Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Без міліцыі мы не зможам забяспечыць стабільнасць у нашай дзяржаве”

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Жадаючых падарваць беларускую дзяржаву знутры не змяншаецца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

“Мы з вамі некалі дамаўляліся, што, увайшоўшы ў курс справы, вы даложыце аб сітуацыі і скажаце, што неабходна. Думаю, вы ўжо, аналізуючы вынікі мінулага года, можаце зрабіць адпаведныя высновы і сказаць, што нам яшчэ трэба зрабіць у органах унутраных спраў, каб міліцыя працавала больш эфектыўна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што недахопаў хапае ва ўсіх органах улады, у тым ліку ў міліцыі. “Але без міліцыі нікуды, таму ўчастковы з людзьмі, ды і міністр сёння не адарваныя ад грамадства. Без міліцыі мы не зможам забяспечыць стабільнасць у нашай дзяржаве”, — упэўнены прэзідэнт.

Паводле яго слоў, справа нават не ў нейкіх палітычных кампаніях: у краіне іх право­дзілі не раз, таму правядуць спакойна і ў гэты раз. “Нам трэба глядзець далей — каб у нас было стабільнае грамадства. Трэба вуха трымаць востра: жадаючых падарваць нас знутры не змяншаецца. На жаль, большасць з тых, хто выказвае такія жаданні, гэта так званыя нашы грама­дзяне. Іх нават цяжка грамадзянамі назваць. У іх усё дрэнна, ім у нечым падчапіць бы ўладу і раз’яднаць грамадства, зрабіць горш. Яны выкарыстоўваюць любы момант. Я чытаю іх розныя заявы не толькі ў інтэрнэце, але і ў так званых сродках масавай інфармацыі, — заў­важыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму міліцыі я асабіста адводжу вельмі вялікае месца ў забеспячэнні стабільнасці ў нашым грамадстве”.

У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка расказаў, што збіраўся прыняць з дакладам Юрыя Караева раней, але “гучала, што міністр унутраных спраў западозраны ў каранавірусе”. “Аказваецца, жывы і здаровы, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не да таго, што тут некаторыя папісваюць ужо: “Прэзідэнт заявіў, што мы перамаглі каранавірус”. Ні ў якім разе. Я проста не прыхільнік паддавацца паніцы. І самае галоўнае, каб мы вельмі адказна ставіліся да гэтых рэчаў”.

Юрый Караеў растлумачыў, што яго сын прыляцеў з Кітая якраз у той дзень, калі ў краіне аб’явілі аб распаўсюджванні каранавіруса. “Ён вучыцца ў ваенным універсітэце, вывучае кітайскую мову па міжнароднай праграме. І, зразумела, я таксама насцярожыўся. Але нічога, ужо больш за месяц тут. Вярнуцца назад пакуль не можа”, — расказаў міністр.

“Кітайцы малайцы, яны самыя эфектыўныя. Зыходзячы з іх вопыту, мы заўважылі, што асцерагацца трэба людзям са слабым імунітэтам і старым людзям, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вось старым я параіў бы менш перамяшчацца, таму што любы вірус для чалавека з аслабленым імунітэтам небяспечны, тым больш незнаёмы”.

Прэзідэнт адзначыў, што не проста так закрануў тэму каранавіруса. Паколькі змагацца з распаўсюджваннем гэтага захворвання дапаможа і міліцыя. “Без міліцыі мы ніяк. Але не трэба нікога хапаць, не трэба нікога напружваць. Проста трэба раіць людзям, асабліва ста рым, дзесьці дапамагчы, падказаць. Калі некаму трэба, хлеба і малака ў магазіне набыць і аднесці. Лепш няхай яны пабудуць дома”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён згадаў аб першым выпадку выяўлення каранавіруса ў Беларусі: інфекцыя была выяўлена ў іранскага студэнта. З часам малады чалавек быў вылечаны. “Дзякуй богу, жывы і здаровы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Гэтая зараза заўсёды ў нас вясной, няхай не такая, а іншая. Не разваліўшы ахову здароўя з савецкіх часоў, нам удаецца процістаяць гэтаму. Але ні ў якім разе расслабляцца нельга, — падкрэсліў прэзідэнт. — Паніка толькі пагаршае сітуацыю”.

На думку кіраўніка дзяржавы, беларускія медыкі паспяхова процістаяць распаўсюджванню інфекцыі і ў першую чаргу за кошт таго, што своечасова прынялі неабходныя меры. “Мы працуем пры самым малым падазрэнні. Калі чалавек недзе быў, мы яго правяраем і ўсіх, з кім ён быў у кантакце апошнім часам. Гэта тое, што не рабілася ў Італіі. Італія не працавала на першым-другім узроўні. Толькі калі чалавек захварэў, калі цяжкія клінічныя праяўленні, тады яго пачыналі лячыць. Вядома, адсюль больш смярцей”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы нічога не ўтойваем, каб не было панікі. Але людзей папярэджваем: будзьце акуратнымі. Пры першай жа насцярожанасці адносна сябе застанься дома, не хадзі па вуліцы і не рызыкуй не толькі сабой, але і іншымі. Вось галоўны метад барацьбы з гэтай заразай”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што ў краіне захоўваецца тэндэнцыя па зніжэнні ўзроўню злачыннасці.

“У цэлым прадаўжаецца тэндэнцыя зніжэння злачыннасці. Менш стала цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, а самае галоўнае — менш грамадзян загінула і паранена ў выніку крымінальных дзеянняў. Гэта асноўныя станоўчыя тэндэнцыі”, — падкрэсліў міністр.

Паводле даных МУС за мінулы год, у структуры злачыннасці пераважалі менш цяжкія (67,6 працэнта) і крымінальна каральныя дзеянні, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (амаль 21 працэнт). Знізіўся ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці (мінус 5,2 працэнта да 2018 года). У выніку крымінальных дзеянняў загінулі 746 чалавек (у 2018 годзе — 790), паранены 214 (221).

Разам з тым міністр звярнуў увагу на рост злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення (на 12,6 працэнта ў параўнанні з 2018 годам), павелічэнне колькасці крадзяжоў і хуліганскіх дзеянняў у грамадскіх месцах.

Што тычыцца маладзёжнага, падлеткавага асяроддзя, то ў цэлым колькасць злачынстваў зніжаецца, за выключэннем адной сферы — незаконнага абароту наркотыкаў. Уцягненне ў гэта моладзі стала адной з прычын негатыўнай дынамікі падлеткавай злачыннасці (плюс 5 працэнтаў да ўзроўню 2018 года). У дзяржаве мяняецца падыход да пакарання асоб, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў — змякчаецца пакаранне для тых, хто хворы, з’яўляецца нарказалежным, і адначасова ўзмацняецца для тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, арганізуе іх збыт.