат увагі ўдзяляе лагічнаму мысленню, супастаўленню даных, праверцы інфармацыі, пошуку і самастойнаму прыняццю ўзважаных рашэнняў.

Па меркаванні В.В.Кяўры, вучні з цікавасцю прыходзяць на ўрокі ў 6 клас, калі пачынаецца школьны курс інфарматыкі. Тут кожны са школьнікаў можа праявіць сябе, кожны ў чымсьці таленавіты: у адных атрымліваецца маляваць, і таму яны добра спраўляюцца з камп’ютарнай графікай, другім падабаецца ствараць сайты, трэція добра разбіраюцца ў камплектуючых камп’ютара, а чацвёртыя маюць матэматычныя здольнасці і любяць займацца праграмаваннем. І да кожнага педагогу трэба знайсці падыход. Адным словам, сумаваць не даводзіцца. На дапамогу прыходзяць праблемнае навучанне, тэхналогія рознаўзроўневай дыферэнцыяцыі, праектнае навучанне і інш.

Эрудыцыя педагога, спалучэнне мэтанакіраванасці з высокай патрабавальнасцю садзейніча­юць трываламу засваенню навучэнцамі ведаў па вучэбным прадмеце. Сярэдні бал па інфарматыцы ў 2018/2019 навучальным годзе — 8,07, летась — 8,19. Агульная колькасць вучняў, якія займаюцца на высокім і дастатковым узроўні, за апошнія тры гады склала 75%.

— Іўе — невялікі гарадок, і ўсе дзеці навідавоку. Калі праходзяць алімпіяды для пачаткоўцаў, я гля­джу, як вучні 3—4 класаў выступа­юць па матэматыцы, у каго з іх ёсць здольнасці, неардынарнае мысленне і жаданне паглыбіць свае веды. І потым запрашаю да сябе на факультатыўныя заняткі (у гімназіі, школе і на міжшкольны факультатыў, які наведваюць вучні з раёна), — расказвае настаўнік. — Летась спецыяльна ўзяў гадзіны матэматыкі ў 5 класе, каб бачыць, у каго ёсць здольнасці. Некаторыя вучні прыходзяць самі — я нікому не адмаўляю. Аднак з цягам часу тыя, хто не цягне, у каго прападае цікавасць, самі адсейваюцца.

Асаблівую ўвагу Васіль Вацлававіч удзяляе індывідуальнай рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі. Алімпіядны сезон пачынаецца з верасня і доўжыцца да канца мая. Праўда, і на летніх канікулах зацікаўленыя школьнікі не разнявольваюцца, а працягваюць працаваць у інтэлектуальным лагеры і самастойна. На факультатыўных занятках дзвюх узроставых груп — 5—8 класы, 9—11 класы (а яны праходзяць два разы на тыдзень па некалькі гадзін) — педагог знаёміць вучняў з тэорыяй, праводзіцца падрабязны разбор задач, а потым дзецям прапаноўваецца патрэніравацца ў рашэнні задач на розных анлайн-пляцоўках, у тым ліку і распрацаваных настаўнікам. Кожны вучань у сваім індывідуальным тэмпе рашае гэтыя задачы. У залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці напачатку адзін школьнік можа рашыць толькі дзясятак задач, а іншы — чатыры дзясяткі. Як правіла, з цягам часу вынікі выраўноўваюцца. Яшчэ адзін складнік работы — удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах па спартыўным праграмаванні рознага ўзроўню: Адкрытым чэмпіянаце Мінска па праграмаванні сярод школьнікаў (10—11 класы), Усерасійскай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу, у этапах рэспубліканскай алімпіяды, каманднай алімпіядзе ФПМІ БДУ і алімпіядзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па праграмаванні. Гэтыя алімпіяды даюць магчымасць сябе паказаць, на іншых паглядзець. І яшчэ адзін складнік пад­рыхтоўкі — індывідуальная самастойная работа дома. Пры ўзнікненні цяжкасцей вучні звяртаюцца да педагога, які заўсёды з імі на сувязі.

Створаная настаўнікам сістэма работы дае станоўчыя вынікі. Штогод яго вучні становяцца пераможцамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, абласной алімпіяды сярод вучняў сярэдняга звяна. Выхаванец педагога Аляксей Вісцяж двойчы перамагаў на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы. З 2010 года ў скарбонцы Васіля Вацлававіча больш за 30 дыпломаў, заваяваных вучнямі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, 5 — на заключным. Вось і сёлета на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды ўсе пяць прадстаўнікоў раёна заваявалі дыпломы: дзесяцікласнік гімназіі № 1 Іўя Рынат Байтасаў — І ступені, дзевяцікласнікі гімназіі Ілья Маліноўскі і Міхаіл Мікулка, вучань 9 класа Іўеўскай сярэдняй школы Арцём Шавела — дыпломы ІІ ступені, у навучэнца гімназіі № 1 Іўя Эльдара Байтасава — дыплом ІІІ ступені. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Рынат Байтасаў удастоены дыплома ІІІ ступені.

Адказны, мэтанакіраваны, па­трабавальны да сябе, Васіль Вацлававіч самакрытычна аналізуе дасягнутыя поспехі ў рабоце. Разумее і падтрымлівае ідэі і творчыя задумы калег, калектыву, прымае актыўны ўдзел у іх рэалізацыі. Ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод вучняў, бацькоў, калег і педагагічнай грамадскасці раёна. Педагог двойчы адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як настаўнік, які ўнёс асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў. У 2015 годзе ён атрымаў ганаровае званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. А сёлета В.В.Кяўра за сваю работу ўдастоены нагруднага знака Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Нягледзячы на тое, што сёння ў спартыўным праграмаванні складваецца дастаткова сур’ёзная канкурэнцыя, педагог верыць у новыя перамогі, у сваіх вучняў, у іх сілы і розум. І працягвае сваю работу.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.