Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Аб’яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа”

- 10:43Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, “Беларускі спартыўны Алімп”. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Палацы Рэспублікі.

Штогод адзначаць заслугі людзей, жыццё і работа якіх служаць высокім мэтам, — стала ў Беларусі добрай традыцыяй, якой няма аналагаў у свеце. Нядзіўна, што зарадзілася яна менавіта тут, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Нам з вамі дасталася вялікая духоўная спадчына, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яна — у прыкладзе праведнага жыцця беларускіх святых, у вялікіх творах народжаных на нашай зямлі паэтаў, мастакоў, музыкантаў, дойлідаў. Яна — у духоўным подзвігу народа, які збярог веру, захаваў любоў да Радзімы, павагу да сваёй гісторыі, культуры, нягледзячы на неймаверныя выпрабаванні грозных ваенных часоў і сацыяльныя ўзрушэнні”.

Прэзідэнт канстатаваў, што сёння ў свеце таксама неспакойна. Ідзе нябачная барацьба ў тым ліку за душу чалавека, з розных бакоў атакуюцца хрысціянскія асновы маралі, разбураюцца традыцыйныя сямейныя ўстоі. “Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку мяняюцца светапогляд і спосаб жыцця людзей. Усё больш з’яўляецца спакус, усё цяжэй берагчы сэрцы ад цёмных думак і эмоцый. У пагоні за матэрыяльнымі дабротамі і знешняй мішурой людзі страчваюць сапраўдную прыгажосць — унутранае святло добрых пачуццяў і высакародных учынкаў, якімі так славіўся і славіцца наш народ, усё наша славянства”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тэлебачанне дзеля рэйтынгаў прывучае гледача да негатыўных навін, скандальных ток-шоу. Сацыяльныя сеткі пазбаўляюць жывых зносін, а камп’ютарныя гульні падмяняюць рэальнае жыццё віртуальнай рэчаіснасцю.

“Гэта толькі малая частка тых выклікаў, з якімі сутыкаецца сёння грамадства. І такія рэаліі паволі, але метадычна разбураюць сістэму сталых традыцыйных маральных каштоўнасцей. Цяпер вельмі важна не ўпусціць час, не страціць нашу духоўную сутнасць. Першарадная роля ў гэтым, безумоўна, належыць культуры, мастацтву, рэлігіі. Іх уплыў на свядомасць чалавека вельмі вялікі. Менавіта гэтыя сферы фарміруюць тыя вобразы і ідэалы, на якія многія арыентуюцца і прымаюць як эталон. Таму дзеячы культуры і мастацтва, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, духавенства, педагогі і ўсе, каму неабыякава, якім будзе свет, павінны аб’яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходны духоўны імунітэт супраць амаральнасці, пошласці і дрэннага густу, каб культура і мастацтва заўсёды былі крыніцай энергіі і жыццеўстойлівасці для людзей. “Мы помнім і шануем багатую спадчыну былых пакаленняў. Нязгаснае святло іх высакародных пачуццяў і сёння паказвае нам шлях, напаўняе жыццё глыбокім сэнсам. А сучаснікі павінны надаць ёй больш сілы і яркасці, каб нашы дзеці і ўнукі маглі падхапіць эстафету часоў і перадаць яе далей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для гэтага мы павінны паказаць сваім прыкладам, наколькі важна шанаваць, паважаць і быць удзячнымі людзям, якія прадаўжаюць вялікую справу захавання і стварэння духоўнай спадчыны Беларусі. Нам ні ў якім разе нельга ў гэтым жыцці спыніцца і нічога ў гэты перыяд не пакінуць за сабой для тых, хто прыйдзе пасля нас”.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што галоўныя героі ўрачыстасці робяць свет лепшым і больш светлым. Сваёй актыўнай дзейнасцю яны ствараюць вакол сябе атмасферу дабра і міласэрнасці. “Адраджаюць старажытныя традыцыі беларускіх майстроў, абуджаюць цікавасць да гістарычных дасягненняў нашых продкаў. Адстойваюць сямейныя каштоўнасці, развіваюць дабрачыннасць, выхоўваюць пачуццё патрыятызму ў людзей. Сваім талентам нашы людзі, якія будуць тут (гэта толькі некалькі чалавек), прывіваюць шчырую любоў да высокага мастацтва. Падымаючыся на спартыўны Алімп, праслаўляюць краіну на сусветным узроўні, абуджаюць у сэрцах пачуццё гордасці за свой народ і сваю Радзіму”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў удзячнасць усім удзельнікам навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

“Вы паглядзіце: пачынаючы з каталіцкага Нараджэння Хрыстовага і заканчваючы Старым Новым годам — літаральна ўсе, ад прадпрымальнікаў да дзяржаўных служачых і ваенных, у дзяцей і ўчора, і сёння, і заўтра. Гэта цудоўна, так павінна быць. Хацелася б, каб не толькі адзін перыяд у гэтым жыцці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я дзякую ўсім, тысячам і тысячам людзей, хто адгукнуўся на гэтую акцыю і пабываў у дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсіх удзельнікаў акцыі не ўзнагародзіш і не выведзеш на сцэну — тых, хто адгукнуўся на заклік прэзідэнта і паехаў у калядныя і навагоднія святы да дзяцей, вельмі многа. “Вы не ўяўляеце, калі вы гэтага не бачылі, як свецяцца радасцю вочы дзіцяці, яно на ўсё жыццё запомніць, што да яго прыйшлі, яго павіншавалі. Яно разумее, што патрэбна гэтай дзяржаве”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Нагадаем, што па выніках 2017 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды — ГА “Беларускі саюз жанчын”, калектывы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, настаяцель прыхода храма Прападобнай Ефрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці протаіерэй Віктар Перагудаў, муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч.

Таксама па выніках 2017 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Іх удастоены дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў сферы інфармацыі, гісторыка-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі.

Спецыяльнымі прэміямі адзначаны аўтарскія калектывы галоўнай дырэкцыі Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Узнагароды ўдастоены намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Егарэйчанка, калектывы выдавецкага цэнтра “Марка” РУП “Белпошта” і Акцябрскага раённага дома рамёстваў, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі”.

Адзначаны спецпрэміяй калектывы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, “Мінскканцэрта”, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастак Валерый Славук.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.