Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларускі народ верыць у вас, разлічвае на вашу адказнасць і высокі прафесіяналізм”

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

У свеце назіраецца пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў на шкоду бяспецы іншых краін. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу ў час цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу ў Палацы Незалежнасці.

“На жаль, як я ўжо не раз адзначаў, новы век не прынёс чалавецтву пазбаўлення ад войнаў. У арсенале міжнародных адносін адным з інструментаў знешняй палітыкі па-ранейшаму застаецца ўзброеная агрэсія. Назіраецца пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў на шкоду бяспецы іншых краін”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтых няпростых умовах Беларусь паслядоўна праводзіць міралюбівую палітыку. Рэалізуе меры, якія даюць магчымасць захаваць мір не толькі ў рэгіёне.

“Наша краіна прапанавала сусветнай супольнасці знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ляжаць ідэі зніжэння напружанасці і ўмацавання мер даверу ў рэгіёне. Быццам бы нас чуюць, але дзеянняў пакуль не робяць. Зразумела чаму”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларусы, як ніякая іншая нацыя, цэняць мір, бяспеку і незалежнасць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. “Гэтыя найважнейшыя дасягненні нашага народа маюць патрэбу, вядома, у надзейнай абароне”, — дадаў ён.

У час цырымоніі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку праведзенаму ў гонар Дня Незалежнасці параду.

“Упэўнены, што амаль усе тут прысутныя ўдзельнічалі ў нашым парадзе. Павінен заўважыць, што гэта быў лепшы парад па сваёй падрыхтоўцы за ўсе гады майго прэзідэнцтва, ды і наогул суверэннай і незалежнай Беларусі, — зладжаны, дынамічны, прыгожы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні парада. “Вельмі хацелася, каб мы гэтак жа дакладна, адназначна і ўпэўнена неслі ваенную службу”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-маёраў шэрагу кіраўнікоў сістэмы Міністэрства абароны і міліцыі.

У Палацы Незалежнасці ўшаноўвалі і выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў — факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, Інстытута нацыянальнай бяспекі, а таксама некаторых ваенных ВНУ Расіі. За выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку лепшым ваеннаслужачым аб’яўлена Падзяка прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў афіцэраў з паспяховым заканчэннем вучобы і з прысваеннем генеральскіх званняў. “Абарона Радзімы — гэта нялёгкая, але высакародная праца. Беларускі народ верыць у вас, разлічвае на вашу адказнасць і высокі прафесіяналізм. Вы павінны апраўдаць гэты давер і дастойна выканаць ускладзеныя задачы на вашым наступным службовым этапе”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вырашальную ролю ў павышэнні баяздольнасці Узброеных Сіл адыгрываюць ваенныя кадры, заўважыў прэзідэнт. Гэта людзі, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё абароне Айчыны. Ім трэба будзе вырашаць складаныя і адказныя задачы па забеспячэнні найвышэйшай вывучкі і зладжанасці органаў кіравання і войскаў, навучаць падначаленых сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы.

“Асаблівую ўвагу звярніце, калі ласка, на ўмацаванне воінскай дысцыпліны, выхаванне ў ваеннаслужачых пільнасці і пачуцця ўзаемавыручкі. Менавіта вы павінны служыць прыкладам для падначаленых. Помніце, што ва ўсе часы афіцэры былі людзьмі абавязку, гонару і ўзорам дысцыплінаванасці”, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ваеннаслужачых.

Паводле яго слоў, найважнейшай задачай органаў унутраных спраў застаецца надзейная абарона асобы, грамадства і дзяржавы ад любых злачынных замахаў.

Выпускнікі ВНУ сістэмы МНС асноўныя намаганні павінны сканцэнтраваць на папярэджанні надзвычайных сітуацый. “Асаблівую ўвагу нам трэба звярнуць на безаварыйную эксплуатацыю атамнай электрастанцыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ад супрацоўнікаў спецслужбаў прэзідэнт патрабуе забяспечыць недапушчэнне праяўленняў тэрарызму і экстрэмізму, распальвання нацыянальнай, рэлігійнай, сацыяльнай варожасці.

“Няпростая міжнародная абстаноўка, звязаная з небяспекай тэрарыстычных атак, наркатрафікам, незаконнай міграцыяй, патрабуе падтрымання на высокім узроўні баявой гатоўнасці органаў пагранічнай службы”, — падкрэсліў беларускі лідар.