Аляксандр Бахановіч: у прафарыентацыйную работу са школьнікамі трэба актыўней уключаць заказчыкаў кадраў

- 10:20Актуально, Образование

Развіццё і ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна, рабочых кадраў абмеркавалі ў Віцебску. Пляцоўкай для правядзення нарады стаў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На парадак дня былі вынесены пытанні карэкціроўкі дарожнай карты ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з прамысловымі прадпрыемствамі, аналізу патрэбы вобласці ў спецыя­лістах і рабочых, іх пад­рыхтоўкі. Як падкрэсліў    старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, сёння выраз “кадры вырашаюць усё” гучыць як ніколі актуальна. Кіраўнік рэгіёна вылучыў тры ключавыя моманты ў забеспячэнні кваліфікаванымі працоўнымі рэсурсамі: прыцягненне абітурыентаў на запатрабаваныя ў эканоміцы спецыяльнасці і павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, якасць прафесійнай адукацыі, замацаванне кадраў на месцах. Менавіта таму на нараду запрасілі тых, хто рыхтуе спецыялістаў, для каго іх вучаць і хто рэгулюе гэтыя пытанні, каб разам прыняць узважаныя комплексныя рашэнні.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома праінфармаваў, што на сёння ў рэгіёне працуюць 36 устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, уключаючы 23 падведамасныя галоўнаму ўпраўленню. За апошні час ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў па іх непасрэдных запытах адкрыты шэраг новых спецыяльнас­цей і кваліфікацый; створаны і развіваюцца 7 цэнтраў кампетэнцый. У вобласці штогод павялічваецца колькасць заключаных дагавораў мэтавай падрыхтоўкі. Паслядоўна выконваецца задача па забеспячэнні кожнага выпускніка першым рабочым месцам: за апошнія 5 гадоў няма выпадкаў прадастаўлення даведак аб самастойным працаўладкаванні. Разам з тым Дзмітрый Леанідавіч звярнуў увагу на складанасці працаўладкавання выпускнікоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і заклікаў наймальнікаў да больш цеснага ўзаемадзеяння, каб ра­зам вырашыць праблему. У цэлым удалося стабілізаваць кантынгент навучэнцаў каледжаў: амаль 15,6 тысячы чалавек. Колькасць выпускнікоў 9-х класаў, хто працягвае навучанне ў сістэме прафадукацыі, вырасла да 50 працэнтаў (па рэспубліцы — каля 40 працэнтаў).

У Беларусі створаны аптымальныя ўмовы, у тым ліку заканадаўчыя і нарматыўныя, каб у поўнай меры развіваць нашу прафесійную адукацыю на ўсіх узроўнях.

Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін правёў для ўдзельнікаў нарады экскурсію па цэнтры кампетэнцый, класах, лабараторыях і майстэрнях установы, азнаёміў з матэрыяльна-тэхнічнай базай, спецыфікай адукацыйнага працэсу, магчымасцямі карыснага адпачынку для навучэнцаў і педагогаў.

— Мы бачым, што сістэма прафесійнай адукацыі Віцебскай вобласці дынамічна развіваецца, — выказаў меркаванне першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бахановіч. — Добры прыклад каледжа, дзе мы сёння прысутнічаем, паказвае, як правільна арганізаваць вучэбны працэс, творчае і спартыўнае жыццё навучэнцаў. Нам вельмі важна абмяняцца меркаваннямі з заказчыкамі кадраў, зверыць гадзіннікі, паглядзець, якія напрамкі падрыхтоўкі прыярытэтныя. У Беларусі створаны аптымальныя ўмовы, у тым ліку заканадаўчыя і нарматыўныя, каб у поўнай меры разві­ваць нашу прафесійную адука­цыю на ўсіх узроўнях. Найперш хачу сказаць аб пашырэнні мэтавай падрыхтоўкі: практычна любое прадпрыемства можа заказваць сабе кадры, вызначана ўнікальная траек­торыя для паступлення мэтавікаў ва ўстановы адукацыі і іх далейшага суправаджэння. Неабходна, каб выдзеленыя для іх месцы былі запоўнены абітурыентамі, нацэленымі працаваць па выбранай спецыяльнасці, прафесіі на канкрэтных вытворчасцях.

Асобны акцэнт Аляксандр Генадзьевіч зрабіў на прафарыентацыі. На яго думку, трэба ўзмацніць раннюю прафарыентацыйную работу са школьнікамі, актыўней уключаць у яе заказчыкаў кадраў. Міністэрства адукацыі, у сваю чаргу, адкрыта для канструктыўных ініцыятыў і садзейнічання ў рэалізацыі пастаўленых задач.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара